Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае тэлебачаньне – пра Вячорку, Шылу і Хведарука


Гвалтоўная мабілізацыя ў войска моладзевых актывістаў Франка Вячоркі, Івана Шылы і Зьмітра Хведарука стала тэмай шматлікіх паведамленьняў і камэнтароў у афіцыйных мэдыях.

Два тыдні запар сюжэтны стрыжань выніковай праграмы “Панорама недели” на Першым тэлеканале складаюць так званыя “ўхілісты” ў асобах Франка Вячоркі, Івана Шылы і Зьмітра Хведарука. Вось як вядомы тэлепрапагандыст Юры Пракопаў рыхтаваў аўдыторыю да знаёмства з “дэструктыўнымі элемэнтамі” з апазыцыі:

“Мы ўжо неаднаразова расказвалі, на які падман ідуць маладыя актывісты, каб “адкасіць” ад войска. Хтосьці хаваецца за мяжой, а хтосьці наладжвае гістэрыкі ў ваенкаматах. Па статыстыцы, ухіляецца ад службы каля 1% прызыўнікоў — лічба, супастаўная з рэйтынгам усёй апазыцыі, разам узятай”.

Увечары 1 лютага эстафэту Пракопава падхапіў іншы вядоўца — Юры Гроераў. Танальнасьць размовы тая ж: на якой падставе апазыцыянэры павінны мець палёгкі ў вайсковай службе? Паказалі і прымусова дастаўленых у вайсковыя часткі Вячорку і Шылу, якія абжываюцца ў казармах — адпаведна ў Баранавічах і Лепелі.

Спэцыяльны карэспандэнт Міхаіл Трысьцень пачаў свой сюжэт з гісторыі моладзевага актывіста з Салігорску Івана Шылы, які запатрабаваў ад здымачнай групы БТ пакінуць памяшканьне мясцовага ваенкамату. Да ганебнага слупа Шылу “прыбівалі” завочна:

“Гэты хлопец толькі зьбіраецца ў войска, але ўжо спрабуе камандаваць у ваенкамаце. Зрэшты, салігорскую прызыўную камісію такія паводзіны мясцовага моладзевага апазыцыянэра Івана Шылы ўжо не зьдзіўляюць — адмовіўся атрымліваць позву на расейскай мове, паўторна не прыйшоў на мэдагляд 8 студзеня, пагражаў вайскоўцам непрыемнасьцямі. Чаго толькі ён ні рабіў, каб ухіліцца ад войска”.

Потым гаворка перакінулася на “прынца беларускай апазыцыі” — так аўтары “Панорамы недели” назвалі лідэра арганізацыі “Моладзь БНФ” Франка Вячорку:

“8 студзеня апазыцыянэра знайшлі ў спальні сяброўкі, дзе ён хаваўся ад чарговага наведваньня ваенкамату... Яму даўно за 18, надышоў час у войску паслужыць. Аднак “уключаць дурня”, хавацца за мяжой і выкідваць у ваенкамаце розныя фокусы яму падабаецца больш… Так і атрымліваецца, што выконваць сьвяты абавязак павінны не блатныя сынкі беларускіх апазыцыянэраў, а іншыя хлопцы. “Касіць” ад войска стала любімым заняткам апазыцыйнай шпаны”.

А вось начальнік мэдычнай часткі Галоўнага вайсковага клінічнага цэнтру Вітольд Жарын у інтэрвію “Панораме недели” фактычна пацьвердзіў, што стан здароўя таго ж Франка Вячоркі далёкі ад нормаў:

“У прызыўніка Вячоркі ёсьць некаторыя абмежаваньні, некаторыя зьмены ў стане здароўя. Але я хачу адзначыць, што наша практыка паказвае — абсалютна здаровых людзей увогуле вельмі мала. То бок з усіх прызыўнікоў цалкам здаровыя толькі 30%. Я думаю, што з тымі захворваньнямі, якія мае Вячорка, ён можа служыць у сухаземных войсках. Іншымі словамі, у войсках, дзе не патрабуецца поўнае здароўе”.

Каб падмацаваць сваё абурэньне, журналісты БТ пачалі распавядаць, як ставяцца маладыя людзі да службы ў войску ў адзінай Эўропе, пра каштоўнасьці якой “так любяць разважаць у БНФ”. Тэлеаналітыкі падсумоўваюць: “У той час як прынц Вялікай Брытаніі Гары служыць і змагаецца на вайне, прынцы беларускай апазыцыі аддаюць перавагу змаганьню ў ваенкаматах”.

Чарговы сэзонны прызыў у беларускае войска скончыўся 31 студзеня. Агулам прызвана больш за 10 тысяч чалавек. Ужо ў суботу 7 лютага навабранцы павінны прымаць прысягу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG