Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мне здавалася, увесь Менск быў там”


30 кастрычніка спаўняецца 20 гадоў першай масавай акцыі ў гонар Дня памяці продкаў “Дзяды”. Мітынг 30 кастрычніка 1988 году быў гвалтоўна разагнаны. Паэт, старшыня Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі кнігазбор” Кастусь Цвірка быў адным з удзельніках тых падзеяў. Сёньня Кастусь Цвірка ўзгадвае “Дзяды-1988”.

“Самае яркае ўражаньне – вельмі многа людзей было. Мне здавалася, што ўвесь Менск там. Другое – уздым такі быў! Я быў разам з жонкай, мы прайшлі ўвесь шлях да канца, пабылі на мітынгу. Я бачыў, як міліцыя выстройвалася. Потым была каманда, і яны рушылі на нас… Я нават ня памятаю, як празь якую хвіліну я апынуўся ў нейкай яме. Калі яны націснулі, усе – хто куды. Я падняўся, паглядзеў, што на тым месцы, дзе толькі што быў мітынг, ужо пуста – неяк імгненна ўсё адбылося.

Калі туды йшоў, зьвярнуў увагу вось на што: на Маскоўскіх могілках вельмі шмат было міліцыянтаў, якія трымалі сабак на павадках. Я гэта заўважыў, хацеў сфатаграфаваць, але мне не далі, міліцыянт засланіў, і так і не сфатаграфаваў. Ну, і як ішлі назад, убачыў, як два хлопцы-здаравякі ў цывільнай вопратцы схапілі аднаго з удзельнікаў шэсьця, у якога быў магнітафон. Яны – адзін з аднаго боку, другі з другога – хацелі ўжо весьці яго ў машыну. А я блізка быў, узяў і штурхануў аднаго зь іх у грудзі. Ён адскочыў. А той хлопец з магнітафонам высьлізнуў і ўцёк. А яны затое ўзялі мяне з двух бакоў і вядуць у машыну. А тут якраз ішла маладая паэтка Тацяна Зіненка. Яна крычыць тады з тратуару: “Што вы забіраеце заслужанага чалавека, паэта!” І яны тады мяне адпусьцілі…

Я такі, як быў, такі і застаўся і цяпер. Я ўсё гэта разумею. Разумеў тады і цяпер разумею…”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG