Украіна атрымае гэты крэдыт, калі ён будзе зацьверджаны Радай дырэктароў МВФ. І калі на гэта пагодзіцца Вярхоўная Рада, украінскі парлямэнт, якому трэба ўнесьці пэўныя зьмены ў банкаўскае заканадаўства.
Крэдыт, выдзяленьне якога разьлічанае на два гады, мае дапамагчы Ўкраіне падтрымаць эканамічную стабільнасьць ва ўмовах сусьветнага фінансавага крызысу.
„Праграма накіраваная на вяртаньне Ўкраіны да эканамічнай стабільнасьці. Кіраўніцтва краіны мае намер выраўнаць балянс плацяжоў і панізіць залежнасьць дзяржавы ад зьнешніх эканамічных чыньнікаў, ды таксама панізіць інфляцыю” — сказаў учора ў заяве выканаўчы дырэктар МВФ Дамінік Строс-Кан.
МВФ пакуль яшчэ не падаў да публічнага ведама ўмоваў, на якіх Кіеў можа атрымаць гэтую стабілізацыйную пазыку.
Фінансавая стабільнасьць Украіны пахіснулася, калі рэзка ўпалі цэны і попыт на сусьветных рынках на адзін з галоўных экспартных прадуктаў Украіны — сталь.
Па другое, аб’ём зьдзелак на ўкраінскім рынку каштоўных папераў — у сувязі з адплывам замежных інвэстараў, напалоханых рызыкай, зьвязанай з крызысам — упаў на 60 адсоткаў у параўнаньні з пачаткам верасьня.
Па трэцяе, паўсюдна адчуваны недахоп крэдытаваньня балюча абмежаваў магчымасьць дзеяньня для ўкраінскіх фірмаў, банкаў і ўкраінскага ўраду.
Крэдытнае пагадненьне з Украінай паказвае, што МВФ пачынае адыгрываць ключавую ролю ў дапамозе эканомікам, якія асабліва моцна адчулі ўдар сустветнага фінансавага крызысу.
На мінулым тыдні МВФ зацьвердзіў крэдыт памерам у 2 мільярды даляраў Ісляндыі.
Сёньня місія МВФ прыбыла ў Беларусь, каб вывучыць просьбу Менску аб выдзяленьні крэдыту вышынёю ў 2 мільярды даляраў.
Перамовы аб пазыцы ад МВФ вядзе таксама Пакістан.
Паводле паведамленьняў міжнародных СМІ, МВФ і Вугоршчына завяршаюць перамовы, у выніку якіх Будапэшт можа атрымаць рэкордны крэдыт у гісторыі гэтай міжнарожнай пазыкавай інстытуцыі.
Аднак, нягледзячы на мільярдныя сумы, якія апошнім часам былі задэкляраваныя ўрадамі ў Эўропе і ЗША ў падтрымку фінансавых рынкаў і банкаўскай сыстэмы, пакуль што не ўдалося сыніць спаду на сусьветных фінансавых біржах.
На здымку: кіраўнік украінскага ўраду Юлія Цімашэнка з прадстаўніцай МВФ Гэйляй Пазарбасіяглю.