Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяды ў рэгіёнах: моладзь не пусьцілі ў Менск <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


2 лістапада ва ўсіх рэгіёнах Беларусі адбылося ўшанаваньне памяці барацьбітоў за незалежнасьць краіны, а таксама пакутнікаў і ахвяраў палітычных рэпрэсій.


МАГІЛЁЎ

Раніцай ў Магілёве пачаліся затрыманьні актывістаў, якія накіроўваліся ў Менск, каб далучыцца да традыцыйнага шэсьця ў Курапаты. Паведамляе Андрэй Белагубаў:

Міліцыянты спынілі больш як 60 чалавек

Спачатку, аўтобус, які замовілі на рэйс у Менск, міліцыянты прызналі зламаным і ў кіроўцы забралі дакумэнты на яго. Пасьля не далі актывістам выехаць у Менск маршруткамі. Спынілі больш як 60 чалавек.

Магіла тамары Раманьковай у Магілёве
Актывісты засталіся ў Магілёве і ўзялі ўдзел у мясцовых імпрэзах, прымеркаваных да сёньняшняга дня. Многія наведалі магілу ініцыятаркі стварэньня ў Магілёве аддзяленьня Мартыралёгу Беларусі Тамары Раманьковай. Яе паплечнік Міхась Булацкі зазначае:

“І калі пачалося стварэньне Мартыралёгу Беларусі, яна была на ўстаноўчым сходзе там у Доме кіно. Потым прыклала ўсе намаганьні й перамагла КДБ у гэтым выпадку, каб стварыць магілёўскую філію Мартыралёгу Беларусі”.

Сёньня ж у Магілёве адзначалі й дваццацігодзьдзе Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”. З гэтай нагоды адбылася ўрачыстая вечарына:

“У той жа час памянём тых людзей, якія, на жаль, не дажылі да сёньняшняга дня. Іх з намі няма, але мы памятаем іх”, – заявіў перад пачаткам вечарыны кіраўнік магілёўскай арганізацыі партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

ВІЦЕБСК

Віцебскія актывісты наведалі сёньня пахаваньні заснавальнікаў апазыцыйнага руху ў Віцебску.

Бел-чырвона-белыя сьцягі ля магілаў пачынальнікаў БНФ

На могілкі каля вёскі Копці партыйцы і дэмакратычныя актывісты прыйшлі пад бел-чырвон-белымі сьцягамі. Невялікая калёна па чарзе абышла пахаваньні Алеся Мудрычэнкі і Сяргея Цярэнцьева, якія былі аднымі з першых у Віцебску сябраў Беларускага Народнага Фронту. Таксама хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць Рамана Салаўяна, сябра КХП БНФ, які заўчасна пайшоў з жыцьця ў маладым узросьце.

На могілках у вёсцы Друкава сябры наведалі пахаванага тут былога старшыню абласной суполкі КХП БНФ Уладзімера Плешчанку. На могілках “Дружба” запалілі сьвечкі ў памяць пра актывістку Партыі БНФ Розу Пушкарову.

Паводле старэйшага віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайды, згадваць на Дзяды сяброў, якіх ужо няма на гэтым сьвеце, стала традыцыяй у асяродку віцебскіх актывістаў.

“Сёньня Дзяды, і ў гэты дзень прыходзяць на могілкі, распавядаюць пра нашае жыцьцё. І мы прыйшлі да нашых сяброў, паразмаўлялі зь імі, паклалі кветкі, пастаялі, падумалі, што мы зрабілі, што яшчэ не зрабілі”, -- распавядае Барыс Хамайда.

Яшчэ адну жалобную акцыю віцебскія актывісты правялі ва ўрочышчы Паляі, дзе ў 30-50-я гады мінулага стагодзьдзя адбываліся масавыя расстрэлы ахвяраў сталінізму. Цяпер у гэтым месцы ствараецца грамадзкі мэмарыял: прадстаўнікі розных рэлігійных канфэсій, партыйцы-апазыцыянэры і проста неабыякавыя жыхары Віцебску усталёўваюць тут крыжы дзеля памяці загінулых.



БЕРАСЬЦЕ


На Трышынскіх могілках у Берасьце ўсталяваны адзіны ў рэгіёне помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў


“Сёньня тут пабольшала кветак, — кажа старшыня гарадзкой суполкі Партыі БНФ Яўген Бяласін. - “Назіраецца пераемнасьць. Сюды прыходзяць маладыя людзі, палову зь якіх я нават ня ведаю. Акрамя таго прыходзяць людзі, якіх мы не сустракаем на іншых акцыях. Ля помніка яны пакідаюць свае кветкі, зьнічы запальваюць. Так што людзі самі ўшаноўваюць ахвяраў палітычных рэпрэсій. Гэта ўжо па-народнаму. Без заклікаў нашай партыі ці іншых апазыцыйных”.


СЬВІЧЛАЧ


Сьвіслач й Якушоўку на Гарадзеншчыне, дзе знаходзілася сядзіба Кастуся Каліноўскага, наведалі сёньня актывісты з Горадні, Слоніма, Ваўкавыска, Зэльвы, Мастоў, Менску і іншых гарадоў.

Гучала прысяга на вернасьць справе Каліноўскага

Адзін са сталых арганізатараў імпрэзы, Уладзімер Хільмановіч з Горадні, так казаў прысутным:

Хільмановіч: “Тут закладаецца традыцыя, яна ўжо нават закладзена. І з кожным годам сюды прыяжджае калі ня больш, то й ня менш людзей з розных куткоў Гарадзеншчыны, бо пакуль жыве наша памяць, жыве наша сьвядомасьць і нашы традыцыі”.

Сябры Маладога фронту склалі прысягу побач з крыжам усталяваным на месцы сядзібы Каліноўскіх.

Традыцыйна кветкі былі ўскладзены ў Сьвіслачы да помніка Кастуся Каліноўскага, Рамуальду Траўгуту, а таксама на могілках побач з магілай старэйшага брата Кастуся Каліноўскага Віктара.



ГОРАДНЯ


Сёньня ў Горадні званілі званы ў храмах, а сьвятары на могілках маліліся за памерлых.

Кветкі і зьнічкі на магілах жаўнераў

Пахаваньні польскіх жаўнераў у Горадні
"У Катэдральным касьцёле адбылася таксама імша за памерлых на беларускай мове, іхнія імёны пачалі зачытваць за паўгадзіны да яе пачатку, паколькі ўсе парафіяне імкнуцца, каб на Дзяды ўспомнілі іх родных.

Супрацоўнікі Генэральнага консульства РП у Горадні разам з сябрамі Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс за апошнія дні наведалі месцы польскай нацыянальнай памяці ў горадзе і вобласьці. Яны ўсклалі вянкі, кветкі, запалілі зьнічы на магілах, у прыватнасьці, жаўнераў Войска Польскага і Арміі Краёвай".


МАЗЫР


Да ахвярнага крыж, усталяванага на месцы масавых расстрэлаў ў лесе блізу вёскі Міхайлаўская Рудня, што ў Мазырскім раёне, прыехалі сёньня грамадзкія актывісты Гомельшчыны. З месца падзеі паведаміў сябра Беларускага Народнага Фронту Юрась Чаранкоў:

“На гэтым месцы ў 37-39 гадах праводзіліся масавыя расстрэлы бязьвінных жыхароў Палесься. Прыехалі сюды прадстаўнікі БНФ, праваабарончага цэнтру “Вясна”, руху “За свабоду”. Усклалі тут кветкі й адмысловы кошык зь кветкамі й надпісам на стужцы “Ахвярам рэпрэсіяў”. Пастаялі, памаўчалі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG