Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура ўзялася за карупцыянэраў сярэдняга зьвяна


Аляксандар Ракевіч дэманструе навінку: гэткія інфармацыйныя аркушыкі пра карупцыянэраў будуць вывешваць на месцы іх былой працы пасьля суду.
Аляксандар Ракевіч дэманструе навінку: гэткія інфармацыйныя аркушыкі пра карупцыянэраў будуць вывешваць на месцы іх былой працы пасьля суду.
Справа былога пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра цягам двух месяцаў патрапіць у суд. Зьвесткі пра гэтую ды іншыя карупцыйныя справы паведамілі журналістам адказныя супрацоўнікі генэральнай пракуратуры.

Дзяржаўныя ўстановы — у лідэрах сярод галінаў, ахопленых хабарніцтвам. Гэта прызнаў начальнік управы барацьбы з карупцыяй генэральнай пракуратуры Аляксандар Ракевіч. Далей у шэрагу карумпаваных сфэраў ідуць прамысловасьць, будаўніцтва, ахова здароўя і гандаль. Паводле прагнозу спадара Ракевіча, лібэралізацыя ўмоваў гаспадараньня, якая пачалася ў 2009 годзе, павіннна зьменшыць карупцыю сярод дзяржаўных службоўцаў.

“Увядзеньне прынцыпу паведамленьня замест дазволу пры рэгістрацыі перашкаджае чыноўнікам атрымліваць хабар. Звычайна хабар чыноўнікі бяруць якраз за дазволы, выдачу ліцэнзій ды іншае”, — сказаў Аляксандр Ракевіч.

Самы гучны выпадак карупцыі сярод чынавенства прыпадае на шэрагі саміх пракурораў — гэта справа былога пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра, якога арыштавалі пасьля антыкарупцыйнай нарады з удзелам Аляксандра Лукашэнкі ў канцы мінулага году. Сьнегіра падазраюць у злоўжываньні службовым становішчам пры набыцьці элітнай кватэры ў цэнтры Менску і ў незаконнай пабудове катэджа пад Менскам. Аляксандар Ракевіч не сказаў журналістам, ці прызнае сябе Міхаіл Сьнягір вінаватым, але запэўніў, што справа пойдзе ў суд:

“Што да Сьнегіра, для яго зробленыя ўсе неабходныя ўмовы. Ад яго паступаюць пэўныя хадайніцтвы, якія разглядаюцца. Расьсьледаваньне па справе завяршаецца, мяркуем гэта зрабіць у сакавіку-красавіку. Зараз праводзіцца экспэртыза катэджа, які ён будаваў, ды высьвятляюцца ўсе іншыя абставіны”.

Нагадаю, Міхаіл Сьнягір адпачатку не прызнаваў, што будаваў катэдж пад Менскам, пра які казаў на антыкарупцыйнай нарадзе Аляксандар Лукашэнка. Сьледчыя даводзяць, што будаўніцтва вялося ад імя падстаўной асобы. Дагэтуль невядома, ці прызнаў Міхаіл Сьнягір ужо пасьля арышту, што будаваў катэдж. Аляксандар Ракевіч сказаў, што былы намесьнік генэральнага пракурора Мікалай Купрыянаў, які напачатку фігураваў у справе Сьнегіра, зараз праходзіць у ёй як сьведка.

Кіраўнік управы генпракуратуры Аляксандар Ракевіч назваў шэраг спраў, заведзеных у апошні час супроць карупцыянэраў сярэдняга ўзроўню. Прыкладам, карупцыянэры нанесьлі вялікія страты аб’яднаньню “Мінскэнэрга”, якое займалася рэканструкцыяй Менскай ТЭЦ-4. У лютым заведзеная яшчэ адна справа, якая тычыцца паставак абсталяваньня на Бярозаўскую ГРЭС аб’яднаньня “Брэстэнэрга”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG