Наперадзе цэлы год і сёньня я хачу пазнаёміць слухачоў "Свабоды" зь некаторымі датамі экалягічнага календара. Справа, лічу, гэта ня марная і не такая дзяжурная, як можа падацца. Хоць бы таму, што ў гэтыя дні, пазначаныя на ўсясьветна-міжнародных скрыжалях зялёным колерам, лягчэй знайсьці і прыдатную нагоду: каму – для трыюмфальных службовых справаздачаў, каму – для грамадзянскіх пратэстаў.
У нашай краіне, далёка не лагоднай да іншадумства, такія пратэсты як бы зьлёгку легалізуюцца, і ў кожным асобным выпадку дата як бы дадае магчымасьцяў заявіць пра свае правы на здаровае чыстае асяродзьдзе ў блізкім краявідзе паўней ды галасьней. Выбар тут шырокі: ад арганізацыі пікета ці шэсьця да напісаньня блогу, звароту, гучнай заявы.
Вось, напрыклад, зусім неўзабаве, 2 лютага – Усясьветны дзень водна-балотных угодзьдзяў. Маючы адпаведны сантымэнт ці грамадзянскую пазыцыю, можна ўжо сёньня пачынаць падрыхтоўку. А ў сакавіку, 22-га дня, – усясьветны дзень водных рэсурсаў. Душа так і просіць адзначыць гэты дзень удзячна, парадавацца, адказаць на выклікі, акунуцца ў чыстую палонку. У гэтым жа месяцы – 30 сакавіка – Дзень абароны Зямлі, а літаральна празь дзень – 1 красавіка – сьвет ушаноўвае птушак.
А вось дзень чарнобыльскай трагедыі – паводле беларускага календара, 26 красавіка, у сьвеце адзначаецца як Дзень памяці загінулых у радыяцыйных аварыях і катастрофах. Бадай, самы блізкі да нашай тэмы – Міжнародны дзень біялягічнай разнастайнасьці, які адзначаецца 22 траўня. Хочацца спадзявацца, што гэты дзень ня стане для нашых нашчадкаў сьвятам-успамінам...
Тут, на травеньскім улоньні, я перапынюся, бо на ўсе даты бракуе часу, і буду прасіць “Свабоду”, каб дні, у якія свет пазыцыянуе стаўленьне да прыродных каштоўнасьцяў, навакольнага асяродзьдзя, затрымаліся на сайце асобнай калёнкай і кожны з наведнікаў мог іх раздрукаваць ды па магчымасьці распаўсюдзіць.
Я вось што яшчэ падумаў: было б зусім няблага разьмеркаваць даты экалягічнага календара паміж вядомых аўтарытэтных людзей, грамадзкіх дзеячоў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці: якая бліжэй твайму сэрцу, за тую і бярыся, змагайся, адстойвай, вядзі за сабой – дапамажы прыродзе і блізкаму краявіду!
ЭКАЛЯГІЧНЫ КАЛЯНДАР:
ВЫБЯРЫ КОЖНЫ СВАЁ -- ДАПАМАЖЫ ПРЫРОДЗЕ І БЛІЗКАМУ КРАЯВІДУ!
2 лютага -- Усясьветны дзень водна-балотных угодзьдзяў
22 сакавіка -- Усясьветны дзень водных рэсурсаў
23 сакавіка -- Усясьветны метэаралягічны дзень
30 сакавіка -- Дзень абароны Зямлі
1 красавіка -- Міжнародны дзень птушак
1 красавіка -- Дзень геолага
7 красавіка -- Усясьветны дзень здароўя
22 красавіка -- Дзень Зямлі
26 красавіка -- Дзень памяці загіблых у радыяцыйных аварыях і
катастрофах
22 траўня -- Міжнародны дзень біялагічнай разнастайнасьці
31 траўня -- Усясьветны дзень без тытуню
5 чэрвеня -- Усясьветны дзень навакольнага асяродзьдзя
8 чэрвеня -- Дзень абароны акіянаў
17 чэрвеня -- Усясьветны дзень барацьбы з апустэльваньнем і
засухай
6 жніўня -- Усясьветны дзень дзеяньняў за забарону ядзернай
зброі
16 верасьня -- Міжнародны дзень аховы азонавага слою
27 верасьня -- Міжнародны дзень турызму
28 верасьня -- Усясьветны дзень мора
4 кастрычніка -- Усясьветны дзень жывёлаў
10 кастрычніка -- Міжнародны дзень па зьмяншэньні небясьпекі
стыхійных бедстваў
Сэрыя “Блізкі краявід”. Возера Нарач. У дзясятках кілямэтраў плянуецца будаўніцтва АЭС.