Тацяна Казыра вярнулася з Сан-Францыска ў Барысаў учора, 23 лістапада. Сёньня Тацяна распавяла “Свабодзе” пры жыцьцё ў сям’і Мануэля і Дэбі Запатаў, як у апошнія дні пасварылася зь іхнай дачкой Ашлі, якую ўсё ж працягвае называць сваёй сястрой. Дзяўчына прызнае, што пакрыўдзіла Запатаў сваім ад’ездам, але кажа, што сум па бабулі ды іншых сваяках у Беларусі быў мацнейшы:
Казыра: “У мяне там усё было добра. Праўда, у апошнія дні, калі я сказала, што зьяжджаю, Ашлі вельмі пакрыўдзілася. Яна фактычна выгнала мяне з майго пакою, настолькі пакрыўдзілася, і апошнія ночы я начавала ў пакоі для гасьцей. А астатняе ўсё было добра. Сям’я мяне вельмі любіць”.
Карэспандэнт: “Ці зьбіраецеся вы зь імі працягваць кантакты?”
Казыра: “Вядома. Учора мы зь імі ўжо стэлефанаваліся, я паведаміла, што дабралася нармальна. Пра сваё рашэньне вярнуцца на радзіму я казала, кажу і буду казаць, што вельмі засумавала па доме. І гэта праўда. Спачатку, калі я пра гэта ім паведаміла, мне было вельмі цяжка маральна, але потым у мяне хапіла сілаў”.
Карэспандэнт: “Ці моцна адрозьнівалася ваша жыцьцё ў Амэрыцы ад таго, як вы жылі ў Беларусі?”
Казыра: “Вядома! Ну, вы параўналі... Там усё для жыцьця ёсьць. Для будучыні ўсё ёсьць. А тут? Што тут? Наша балота” (Сьмяецца.)
Тацяна распавяла, чым займалася ў Амэрыцы, як бавіла вольны час. Яе вучоба складалася з таго, што раз на тыдзень дзяўчына хадзіла ў каледж. У астатнія дні тыдня яна рабіла хатнія заданьні. Час ад часу хадзіла займацца спортам у гімнастычную залю, бывала ў кінатэатры. Дзякуючы Ашлі кола знаёмых Тацяны ў ЗША паступова пашыралася: амэрыканка сканчае школу, але ўжо працуе ў музычнага прадусэра і пазнаёміла Тацяну са сваімі сябрамі на працы. “Вельмі культурныя людзі”, — згадвае Тацяна Казыра.
Яшчэ дзяўчына згадала, што часта хадзіла ў мясцовую бібліятэку, дзе прачытала некалькі кніг, у тым ліку па-расейску — “Алісу ў краіне цудаў”. Што да ўласнага лёсу, то прызнае: цуду не адбылося. Тацяна ўсё мацней пачала сумаваць па бабулі ды іншых сваяках, якія засталіся ў Барысаве. Некалькі разоў да Тацяны ў Сан-Францыска прыяжджаў прадстаўнік МЗС Беларусі і працягваў угаворваць яе вярнуцца дадому. Тацяна кажа, што паўплывалі на яе рашэньне і лісты беларускіх дзяцей, якіх пасьля яе невяртаньня на радзіму не пусьцілі больш на лячэньне ў ЗША:
“У мяне было столькі лістоў! Вам бы надакучыла іх чытаць. Мне надакучыла, я палову іх ужо не чытала. Пісалі: вярніся, мы таксама хочам туды паехаць, а з-за цябе нас не пускаюць. Мне сапраўды было іх шкада і сорамна перад імі, у тым ліку таму я тут”.
Нашу размову Тацяна спыніла: маўляў, яе чакаюць іншыя журналісты. Што будзе потым, калі цікаўнасьць да яе зьнікне? У найбліжэйшых плянах Тацяны Казыры — скончыць школу, а потым, магчыма, стаць масажысткай ці манікюрніцай:
“Плянуем з бабуляй, што пайду на курсы масажу ды манікюру, а потым буду працаваць”.