33-гадовую Яну Палякову знайшлі ў пятлі ў яе кватэры ў Салігорску ў ноч на 7 сакавіка. На мінулым тыдні судзьдзя Аляксандар Бураўцоў прызнаў Палякову вінаватай у паклёпе на міліцыянта Віктара Пугачова і прысудзіў ёй 2,5 года так званай “хіміі” і вялікі штраф. Яе скарга ў пракуратуру на міліцыянта Пугачова аб тым, што той нібыта яе зьбіў, была ацэненая судом як заведама ілжывы данос. Яна Палякова мела праблемы зь міліцыяй за сваю праваабарончую дзейнасьць і за ўдзел у мінулай выбарчай кампаніі на карысьць апазыцыйнай кандыдаткі Вольгі Казулінай. У мінулую пятніцу ў “Советской Белоруссии” пра Яну Палякову выйшаў зьдзеклівы артыкул.
Ні судзьдзя Аляксандар Бураўцоў, ні адстаўны міліцыянт Віктар Пугачоў, ні рэдакцыя “Советской Белоруссии” не пагадзіліся на просьбу “Свабоды” пракамэнтаваць сытуацыю.
Я ўспрыняў сьмерць Яны Паляковай з жалем і абурэньнем...
“Я ўспрыняў сьмерць Яны Паляковай з жалем і абурэньнем. Мне зразумела, хто за гэтым стаіць”.
Марыя Бут-Гусаім зьвярталася па дапамогу да Яны Паляковай, каб давесьці, што яе мужа непраўдзіва асудзілі на пажыцьцёвае зьняволеньне.
... ёй “дапамаглі” ў гэтым....
Чатыры гады таму Яна Палякова бясплатна дапамагла Лідзіі Бурляковай адсудзіць кватэру ў Салігорску, пісала заявы, зьбірала патрэбную інфармацыю. Яна была вельмі спагадлівым і прыстойным чалавекам, кажа Лідзія Бурлякова.
... артыкул у “Советской Белоруссии” паўзьдзейнічаў на яе ...
Жыхарка Салігорску Ларыса Насановіч кажа, што людзі ў горадзе абураныя, абвінавачваюць уладу, міліцыю і пракуратуру:
“Усе сыходзяцца на думцы, што ў любым выпадку прысуд занадта жорсткі быў”.
Менскі праваабаронца Валянцін Стэфановіч мяркуе, што за заўчасную сьмерць Яны Паляковай адказныя і ўлады, і грамадзтва.
“Тое, што адбылося, — гэта проста жахліва. Гэта нагадала мне нейкія савецкія часы, калі дзяржаўная сыстэма ўсёй сваёй моцай цісьне нейкага аднаго слабога маленькага чалавека”.
Спадар Стэфановіч зазначае, што, зь іншага боку, ёсьць тут ёсьць і віна незалежнага грамадзтва, якое гэтай справе не надало належнай увагі.
“Гэта вельмі паказальны выпадак, пра які трэба ўсім задумацца ў нашым грамадзтве. Мы шмат гадоў назіраем такія зьнішчэньні людзей, не фізычныя, а маральныя. Але гэтыя маральныя зьнішчэньні часам прыводзяць да такіх сумных выпадкаў. Тут можна згадаць і апошнія публікацыі па хлопцах, якіх у войска пазабіралі, у той жа “Советской Белоруссии”, і сюжэты па дзяржаўным тэлебачаньні, усе гэтыя кпіны ў матэрыяльчыках, якія яны кляпаюць, не ўдаючыся ў сутнасьць праблемы. Ня ўсе ж гэта вытрымліваюць. Чалавеку шмат ня трэба. Гэта цкаваньне людзей у савецкіх традыцыях. Яны дзейнічаюць у духу халоднай грамадзянскай вайны”.
Пракуратура Салігорскага раёну Менскай вобласьці праводзіць праверку па факце самагубства Яны Паляковай .