Паводле Міністэрства фінансаў Беларусі, на 1 студзеня запазычанасьць склала 3 мільярды 718 мільёнаў даляраў ЗША. Акрамя таго ўжо сёлета Беларусь атрымае другія траншы займаў ад Расеі і Міжнароднага валютнага фонду. Афіцыйны Менск зьвярнуўся таксама да кіраўніцтва Расеі з просьбаю даць яшчэ адзін крэдыт – на 100 мільярдаў расейскіх рублёў.
А старшыня праўленьня Нацбанку Пётар Пракаповіч ужо кажа пра новыя пазыкі:
“Рэальная праца з Усясьветным банкам дазволіць нам у красавіку (максымум у траўні) атрымаць да аднаго мільярда даляраў ЗША. Другі кірунак — гэта праца з Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця. Пакуль яна толькі пачынаецца. Але я думаю, што калі мы пачнем яе цяпер, то дзесьці да ліпеня можна рашаць пытаньне і зь імі. І, нарэшце, гэта яшчэ і праца з найбуйнейшымі эўрапейскімі краінамі, непасрэдная праца з урадамі гэтых краін па атрыманьні крэдытных рэсурсаў”.
Былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі прафэсар Станіслаў Багданкевіч упэўнены: бязь зьнешніх пазыкаў было б ня выкруціцца. А грошы патрэбныя, паколькі Беларусь летась значна больш купляла імпартных тавараў, чым прадавала сваіх на экспарт, падсумоўвае прафэсар:
“Усе гэтыя грошы нам патрэбныя, каб аплачваць дысбалянс у зьнешнім гандлі. І гэтых грошай недастаткова. Таму сытуацыя па-ранейшаму сур'ёзная”.
Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка прагназуе сёлета яшчэ большы рост дзяржаўнага доўгу:
“Прагноз абсалютна просты, паколькі заблыталіся ва ўласнай эканамічнай палітыцы, уліплі. І Пракаповіч, Герой Беларусі, уліп. І Лукашэнка. Грошы яны бяруць. Прыкладам, у Міжнароднага валютнага фонду ўзялі, а за студзень 900 мільёнаў даляраў убухалі. Афіцыйна — на збалянсаваньне грашовай палітыкі, на падтрыманьне курсу. Але ж і рубель па-ранейшаму дэвальвуецца, і золатавалютныя рэзэрвы таюць. Вось у чым уся небясьпека сытуацыі”.
Леанід Заіка кажа: раней Беларусь ганарылася, што яна ня мае замежных даўгоў.
“У 90-ыя гады, калі Ўсясьветны банк, Міжнародны валютны фонд ды іншыя арганізацыі рабілі замеры, яны ўсе адзначалі, што ў Беларусі практычна няма зьнешняга дзяржаўнага доўгу.
Але, ацэньваючы сытуацыю сёньня, трэба ўлічваць, што акрамя названай сумы, ёсьць яшчэ пад 12 мільярдаў доўгу. Гэтыя грошы бралі банкі і прадпрыемствы на кароткачасовыя апэрацыі. Гэты доўг значнейшы. І акрамя таго, ёсьць 13 мільярдаў даляраў дэфіцыту ў гандлі з Расеяй”.
Павелічэньне дзяржаўнага доўгу ўсяго за адзін год адразу на 60% экспэрт тлумачыць так: менавіта летась Беларусь пачала актыўна карыстацца замежнымі грашыма. Дастаткова згадаць першую траншу крэдытаў Расеі і МВФ, крэдыт з Вэнэсуэлы.