Адлік падобных сустрэч пачаўся 11 ліпеня. У гэты дзень прэм’ер Латвіі Іварс Годманіс правёў на памежным пераходзе перамовы са сваім беларускім калегам Сяргеем Сідорскім. У сфэры абмеркаваньня тады апынуліся транзыт, энэргетыка, транспарт. Гэтыя ж тэмы спадар Сідорскі пазьней уздымаў і на сустрэчы з тагачасным кіраўніком ураду Літвы Гедымінасам Кіркалісам.
На польскім кірунку віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў абмяркоўваў гандлёвыя праблемы са сваім калегам Вальдэмарам Паўлякам. На наступны дзень у Белавескай пушчы размаўлялі міністры замежных спраў Сяргей Мартынаў і Радаслаў Сікорскі. Былі і іншыя сустрэчы.
Палітоляг, старшыня Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў зьвяртае ўвагу: кантакты адбываюцца найперш з прадстаўнікамі тых краінаў Эўразьвязу, якія маюць агульную дзяржаўную мяжу зь Беларусьсю.
“Натуральна, што найперш нашы непасрэдныя суседзі зацікаўленыя ў тым, каб уцягваць Беларусь у агульнаэўрапейскія працэсы. Таму што мець побач суседа прадказальнага і ўцягнутага ў агульныя працэсы — заўсёды лепш, чым краіну-ізгоя.
Па-другое, адчуваецца нават пэўнае спаборніцтва паміж Літвой і Польшчай — каму зь іх усё ж дастануцца ляўры дэмакратызатара Беларусі? І нездарма найперш Польшча, але і Літва таксама былі сярод галоўных ініцыятараў праекту Ўсходняга партнэрства”.
Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць: сустрэчы, якія ўжо адбыліся, мелі для беларускага кіраўніцтва пэўны плён:
“Гэта прарыў, няхай і абмежаваны, у кірунку Эўропы. А па-другое, афіцыйны Менск стаў больш яскрава і ўдала гуляць у сваіх інтарэсах на канкурэнцыі суседзяў. Напрыклад, паміж Латвіяй і Літвой, якія зацікаўленыя ў перавозцы беларускага экспарту праз парты Вэнтсьпілс і Кляйпэда. А гэта — вынік згаданых кантактаў”.
Сустаршыня Палітрады Аб'яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Анатоль Лябедзька зьвяртае ўвагу на эпізадычны характар такіх сустрэчаў:
“Адчувальныя вынікі могуць адбыцца толькі тады, калі будуць прынцыповыя зьмены ва ўзаемаадносінах афіцыйнага Менску і Брусэлю. Касмэтычныя зрухі не вядуць да таго, каб вынікі такіх кантактаў адчуваў сярэднестатыстычны грамадзянін Беларусі. Таму тое, што было раней, не праходзіла ў рэчышчы яснай двухбаковай стратэгіі, якая мела б палітычную волю і зь Беларусі, і з Эўропы. І гэта не магло прывесьці да выразных зрухаў і вынікаў.
Сёньня сытуацыя іншая, не прынцыпова, але ўсё ж іншая. Ёсьць дэклярацыі і з боку Чырвонага дому, і з боку Брусэлю пра тое, што трэба ўносіць сур’ёзныя карэктывы. Пабачым, што будзе далей”.
З 1997 году дзейнічала забарона Эўразьвязу на палітычныя кантакты зь беларускімі чыноўнікамі вышэй за ўзровень намесьніка міністра. Аднак сёлета ў рамках нармалізацыі дачыненьняў Беларусі з Эўразьвязам адбыўся шэраг сустрэч на высокім узроўні паміж беларускімі і эўрапейскімі чыноўнікамі.