“Паўплываць на нараджальнасьць вельмі складана. Мы рабілі дасьледаваньне на пачатку 2000 году. Бальшыня сем’яў арыентавана на адно дзіця і вельмі нязначная колькасьць — на двух дзяцей. Бо цяпер стаўленьне да дзяцей іншае. Бацькі жадаюць даць дзецям добрую адукацыю, больш-менш прыстойнае жыцьцё. І гэта каштуе. І большасьць сем’яў, гэта амаль 70%, арыентаваныя на адно дзіця.
Улады робяць захады, але гэта нязначна паўплывае. Гэта паўплывае, можа, на 10—15% сямейных параў. І трэба ўлічваць, што ў нас вельмі вялікая колькасьць сталага насельніцтва, амаль 25%. Людзей у фэртыльным узросьце ня так шмат. Таму гэтыя захады ня зробяць значнага эфэкту. Гэтая сытуацыя прадказвалася сацыёлягамі і дэмографамі раней. І якое выйсьце?
Уладзе трэба стымуляваць міграцыю этнічных беларусаў
Гэта падвышэньне пэнсійнага ўзроўню. А другое — вырашыць пытаньне за кошт міграцыі. Але тут трэба было стымуляваць нашай уладзе міграцыю этнічных беларусаў. На пачатку 90-х гадоў вельмі шмат людзей хацелі вярнуцца на радзіму з былога СССР, але не было зроблена ніякіх пазытыўных крокаў.
І, вядома, гэта праграмы на падвышэньне ўзроўню жыцьця. Каб насельніцтва мела лепшыя паказчыкі па здароўі. У нас, на жаль, з кожным годам паказчыкі па здароўі мужчын і жанчын пагаршаюцца. Цяпер ужо каля 80% маладых цяжарных жанчын маюць тыя ці іншыя паталёгіі.
Гэтыя дапамогі на дзяцей не пакрываюць усіх выдаткаў. Гэта вельмі нязначныя выплаты. Гадаваць дзіця — вы ведаеце, як растуць кошты на ўсё, — гэта немагчыма. І тут, канечне, заклікаць насельніцтва нараджаць ня дасьць ніякіх станоўчых вынікаў, бо людзі разумеюць свае магчымасьці”.