Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэр зьвярнуўся да генпракурора ў справе дэвальвацыі


Гомельскі прадстаўнік стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Сяргей Трыфанаў, зьвярнуўся да генэральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча з адмысловай заявай.

Ён патрабуе прыцягнуць да адказнасьці чыноўнікаў, якія спрычыніліся да таго, што “ў адну ноч беларускі народ страціў 20 адсоткаў ашчаджэньняў у айчыннай валюце”:

“Я лічу, што гэта злачынства: у людзей скралі грошы. Пацярпелі, у тым ліку, і мае родныя. Патрабую, каб правялі дасьледаваньне, ці законнай была дэвальвацыя. Сумы не малыя – паспрабуй зарабі такія грошы! Калі чалавек сам скрадзе што-небудзь у дзяржавы – банк абрабуе, мех бульбы ў калгасе возьме альбо віно з крамы вынесе, яго пасадзяць. А тут атрымліваецца, што дзяржава беспакарана бярэ ў людзей тое, што ёй не належыць. Прычым, зрабілі гэта ў часы навагодніх сьвятаў – ніхто нікога не папярэджваў. Людзі нічога ня ведалі, сьвяткавалі – бац, зрабілі дэвальвацыю, паставілі людзей перад фактам”.

Тым ня менш, толькі асобныя грамадзяне адважыліся публічна пратэставаць супраць нанесенай ім фінансавай шкоды. Чаму?

Гаворыць гомельскі зборшчык радыёапаратуры, які назваўся Ігарам:

“Пратэст супраць чаго – супраць крызісу? У тым сэнсе, што ён сплянаваны быў усясьветным закулісьсем? На такі пратэст я згодны! Але ж выцерпім…

Я — талерантны чалавек. Я не асуджаю й апазыцыю – гэта рабіць ня варта, бо кожны пункт гледжаньня мае права на існаваньне. Лічу, аднак, што самыя цяжкія гады адышлі ўжо ў нябыт”.

Некаторыя іншыя гараджане сваё памяркоўнае стаўленьне да апошніх фінансавых захадаў уладаў таксама тлумачаць тым, што крайняй мяжы яны пакуль не адчуваюць. У іншым выпадку – маўчаць ня будуць.

Вось што, у прыватнасьці, кажа спадар Уладзімер, шэраговы рабочы адной з будаўнічых арганізацый абласнога цэнтру:

“Нас яшчэ так моцна не заціснулі. Калі заціснуць, гатовы выйсьці нават на вуліцу і адстойваць свае правы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG