У сваім камэнтары “Мадэль ізаляцыі” эканамічны аглядальнік сэрбскага тэлерадыёканалу B92 Міша Бркіч адзначае, што “бачыць Лукашэнку сярод бізнэс-эліты і палітыкаў на форуме ў Капаоніку было звышнезвычайна”.
“Ён, Лукашэнка, быў госьцем важнай сустрэчы, дзе абмяркоўвалася пытаньне выхаду Сэрбіі з эканамічнага крызісу”, — працягвае Бркіч. — “Усё гэта, магчыма, і някепска, каб не наступная акалічнасьць…”
А менавіта, каб “у дзень адлёту госьць не пачаў даваць парады, як выходзіць з гэтага крызісу, і ня стаў у якасьці прыкладу прыводзіць мадэль уласнай ізаляванай краіны”, тым больш калі ўлічыць, што “кожны з прысутных на форуме ў Капаоніку сур’ёзна займаецца эканомікай і валодае сытуацыяй з працоўнымі месцамі ў Эўропе”.
“Хоць Лукашэнка і распавядаў пра надзвычайныя посьпехі, аднак беларускія дакрызісныя паказчыкі гэтак не выглядалі”, — працягвае журналіст.
“Што да папулярнасьці сэрбскай прадукцыі на расейскім, беларускім ды ўкраінскім рынку, дык гэта сапраўдная фікцыя”, — лічыць Бркіч. — “Яе і ў самой Сэрбіі недастаткова, ня кажучы пра пастаўкі на расейскі і беларускі рынкі. Таго, што Сэрбія змагла экспартаваць у Расею цягам году, хапіла б на тыдзень толькі аднаму маскоўскаму рынку”.
“Увесь гэты расейскі экспарт — гэта поўная бязглузьдзіца”, — робіць выснову сэрбскі аглядальнік В92.
На сайце тэлеканалу зьмешчаны сюжэт пра прэсавую канфэрэнцыю беларускага кіраўніка ў аэрапорце “Канстанцін Вялікі” ў горадзе Ніш, а таксама можна ўбачыць прыезд беларускага кіраўніка і некаторых асобаў, якія яго суправаджаюць, у гэты аэрапорт.