Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні стане камяніцай меней


Дом на Калючынскай, 23
Дом на Калючынскай, 23

У Горадні гарадзкія ўлады прынялі рашэньне разбурыць буйны трохпавярховы дом сярод гістарычнай забудовы. На яго месцы будзе аўтамабільная паркоўка. Ці ня стане плянаваная рэканструкцыя ахвярай крызісу?

Вадзім Гліньнік зь Менску — навуковы кіраўнік аб’екту. Аднак пра тое, што ёсьць рашэньне гарадзкіх уладаў зруйнаваць дом 23 на вул. Калючынскай, пабудаваны ў канцы ХІХ стагодзьдзя, ён ня ведаў. Спадар Гліньнік патлумачыў наступнае:

“Мы зрабілі праектную прапанову па комплекснай рэгенэрацыі гістарычнага характару квартала. Было зроблена дасьледаваньне гэтых дамоў, і высьветлілася, што дом 23 — у перадаварыйным стане, бачна касая расколіна па галоўным фасадзе, і яго нельга захаваць. Максымум — можна было б разабраць і скласьці наноў. Канечне, тут вельмі асьцярожна трэба падыходзіць да разбурэньняў”.

Тым жа часам Вадзім Гліньнік выказвае такую думку:

“Мяркую як прафэсіянал, які разумее лёгіку падзеяў, што хутчэй гэтая разборка будзе зроблена, чымсьці не. Бо сапраўды я сам бачыў гэтыя расколіны. Каб гэта быў Нясьвіскі замак, тады б мы маглі прапанаваць вельмі дарагія тэхналёгіі па ўмацаваньні сьценаў. Але тут эканоміка не дазволіць. Я думаю, кошт умацаваньня будзе намнога большы, чым прыбытак, які потым атрымаюць тыя, хто ўкладзе грошы”.

Навуковы кіраўнік аб’екту зазначае: калі проста зруйнуюць дом — кепска, але калі адновяць зьнішчаныя раней камяніцы па пэрымэтры кварталу — гэта будзе плюс. Без кампрамісаў у такіх справах не бывае нават за мяжой, кажа Вадзім Гліньнік. Што да аўтамабільнай паркоўкі, то яе прапаноўвалі зрабіць падземнай, зазначае ён. І яшчэ важная заўвага: праекту рэканструкцыі кварталу няма, існуюць толькі праектныя прапановы.

Ці гэта праўда, што дом на вул. Калючынскай, 23 разбураць дзеля таго, каб вызваліць месца для машын? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да намесьніка кіраўніка архітэктурнай службы Горадні Ўладзіміра Холапава.

Холапаў: “Замест гэтага дома ў бок турмы плянуецца аднаўленьне гістарычнай забудовы, ніякай паркоўкі ня будзе. Дом разбураецца, усё. Адной з прапаноў было прадугледзець магчымасьць нейкай падземнай аўтастаянкі, таму што гістарычны цэнтар перанасычаны машынамі. Вось будзе гэта вырашацца, тады і з паркоўкай таксама вызначацца. А так нейкай адкрытай вялікай паркоўкі рабіцца ня будзе”.

Зазначым, што Беларускі народны страхавы пэнсійны фонд аднаўляе дом купца Мураўёва пад гатэль і рэстаран. Дом № 23, які вырашылі зруйнаваць, стаіць побач. Намесьнік кіраўніка гарадзкой архітэктурнай службы Ўладзімір Холапаў вырашыў яшчэ ўдакладніць наконт аўтастаянкі ў гэтым месцы:

“Зараз, пры распрацоўцы праекту па доме Мураўёва, зь яго боку плянуецца заезд. Як варыянт, праектанты меркавалі там, дзе гэты дом 23, нейкую невялікую стаянку зрабіць, але яна таксама абмяркоўваецца яшчэ: рабіць яе, не рабіць?”

У доме № 23 на вул. Калючынскай — 27 кватэраў. Усіх жыхароў будуць высяляць. Улады пачалі ўжо выдзяляць кватэры. Чыноўнікі тым часам не выключаюць і такога разьвіцьця падзей, што дом зруйнуюць, але эканамічная сытуацыя не дазволіць правесьці рэканструкцыю навакольнага гістарычнага квартала, і ў горадзе проста стане яшчэ на адну старую камяніцу меней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG