Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыса Хамайду затрымалі за “Пагоню”


Барыс Хамайда
Барыс Хамайда

Падставай для затрыманьня сталі ўлёткі з выявай “Пагоні”. Гэты сымбаль абласныя ўлады прапануюць зрабіць афіцыйным гербам Віцебскай вобласьці, узяўшы за ўзор герб Віцебскай губэрні 1856 году.

Ва ўлётках, якія распаўсюджваў віцебскі актывіст, напісана, што такім чынам наўмысна скажаецца гісторыя: выява “Пагоні” была яшчэ на сьцягу Віцебскага ваяводзтва ў часы Вялікага Княства Літоўскага, і яна ня можа лічыцца геральдычнай спадчынай Расейскай імпэрыі. Паколькі ў горадзе праводзіцца грамадзкае абмеркаваньне праекту новага гербу, віцебскія актывісты распаўсюджваюць гэтыя ўлёткі з асьветніцкімі мэтамі.

Апрача ўлётак, супрацоўнікі Чыгуначнага РАУСу зьвярнулі ўвагу на друкаваныя выданьні, якія распаўсюджвае віцебскі актывіст — у прыватнасьці, на кнігі Ўладзімера Падгола з цытатамі з Аляксандра Лукашэнкі і бюлетэнь “Магістрат”, які выдае віцебская рада Партыі БНФ. Міліцыянты запатрабавалі таксама тлумачэньняў наконт таго, чаму распаўсюднік незалежнай прэсы стаіць у цэнтры гораду пад бел-чырвона-белым парасонам. І чаму ягонае “працоўнае месца” каля так званага “сіняга дому” — дому № 28 па вуліцы Леніна — аздабляюць бел-чырвона-белая стужка і кветкі белага ды чырвонага колеру, падараваныя некалі апазыцыянэру кімсьці зь віцебскіх мінакоў.


Барыс Хамайда мусіў правесьці гадзіну ў пастарунку, бо міліцыянты вырашылі, што ён распаўсюджвае ўлёткі зь недазволенай сымболікай — гербам “Пагоня”.

Паводле спадара Хамайды, міліцыянты, верагодна, нават ня чулі, што на Віцебшчыне праводзіцца грамадзкае абмеркаваньне новага гербу вобласьці, якім, верагодна, станецца выява “Пагоні”. Таму ў Чыгуначным райаддзеле міліцыі ад яго запатрабавалі тлумачэньняў, што за ўлёткі ён распаўсюджвае.

Апазыцыянэр патлумачыў, што жыхарам вобласьці прапанавана да 5 лютага дасылаць свае меркаваньні наконт прапанаванага варыянта гербу ў рэдакцыі газэт “Народнае слова” і “Віцебскі рабочы”. Але мясцовыя актывісты лічаць, што грамадзкую думку трэба вывучаць больш грунтоўна, а грамадзкае абмеркаваньне павінна быць даўжэйшым, бо канцэпцыю гербу, распрацаваную рабочай групай абласнога савету, шмат хто лічыць недасканалай. Ва ўлётках, якія склалі мясцовыя сябры БАЖ, а распаўсюджваў Барыс Хамайда, у прыватнасьці, гаворыцца пра тое, што прэзэнтаваць “Пагоню” ў якасьці новага гербу Віцебшчыны, называючы ягоным прататыпам герб Віцебскай губэрні 1865 году, як гэта робяць чыноўнікі, прынамсі нелягічна. Бо гэты сымбаль быў вельмі пашыраны на тутэйшых землях яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага.

Спадар Хамайда кажа, што адразу пасьля згадак пра грамадзкае абмеркаваньне, ініцыяванае ўладамі, міліцыянты страцілі да яго ўсялякую цікавасьць. Гэтаксама іх перасталі цікавіць і друкаваныя выданьні, якія апазыцыянэр распаўсюджваў перад тым, як яго прывезьлі ў пастарунак. Супрацоўнікі міліцыі нават заявілі, што спадара Хамайду ніхто не затрымліваў, і таму ён вольны ісьці куды хоча.

Апазыцыянэр вярнуўся да так званага “сіняга дому” — № 28 па вуліцы Леніна, адкуль яго былі забралі на міліцэйскай машыне. Ён не выключае, што яго маглі затрымаць ня толькі празь недасьведчанасьць міліцыянтаў, але яшчэ й зь іншай прычыны — каб ён не даводзіў людзям, што зацьвярджэньне новага гербу — гэта дужа адказная справа і што да выкарыстаньня гістарычнай “Пагоні” трэба ставіцца з належнай павагай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG