Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вацлаў Гавэл у камэнтарах


Развагі і меркаваньні грамадзкага рэдактара тыдня Вацлава Гавэла камэнтуюць беларускія палітыкі, навукоўцы і грамадзкія дзеячы.


Гавэл: “Дзе няма свабодных грамадзянаў – там паступова чэзьне і эканоміка”. Вацлаў Гавэл прапануе свой погляд на тое, што першаснае: быцьцё ці сьвядомасьць.

Алесь Анціпенка: Чалавек робіцца рэччу

Алесь Анціпенка
Не магу не пагадзіцца з развагамі шаноўнага спадара Гавэла, бо ён вызначае, можа быць, адну з самых вялікіх болевых кропак сучаснага сьвету.

Яшчэ ў 50-я гады мінулага стагодзьдзя нямецкі філёзаф Карл Ясперс адзначыў, што нашыя грамадзтва і час уваходзяць у эпоху прымітывізму. Што чалавек робіцца павярхоўным і павярхоўнымі ж рэчамі жыве.

І Ясперс не памыліўся: чалавецтва ўвайшло ў грамадзтва спажываньня. Дзе сапраўды матэрыяльныя аб’екты і задавальненьні робяцца паўсядзённай справай чалавека. І ўрэшце рэшт чалавек губляе сябе ў рэчах. Ён губляе сябе ў нейкіх памкненьнях мець гэтыя рэчы.

І менавіта гэтыя памкненьні мець рэчы, а ўрэшце і быць рэччу, якраз і няволяць чалавека.

У гэтым сэнсе Гавэл таксама вельмі слушна пры канцы адзначае, што ў сапраўднасьці мерай чалавека ёсьць ня ён сам, а – тая свабода і той свабодны розум, які чалавек мае і культывуе ў самім сабе.

***

В.Гавэл: Небясьпечна, калі б нешта магло “запахнуць” як экспарт нашай сыстэмы. Напярэдадні першага візыту ў Прагу прэзыдэнта ЗША Барака Абамы наша Радыё папрасіла спадара Гаўла згадаць і яго папярэдніка. Джордж Буш заканчваў свой тэрмін пад усё больш чутную крытыку. Гэта нейкім чынам спрычынілася і да таго, што бушаўская ідэя “прасоўваньня дэмакратыі” ня вельмі папулярная цяпер. Што наконт гэтага думае Вацлаў Гавэл і якая яго парада новай адміністрацыі ЗША?

Пётра Садоўскі: Шанцаў дабудаваць нацыянальную ідэнтычнасьць, застацца нацыяй у нас больш на захадзе

Навуковец, дэпутат нацыянальнага парлямэнту, дыплямат Пётра Садоўскі:

Пётра Садоўскі
– Дзе праходзяць межы Эўропы ці кажучы сучаснай паліталягічнай мовай Эўрапейскага Зьвязу, – гэтае пытаньне пачалі ставіць яшчэ недзе ў ваяемнаццатым-дзевятнаццатым стагодзьдзях. Напрыклад, у вельмі вядомай да рэвалюцыі працы Карамзіна "Записки русского путешественника". Ды й шмат эўрапейцаў-падарожнікаў шукалі адпаведны адказ.

Натуральна, я далучаюся да Вацлава Гавэла – Беларусь гістарычна адносіцца да Эўропы. Межы ЭЗ мусяць праходзіць па мяжы, дзе некалі гістарычна спыніўся распаўсюд Магдэбурскага права, дзе была гарызантальная структура ўлады, а не пірамідальная, візантыйская.

І гэта пры тым, што ад тае пары ў нас, беларусаў, засталіся ну хіба што адныя веды.

Канечне, мы маем небясьпеку заўсёды заўсёды балянсаваць, быць на раздарожжы, зьведваць уплывы і тыя, і тыя…

Але каб захавацца, калі мы хочам дабудаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасьць і застацца нацыяй, то, натуральна, шанцаў болей на захадзе. Бо там шмат малых народаў і пакуль яны з большага кажучы – як роўныя сярод родных існуюць.

Хаця, канечне, сярод іх ёсьць і эўраскептыкі. Прычым небеспадстаўныя. Але гэта ўжо тэма для іншай размовы.

***

В.Гавэл: Ад Свабоды вучыліся незалежнай журналістыцы. Вацлаў Гавэл расказвае пра тое, як даўно ён супрацоўнічае з Радыё Свабода і чаму лічыць яго місію такой важнай.

Вось як зрэагаваў на гэтыя развагі Вацлава Гавэла адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Свабоднага тэатру, драматург Мікалай Халезін:

Мікалай Халезін
– Бушаўская канцэпцыя распаўсюджваньня дэмакратыі была, на мой погляд, вельмі памылковай. Там вельмі шмат недапрацовак. Гэта была нейкая лавіна не адпрацаваных як сьлед мадэляў, якія распаўсюджваліся па сьвеце, хоць іх патрабавалася дарабляць. З улікам мясцовай калярыстыкі, якая існуе ў сьвеце.

Сёньня да гэтага пытаньня трэба падыходзіць па-іншаму. У прыватнасьці, працаваць з улікам вядомага нам гістарычнага мінулага. Былі лепшыя ўзоры салідарнасьці ў сьвеце, якія менавіта сёньня мусяць атрымаць нейкае новае гучаньне. Я кажу пра польскую, чэскую салідарнасьць – ды яны не адзіныя прыклады посьпеху.

Аднак палітыкі амаль што заўсёды нацэленыя на вынік вельмі хуткі. А ён у цяперашніх умовах часьцяком абарочваецца тым, што чалавек бярэ ў рукі зброю.

Таму нашая задача – даць новае гучаньне гэтай салідарнасьці.

Беларусь у гэтым выпадку ёсьць новы выклік Эўропе. Аднак ці можа яна прадэманстраваць сёньня тую салідарнасьць, якую дэманстравала некалі ў сваім гістарычным мінулым?

Аднак вельмі мала палітыкаў, якія сапраўды кіруюцца ідэаламі салідарнасьці. Затое хапае ўзброеных “real politik”, яны існуюць у іншым полі – там прапануецца нават цынізм і такі наскрозь прагматычны погляд на сучаснасьць, дзе зусім няма рамантычнага ці нават ідэалістычнага адценьня.

***

В.Гавэл: “Было б добра, каб скончылася дыктатура ў Беларусі”. Адказы Вацлава Гаўла на пытаньні журналіста Яна Покарнага адносна геапалітычных стасункаў.

Вось як пракамэнтаваў гэтае інтэрвію Вацлава Гавэла адзін зь лідэраў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька:

Анатоль Лябедзька
– Калі праецыраваць на беларускую зямлю, то на сёньня трэба гаварыць пра стварэньне Эўраатлянтычнай кааліцыі па беларускай праблематыцы. Менавіта вось гэтым апошнім часам я і займаўся разам са сваімі калегамі ў Страсбуры і ў Брусэлі.

Мы памятаем часы, калі ў Менск прыяжджала дэлегацыя ў складзе прадстаўнікоў Дзярждэпартамэнту ЗША і Эўрапейскай камісіі: яны гаварылі зь беларускімі ўладамі адной мовай. І зараз, калі сытуацыя па Беларусі вельмі хісткая, вагаецца паміж эўрапейскімі каштоўнасьцямі маральна-палітычнага кшталту і прагматызмам, тут патрэбна кааліцыя, якая б грунтавалася на першым, а не на другім.

І таму нам усё роўна ад каго будзе сыходзіць ініцыятыва: ад Абамы ці ад новых камісараў Эўразьвязу. Для нас самае галоўнае, каб беларускае пытаньне было вырашанае на карысьць 10 мільёнаў беларусаў.

Дэмакратыя і сувэрэнітэт – вось што найгалоўнае для нас. Гэта як правая і левая нага: нешта адрэж – і будзе інвалід…

І толькі потым мы можам размаўляць пра нашае ўваходжаньне ў тыя ці іншыя структуры6 палітычныя, эканамічныя ці структуры бясьпекі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG