Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Асамблею НДА — з дазволу КДБ


Асамблея няўрадавых арганізацыяў і ініцыятываў адбудзецца 6-7 сакавіка ў Менску. Да ўдзелу ў ёй арганізатары разаслалі запрашэньні ў больш за 300 арганізацыяў. Пра гэта яны паведамілі сёньня на спэцыяльнай прэсавай канфэрэнцыі.

СЛУХАЦЬ:


Сяргей Мацкевіч з цэнтру “Супольнасьць” патлумачыў, чаму насьпеў час праводзіць форум няўрадавых арганізацыяў. Папярэдні адбыўся яшчэ ў 2004 годзе. За гэты час шмат што зьмянілася:

“У крымінальным заканадаўстве зьявілася адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Грамадзкія арганізацыі пазбавілі льготаў. Перасьлед актывістаў — гэта наш сталы клопат. Але апошнім часам у краіне нібыта назіраецца так званая лібэралізацыя. І таму гэты час вельмі зручны, каб грамадзкім арганізацыям сабрацца разам і супольна абмеркаваць свае праблемы, паспрабаваць вызначыць сваю супольную пазыцыю”.

Менскаму форуму ўжо папярэднічалі рэгіянальныя мерапрыемствы, распавёў Віталь Васількоў — прадстаўнік грамадзкага цэнтру “Кола” з Магілёва:

“Напрыклад, у нашай Магілёўскай вобласьці адбыўся нават вялікі фэст — больш за 100 арганізацыяў у ім удзельнічалі. Акрамя таго, адбыліся і тэматычныя круглыя сталы. Гэта — эколягі, моладзевыя арганізацыі ды іншыя. Зьявіўся нават такі новы кірунак, як новыя мэдыі. Гэта яшчэ адна тэма ў дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў”.

Пасьля спадар Васількоў удакладніў: у праграме менскага форуму заплянаваная сустрэча прадстаўнікоў “новых мэдыяў” — людзей, якія займаюцца рознымі інтэрнэт-праектамі ў рэгіёнах.

На Асамблею запрасілі больш за 50 прадстаўнікоў замежных арганізацыяў, якія доўгі час працавалі зь беларускімі калегамі, паведаміў Сяргей Мацкевіч:

“На сёньняшні дзень двое зь іх ужо не атрымалі візы ў Беларусь. Гэта прадстаўнік кіеўскага аддзяленьня Нацыянальна-дэмакратычнага інстытуту Дэвід Гамільтан і прадстаўніца фундацыі Баторыя з Варшавы Агнешка Камароўска.

Мне патэлефанавалі з амбасады Беларусі ў Кіеве і сказалі, што вы запрашаеце на Асамблею Дэвіда Гамільтана.Але мы ня можам даць яму візу, паколькі ён у сьпісе неўязных у Беларусь. Але калі вы вельмі хочаце, зьвярніцеся ў КДБ. Можа, яны дадуць такі дазвол”.

Ёсьць яшчэ чалавек 5, якія дагэтуль не атрымалі візы. І, можа, гэты сьпіс будзе, на жаль, павялічаны”.

Сярод запрошаных на Асамблею — Беларускі Хэльсынскі камітэт, рух “За свабоду”, праваабарончы цэнтар “Вясна”, які зноў падаў дакумэнты на рэгістрацыю, ды іншыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG