Сэрбскі бізнэсовец і да таго ж доктар эканомікі і філязофіі 60-ці гадовы Драгамір Карыч, чыя сям’я цягам працы Форуму прымала Лукашэнку ў Капаоніку, мае шырокія кантакты ў палітычных, дзелавых і навуковых колах як у краінах былой Югаславіі, так і за мяжой, у тым ліку і ў Расеі.
Разам з братамі Багалюбам, Зоранам і Срэценам 60-ці гадовы Драгамір Карыч зьяўляецца ўладальнікам мультынацыянальнай карпарацыі “Браты Карычы”, а таксама заснавальнікам Асацыяцыі прамыславікоў і прадпрымальнікаў Karićevog.
Што да Багалюба Карыча, то ў часы праўленьня Мілошавіча той займаў розныя адказныя дзяржаўныя пасады, апошняя зь якіх – міністар па прыватызацыі СРЮ. Браты ня робяць таямніцы са свайго багацьця. У былых краінах Югаславіі іх дагэтуль называюць штатнымі банкірамі і галоўнымі ахоўнікамі грошай сям’і Мілошавіча.
Як падае выданьне Вorba, менавіта Драгамір Карыч у мінулую суботу сустракаў Лукашэнку ў аэрапорце Канстанцін Вялікі ў горадзе Ніш. Адтуль госьці накіраваліся ў Капаонік у гатэль “Гранд”, чыў уладальнік Міядраг Косьціч мае дачыненьне да асацыяцыі Karićevog..
Паводле выданьня, Драгамір Карыч адсочвае, каб у Капаоніку беларускі кіраўнік быў максымальна ізаляваны ад выпадковых кантактаў. Два першыя вечары пасьля прыбыцьця на курорт Лукашэнка позна знаходзіўся ў адным з клюбаў у кампаніі прыхільнікаў Сэрбіі, Расеі і Слабадана Мілошавіча.
Паведамляецца, што ў кулюарах эканамічнага форуму беларускі кіраўнік меў сустрэчу з сэрбскім прэм’ерам Міркам Цьветкавічам і міністрам эканомікі Младанам Дзінкічам. Менавіта ў часе сустрэчы была дасягнутая дамоўленасьць адносна падпісаньня пагадненьня аб вольным гандлі паміж краінамі.
Тады ж на пытаньне сэрбскага прэм’ера адносна ўражаньняў высокага беларускага госьця аб адпачынку ў Капаоніку, беларускі кіраўнік адказаў:
“Я сьціплы чалавек, а гэта месца нібыта створана Богам”.
Як вядома, у эканамічным форуме ў Капаоніку ўдзел бярэ і прэзыдэнт Сэрбіі Барыс Тадзіч. Пакуль яшчэ ніводнае з выданьняў не паведаміла адносна сустрэчы Тадзіча зь ягоным беларускім калегам. Аглядальнікі мясцовых, а таксама замежных выданьняў пішуць, што прамова Тадзіча на форуме была жорсткай.
Як паведамляе вугорскае Іnforadio, у сваёй прамове Тадзіч выказаў рэзкую занепакоенасьць той карупцыяй, якая назіраецца ў вышэйшых эшалёнах улады. Ён падкрэсьліў, што калі ў краіне не разьбяруцца з мафіяй у эканоміцы, палітыцы і правасудзьдзі, то Сэрбію неўзабаве могуць чакаць сур’ёзныя наступствы.