Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс – залаты час для махінатараў і рэйдэраў


Беларуская міліцыя прагназуе ўсплёск эканамічных злачынстваў з прычыны фінансавага крызісу і лібэралізацыі ўмоў гаспадараньня.

У тым ліку не выключаецца і павелічэньне гэтак званых рэйдэрскіх атак на пасьпяховыя беларускія прадпрыемствы.

У пракуратуры Менска завялі крымінальную справу пасьля спробы рэйдэрскага захопу акцыянэрнага таварыства “Людміла” – менскай фабрыкі капялюшаў. Старшыня Вышэйшага гаспадарчага суду Віктар Камянкоў таксама паведаміў пра два канфлікты вакол прадпрыемстваў, якія можна кваліфікаваць як спробу рэйдэрскага захопу. У міліцыі прагназуюць: з пашырэньнем крызысных зьяваў рэйдэрскія атакі стануць часьцейшымі. Вось што кажа намесьнік начальніка антыкарупцыйнай управы МУС Эдуард Нікіцін.

“Як дакладна яны будуць дзейнічаць, пакажа будучыня. Мы гэтыя працэсы адсочваем і спрабуем рэагаваць своечасова”.

Хто такія рэйдэры і чаму яны зараз актывізаваліся на беларускім рынку?

Незалежны эканаміст Міхал Залескі тлумачыць: рэйдэры, гэта захопнікі, якія гвалтам, шантажам ці пагрозамі мяняюць на сваю карысьць ўладальніка суб’екта гаспадараньня. Небясьпеку гэтай з’явы для эканомікі, ды і для жыцьця людзей, цяжка пераацаніць, мяркуе спадар Залескі.

“Не толькі бывае, пагражаюць. Пачытайце расейскую статыстыку. З 1990-га году ахвярамі крымінальных злачынстваў на глебе перапрыватызацыі стала да 90 тысячы чалавек. Гэта такія перапрыватызатары. Простыя-простыя. У іх два аргумэнты: куля ці даляр”.

міліцыянты, які прыватызуюць садкі на Менскім моры, гэта таксама
рэйдэры
Адмыслоўцы дзеляць рэйдэраў на белах, шэрых і чорных. Чорныя – тыя, пра якіх распавёў эканаміст Залескі на прыкладзе Расеі. Белыя дзейнічаюць легальнымі мэтадамі, скупляючы кантрольны пакет акцый ці даўгі прадпрыемства, каб потым адначасова выставіць іх ўласьніку. Калі ўсё зроблена па законе, з такім паглынаньнем даводзіцца мірыцца. У Беларусі, паводле адмыслоўцаў, больш верагодна дзейнасьць гэтак званых шэрых рэйдэраў, якія спалучаюць легальныя захады з адміністрацыйным ціскам. Прыкладам, нядобрасумленны чыноўнік за грошы дапамагае рэйдэрам тым, што штучна стварае ўласьніку ўмовы, калі той вымушаны саступіць сваё прадпрыемства захопнікам. У ролі такіх “памочнікаў” могуць быць і супрацоўнікі праваахоўных органаў, папярэджваюць адмыслоўцы.

“Давайце скажам шчыра: міліцыянты, які прыватызуюць садкі на Менскім моры, гэта таксама рэйдэры”.

Паводле Міхала Залескага, цяперашняя лібэралізацыя эканамічных адносін дэманструе сапраўдную слабасьць беларускай адміністрацыйнай сыстэмы.

Сярод злачынстваў, якія стануць часьцейшымі ў выніку крызысу, сьледчыя антыкарупцыйнай ўправы МУС таксама называюць наўмысныя банкруцтвы прадпрыемстваў, незаконны перавод за мяжу грошай, пераразьмеркаваньне на сваю карысьць фінансавых плыняў. Сьледчыя абяцаюць строга спыняць гэтыя зьявы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG