Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс: з тэлевізараў пераключыліся на золата


Зьніжаюцца заробкі, зьмяншаецца попыт на спажывецкія тавары. Людзі радзей карыстаюцца бытавымі паслугамі. Аб праявах эканамічнага крызісу ў розных рэгіёнах Беларусі паведамляюць карэспандэнты “Свабоды”.

САЛІГОРСК

Пратэст супраць дзеяньняў улады ва ўмовах крызісу выказалі сёньня прыватныя прадпрымальнікі ў Салігорску.

Перадусім гандляры абураныя падвышэньнем арэнднай платы без паляпшэньня ўмоваў працы. Арэнда аднаго квадратнага мэтра на рынку “Акцябрскі” ад новага году павялічаная з 5,5 да 7 эўра. Гандляры заяўляюць, што ня могуць выконваць гэтыя ўмовы.

Чыноўнікі абласной адміністрацыі, якія прыехалі ў Салігорск дзеля вырашэньня канфлікту, падтрымалі не прадпрымальнікаў, а мясцовую адміністрацыю, кажа лідэрка ініцыятыўнай групы Тацьцяна Кучынская:

“Нас правакуюць да вайны аднаго з адным”

“Мы думалі, што нас зразумеюць, а яны настаялі на тым, што арэнда застаецца 7 эўра. Бо, маўляў, рынак стане банкрутам. А тое, што мы станем банкрутамі, гэта нікога не хвалюе. Яшчэ нам з аблвыканкаму прапанавалі зрабіць даражэйшай арэнду гандлёвых месцаў, якія з краю. А якія ў сярэдзіне — тым таньней. Уяўляеце? Сказаць людзям — табе будзе даражэй, а табе таньней — гэта ж тое, што абвясьціць вайну паміж прадпрымальнікамі”.

На рынку “Акцябрскі” ў Салігорску працуе каля тысячы чалавек. Шмат для каго гэта адзінае месца працы. Кіраўнік кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў кажа, што ўлады Салігорску ствараюць прэцэдэнт дадатковага папаўненьня бюджэту коштам прадпрымальнікаў. І не выпадкова гэтую ініцыятыву падтрымала абласная вэртыкаль:

Віктар Гарбачоў
“Іншага тут чакаць і ня варта было, бо ўсё ідзе ў адной сувязі. Калі мясцовая ўлада прымае нейкае рашэньне, то дагэтуль яно ўжо ўзгодненае з вышэйшымі ўладамі. А сустрэчы, перамовы — гэта ўсё адмазкі, гэта спроба паказаць, што ідзе дэмакратычны працэс, каб там на месцы не было бунту. Якія нашыя далейшыя дзеяньні, мы будзем вырашаць. Трэба людзей на месцы падтрымліваць і не апускаць рукі”.

НАВАГРАДАК

На Гарадзеншчыне апошнім часам скараціўся продаж імпартнай бытавой тэхнікі, а таксама зьнізіліся аб’ёмы сэрвіснага абслугоўваньня.

Загадчык гандлёвага ўчастку дзяржаўнай фірмы “Гарант” у Наваградку Анатоль Любашэнка паведаміў “Свабодзе”, што продаж і рамонт тэлевізараў і радыёапаратуры зьнізіліся. Ратуе свой бюджэт прадпрыемства продажам і рамонтам касавых апаратаў.

“Касавыя апараты даюць прыкладна палову даходаў, ды плюс яшчэ крама дапамагае, а так бы мы ня выжылі б”, — мяркуе Анатоль Любашэнка.

У сваю чаргу Сяргей Арабей, дырэктар гарадзенскага ААТ “Рэмбыттэхніка”, якое займаецца рамонтам бытавой тэхнікі, прагназуе, што ў найбліжэйшы час продаж бытавой тэхнікі яшчэ больш зьнізіцца. А вось аб’ёмы рамонту і абслугоўваньня яе павінны павялічыцца.

Усплёск попыту на ювэлірныя вырабы

Незвычайным жа дырэктар прадпрыемства называе тое, што самым вялікім попытам на іхнім прадпрыемстве цяпер карыстаецца выраб і рамонт ювэлірных рэчаў. Ён кажа:

“Па ювэлірных вырабах усплёск, усе даведаліся, што мы не падвышалі кошты, дык нясуць і нясуць заказы. Мы адзіныя ў горадзе, хто гэтым займаецца. Учора загадчык ювэліркі заявіў, што і яны не ўпраўляюцца”.

Дырэктарка прыватнай фірмы «Солбі» Наталя Ключнік, якая займаецца рэалізацыяй імпартнай бытавой тэхнікі, у тым ліку лядоўняў і тэлевізараў, з сумам зазначае, што продажы ўпалі вельмі значна:

“Практычна напалову зьнізіліся продажы ў параўнаньні зь мінулым месяцам. Грошай у людзей меней, дый людзей зусім няма, яны не заходзяць нават у краму. Так што вельмі зьнізілася пакупная здольнасьць нашых грамадзян”.

Дырэктар сэрвіснага аддзелу фірмы “Солбі” Андрэй Радзюк неахвотна гаворыць пра крызіс. Кажа, што немагчыма нічога спрагназаваць наперад, і спадзяецца толькі на тое, што іх паслугі ўсё-ткі спатрэбяцца людзям.

“Ведаеце, цяжка знайсьці столькі саломы ў нашай дзяржаве, каб усюды яе падаслаць...” — іранічна заўважае дырэктар Радзюк.

БЕРАСЬЦЕ

На Берасьцейшчыне ў цяжкое становішча трапілі прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці.

Каля 30 тысяч берасьцейцаў мелі раней працу на прыватных швейных прадпрыемствах. У горадзе над Бугам было ажно 450 дробных пашывачных цэхаў. Фактычна ўсе яны працавалі на заказы партнэраў з Расеі. Вырабы зь Беларусі мелі там попыт з-за таннага кошту. Цяпер сытуацыя зьмянілася ў адваротны бок. Вось што кажа берасьцейская прадпрымальніца Галіна Сарока:

У Расеі няма крэдытаў, каб авансаваць швейнікаў у Беларусі

“Я зьбіралася адкрываць пашывачны цэх. У мяне былі дамовы з шасьцю заказчыкамі. Зь іх сёньня пяць адмовіліся ад супрацоўніцтва, бо ў нас становіцца дорага. А адкрываць цэх пад аднаго, які разьмесьціць толькі 30% заказу ад заплянаванага, таксама нявыгадна”.

Паводле Галіны Сарокі, расейскія заказчыкі не атрымліваюць цяпер банкаўскіх крэдытаў, каб авансаваць швейную вытворчасьць у Беларусі. Акрамя таго, улады ў Берасьці рэзка падвысілі кошт арэнды на вытворчыя памяшканьні. Больш грошай трэба выдаткоўваць цяпер на мясцовыя падаткі. Расьце кошт сыравіны.

Мікалай Чарнавус
Баранавіцкі прадпрымальнік Мікалай Чарнавус тлумачыць таксама, чаму заняпалі цэхі трыкатажных вырабаў. Іх на Берасьцейшчыне было амаль 300.

“Пазачыняліся фабрыкі па вырабе нітак. Ня стала матэрыялу. А хто вырабляў? Слонім. Таксама ў Баранавічах фабрыка зачынена. Магілёўская нітачка добра ішла. І яе ня стала! Няма сыравіны!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG