Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане мітрапаліт Філарэт патрыярхам?


мітрапаліт Філарэт
мітрапаліт Філарэт

Беларускія дэлегаты архірэйскага і памеснага сабораў Расейскай праваслаўнай царквы накіраваліся ў Маскву. Нагадаем 25 студзеня будуць абраныя кандыдаты на Маскоўскі патрыяршы пасад. А 27 студзеня на Памесным саборы абяруць патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі.

Сярод удзельнікаў архірэйскага сабору – мітрапаліт Філарэт і яшчэ 12 эпіскапаў зь Беларусі. На памесны сабор РПЦ ад кожнай беларускай эпархіі абраны па чатыры асобы – кіроўны архірэй, сьвятар, манах і міранін. Сярод сьвецкіх асобаў, дэлегатаў на памесны сабор, ёсьць таксама каардынатар прадстаўніцтва “Праваслаўная энцыкляпэдыя” пры Беларускім экзархаце Генадзь Шэйкін, бізнэсовец з Бабруйску Ігар Баншчыкаў, загадчык прыёмнага аддзяленьня ваўкавыскай лякарні Сяргей Кабылка.

Паводле стваральніцы парталу “Царква” Натальлі Васілевіч, сярод беларускіх дэлегатаў ёсьць адметныя асобы. Аднак абраньне на памесны сабор праходзіла на безальтэрнатыўнай аснове:

Натальля Васілевіч
“Прапанаваны былі па адным кандыдаце, адкрытым галасаваньнем адбываліся гэтыя выбары. Ні міране нашай эпархіі рэальна, ні нават сьветары не ўдзельнічалі ў выбары гэтых кандыдатураў. Гэтыя кандыдатуры былі прызначаныя зьверху. Таму я не магу сказаць, што гэта сапраўднае прадстаўніцтва”.

Ці будзе пачуты ў Маскве на саборах голас Беларусі?Дэлегат памеснага сабору Генадзь Шэйкін адзначыў:
Мала хто едзе туды галасаваць за канкрэтнага чалавека

“Едзе 47 чалавек ад Беларускай праваслаўнай царквы. А больш за 700 агульная колькасьць, якая ўключае і прадстаўнікоў Расейскай замежнай праваслаўнай царквы і патрыяршыя прыходы. Калі браць пад увагу мінулы памесны сабор наша дэлегацыя складалася з некалькіх чалавек, бо было недзе тры эпархіі. А зараз 11. Памесны сабор – гэта ня ёсьць нейкім парлямэнцкім рысталішчам. Там усё будзе вызначацца аднадушшам. Мала хто едзе туды галасаваць за канкрэтнага чалавека. Там усё вызначыцца ў залі. На волю Божую ўсё. Хацелася б, каб патрыярхам быў чалавек, які валодае якасьцямі Айца”.

У мэдыях называюць двух асноўных прэтэндэнтаў на пасад патрыярха – мітрапаліта Смаленскага і Калінінграцкага Кірыла, прадстаўніка лібэралаў, і Калускага і Бароўскага Клімэнта, якога далучаюць да кансэрватараў. Сярод кампрамісных фігураў называюць Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта. Аднак пры гэтым у расейскіх мэдыях згадваюць яго беларускае грамадзянства.

Прадстаўнік Беларускага экзархату, архімандрыт Аляксей Шынкевіч сказаў:
Мітрапаліта Кірыла падтрымлівае большая частка эпіскапату і ўлады

“Мітрапаліт Кірыл – наш сусед. Шкада, што ён не так часта бывае ў нас. Пакуль гэты кандыдат вельмі ўплывовы. Яго падтрымлівае большая частка эпіскапату. Думаю, улады таксама. Хаця ўлады ніякім чынам не паказваюць гэта, але думаецца, што расейскія ўлады думаюць пра патрыярха больш дынамічнага, актыўнага. Ёсьць, канечне, вельмі паважаныя ерархі. Трэба згадаць перш за ўсё нашага ўладыку мітрапаліта Філарэта. Гэта сапраўдны ерарх, вельмі паважаны. Але трэба тут улічваць узрост мітрапаліта і тыя цяжкія выпрабаваньні, якія ён перанёс. Ён перанёс апэрацыю ў Аўстрыі. У яго цяжкая хвароба, якая адбіваецца на яго стане. Хаця ўладыка вельмі паслухмяны царкве, ён гатовы несьці паслухмянства царкве так, як вырашыць бальшыня”.

Паводле Натальлі Васілевіч, пад час абраньня спачылага патрыярха Аляксія ІІ на мінулым памесным саборы мітрапаліт Філарэт ня трапіў у лік кандыдатаў:

“Мітрапаліт Філарэт валодае вялікім аўтарытэтам. У РПЦ ён узначальвае багаслоўскую камісію, лічыцца адным з самых інтэлектуальных архірэяў. У яго вобраз экумэнічнага ерарха, з гэтага гледзішча і досыць такія адыёзныя рухі выступаюць супраць яго.Таксама іншыя кандыдаты ёсьць. Я маю надзею, што прынамсі горш ня стане. Беларуская праваслаўная царква ня шмат залежыць ад асобы патрыярха. А больш залежыць ад мясцовых ерархаў. Ад улады дзяржаўнай яна залежыць больш, чым ад Маскоўскага патрыярха”.

Заўтра ж архірэйскі сабор вырашыць пытаньне якім будзе галасаваньне пад час выбараў патрыярха – адкрытым ці таемным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG