Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс: арэнда стала непасільнай


Прадпрымальнікі Берасьця накіравалі зварот да сэсіі абласнога савету з просьбай зьнізіць падаткі і арэндную плату. Дакумэнт падпісалі больш як 600 прыватных гандляроў. У Горадні прыватнікі змушаныя пакідаць працоўныя месцы ў гандлёвым цэнтры «Карона». А ў Магілёве разгараецца канфлікт сельгаскаапэратыву «Вейна» з гарадзкімі ўладамі — таксама з прычыны платы за арандаваныя плошчы.

БЕРАСЬЦЕ

Прадпрымальнікі з чатырох рынкаў Берасьця зьвярнуліся да дэпутата абласнога савету. Больш як 600 чалавек просяць дапамогі.

Анатоль Кругавец інфармуе:

Берасьцейскія прадпрымальнікі паведамляюць, што падчас крызісу бізнэс шмат у каго стаў стратным:

“Трапілі ў такі крызіс, што ня выказаць словамі”

“Я падаткі не цягну. Ледзь-наледзь адпрацоўваю арэндную плату. Нават дзьвесьце тысяч падатку — ужо зашмат, а сто тысяч плацілі б усе”, — кажа адна з прадпрымальніц.

Яе калега дадае:

“Мы зараз такі крызіс адчуваем — не перадаць словамі. Гэтыя падаткі адпрацаваць немагчыма. Нават арэнду. Пакупнікоў пару за дзень пройдзе. Як можна за месяц адбіць амаль мільён выдаткаў? Ніяк!”

“Некаторыя за люты не прадалі ніводнай пары абутку! Сытуацыя тут катастрафічная”, — падагульняе намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Віктар Чайкоўскі.

Даходзіць да таго, што падатак плацяць з пэнсіі:

“Плачу, усё плачу. Ужо няма чым плаціць. Пэнсію з мужам здымаем — і плачу падатак і за арэнду. Але ўжо ўсё ў гэтым месяцы: плаціць няма чым”, — кажа даведзеная да адчаю сталая жанчына з рынку.

“Падаткі ва Ўкраіне ў дзесяць разоў меншыя”

У суседніх краінах ідуць насустрач прыватнаму бізнэсу, бо ён — адзін з чыньнікаў ратаваньня эканомікі:

“Прадпрымальнікі Ўкраіны нясуць падатковую нагрузку ў дзесяць разоў меншую, чым у Беларусі. Таму кошты там нашмат ніжэйшыя. З гэтай прычыны берасьцейцы едуць на Ўкраіну затаварвацца харчамі”, — даводзіць Віктар Чайкоўскі.

Прадпрымальнікі будуць змагацца з павышэньнем падаткаў:

“Сабрана 600 подпісаў толькі за дзень з чатырох рынкаў. Праводзіла ініцыятыву аб’яднаньне “Пэрспэктыва” — кажа Віктар Чайкоўскі і выказвае такія спадзяваньні:

“Калі гэтыя дэпутаты кажуць, што яны сапраўды ад народу, то мусяць выканаць патрабаваньне свайго электарату. Гэта дазваляе нават 703 указ. Чые ўказаньні яны выконваюць? Зьверху — ці людзей, якім ужо хлеба няма за што купіць?”

МАГІЛЁЎ

Найбуйнейшая на Магілёўшчыне спэцыялізаваная гаспадарка “Вейна” заяўляе пра магчымы байкот продажу гародніны ў абласным цэнтры. Пра прычыны канфлікту даведваўся Андрэй Белагубаў.

Сельгаскаапэратыў “Вейна” арандуе ў абласным цэнтры пяць крамаў. Іх арэндная плата абыходзіцца гаспадарцы прыкладна ў тысячу эўра:

“Мы нясем страты ад гандлю. У нас арэндная плата й камунальныя паслугі займаюць да 48 працэнтаў у аб’ёме агульных выдаткаў”, — наракае прадстаўнік адміністрацыі каапэратыву.

Гарадзкая ўлада выціскае грошы з гародніны

Паводле суразмоўцы, гаспадарка вымушана аплачваць ня толькі арэнду саміх гандлёвых плошчаў, але і падвалаў з пад’ездамі.

“Яны пустыя, там толькі сантэхнікі ходзяць, калі зламаецца нешта.А мы за арэнду іх плацім. За рамонт пад’ездаў плацім і дахаў. Вось такое выцісканьне грошай з нас горадам. Яны кажуць, што ў іх бюджэт не напаўняецца. Ім дужа патрэбныя грошы. Горад асабліва не хвалюецца. Без гародніны людзі не застануцца. Кажуць, ня вы, дык другія завязуць”.

Загадчыца адной з гароднінных крамаў таксама лічыць, што ўмовы арэнды несправядлівыя і ўладзе варта іх перагледзець:

“Нам жа не даюць, дапусьцім, узьняць цану на гародніну. Ёсьць фіксаваныя цэны. Цэны ў нас адсочваюць штодзённа. А чаму павінны тады падымаць арэнду? Тым больш старэе будынак, зношанасьць ёсьць. Мы ўжо столькі заплацілі арэнды, што мы выкупілі гэтую краму. Гэтай краме больш за трыццаць гадоў”.

Пра магчымы байкот гандлю заяўляюць нават кіраўнікі “Расьсьвету”

Паводле загадчыцы, гароднінныя крамы найчасьцей наведваюць пакупнікі сталага веку, бо тут тавар таньнейшы. З гэтым згаджаюцца й самі магілёўцы:

Спадарыня: “Там усё сьвежае. І буракі, і бульба. І таньнейшае, чым на базары. Бульба, напрыклад, 650 кіляграм у краме, а на базары — 850”.

Спадарыня: “Гэтыя крамы патрэбныя, там прадукты нашай, магілёўскай вытворчасьці. Яны таньнейшыя. Цяпер можна набыць таньней моркву. капусту”.

З афіцыйных крыніцаў вядома, што, акрамя сельгаскаапэратыву “Вейна”, пра магчымае закрыцьцё крамаў заяўляе й сельгаспрадпрыемства з Кіраўскага раёну “Расьсьвет” імя Арлоўскага. Там ад камэнтароў пакуль устрымліваюцца.

ГОРАДНЯ

У Горадні значная колькасьць прадпрымальнікаў адмаўляецца ад арэнды працоўных месцаў у найбуйнейшым тут гандлёвым цэнтры “Карона”. Паведамляе Сяргей Астраўцоў.

Сытуацыяй на “Кароне” займаўся намесьнік старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму Аляксандар Сіўцоў, і сёньня праблемы ён больш ня бачыць.

Для чыноўніка сытуацыя не крытычная

“Я пакуль ня бачу крытычнай сытуацыі. Наадварот, на дзесяць адсоткаў зьніжана арэндная плата паўсюль па горадзе”.

Улады сапраўды мусілі ўмяшацца, і арэнду зьменшылі на дзесяць адсоткаў. Цяпер квадратны мэтар на “Кароне” каштуе каля 22 эўра. Рэальна прадпрымальнік за дзесяць квадратных мэтраў разам з камунальнымі паслугамі плаціць больш за васямсот тысяч рублёў, і гэта без падатку. У выніку гандляры падымаюць цэны на тавары, а пакупнікі менш купляюць.

На “Кароне” пабываў адзін з былых лідэраў прадпрымальніцкага руху Валер Леванеўскі. Яго высновы:

“Прадпрымальніцкая актыўнасьць альбо пераходзіць у іншы рэгіён, або яна становіцца напаўлегальнай. Сапраўды, для многіх немагчыма плаціць такія вялікія падаткі. Але я думаю, што гэта толькі пачатак крызісу менавіта ў гэтым, прадпрымальніцкім бізнэсе. Я думаю, што ўсё яшчэ наперадзе, махавік яшчэ толькі пачынае раскручвацца”.

“Мяркую, што пакрыўджаныя людзі выйдуць з часам на вуліцы”

Валер Леванеўскі зазначае: па прадпрымальніках б’е тое, што арэндная плата прывязана да эўра, які няспынна расьце, а прывязка павінна быць да рубля, лічыць ён. Спадар Леванеўскі падкрэсьлівае: калі прадпрымальнікі пакідаюць тую ж “Карону”, ісьці ім няма куды.

Леванеўскі: “Я думаю, што гэтыя людзі з часам выйдуць на вуліцы і падтрымаюць нейкія акцыі пратэсту, якія могуць быць выкліканыя гэтым крызісам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG