Журналістам у Цэнтры кажуць, што Вера Страмкоўская ўзяла адпачынак і зьехала з краіны, а ці яна вернецца, ім невядома. Прычыны ад’езду вядомай праваабаронцы яе былыя калегі не камэнтуюць. У Цэнтры правоў чалавека заяўляюць, што гэтая арганізацыя працягвае дзейнічаць, але пад іншым кіраўніцтвам.
У Першамайскай адвакацкай кансультацыі, дзе працавала Вера Страмкоўская, паведамілі, што яна звольненая адтуль з 15 кастрычніка.
Паводле некаторых крыніцаў, Вера Страмкоўская зьехала ў Швэйцарыю, а прычыны гэтага зьвязаныя з асабістым жыцьцём.
Вера Страмкоўская займалася праваабарончай дзейнасьцю ў Беларусі з канца 1990-х гадоў. Як адвакатка абараняла ў судох такіх вядомых дзеячаў і палітыкаў, як Васіль Старавойтаў, Мікалай Статкевіч, Міхаіл Марыніч, актывістаў моладзевага руху і ўдзельнікаў вулічных акцый пратэсту. Выказвалася меркаваньне, што якраз дзякуючы яе адвакацкім намаганьням сёлета стала шырока вядомаю і дайшла да суду гэтак званая справа пра “жывы шчыт”.