Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сахараўская прэмія — кітайскаму палітвязьню


Ху Цза (Hu Jia) на плошчы Т’яньаньмэнь у Пэкіне
Ху Цза (Hu Jia) на плошчы Т’яньаньмэнь у Пэкіне

Ляўрэатам прэміі імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі” стаў кітайскі палітычны актывіст Ху Цзя, які цяпер знаходзіцца ў турме.

Пра гэта абвясьціў сёньня старшыня Эўрапарлямэнту Ханс-Герт Пётэрынг. На прэмію імя Сахарава вылучаўся сёлета і экс-кандыдат у прэзыдэнты, былы палітвязень Аляксандар Казулін.

Дзейнасьць выбітнага кітайскага праваабаронцы і дысыдэнта Ху Цзя ахоплівае шырокі дыяпазон пытаньняў, ад аховы навакольнага асяродзьдзя і праблемы ВІЧ-СНІД да заклікаў расьсьледаваць крывавыя падзеі на плошчы Т’яньаньмэнь. Ён таксама дзейнічае як каардынатар руху “босых юрыстаў”.

Спадар Пётэрынг, называючы імя ляўрэата прэміі імя Сахарава — Ху Цзя, падкрэсьліў, што Эўрапарлямэнт цьвёрда і рашуча выказвае прызнаньне штодзённай барацьбы ўсіх праваабаронцаў Кітая за свабоду.

Таксама на прэмію сёлета вылучаліся Аляксандар Казулін і кіраўнік выбарчай камісіі Дэмакратычнай Рэспублікі Конга абат Апалінары Малу Малу.

Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі выказаў меркаваньне, што прэміі падобнага ўзроўню (Сахараўская, прэмія Эўразьвязу, Нобэлеўскія прэміі) уручаюцца перадусім, каб прыцягнуць увагу ўсясьветнай грамадзкасьці да канкрэтных праблем. І тое, што прадстаўнікі Беларусі атрымалі Сахараўскую прэмію цягам некалькіх апошніх гадоў двойчы, сьведчыць пра тое, што беларускія праблемы — у фокусе ўвагі міжнароднай супольнасьці, кажа Алесь Бяляцкі.

“Тое, што быў вылучаны Казулін — гэта было ўжо само па сабе дастаткова важна. І мне падаецца, што гэта адыграла пэўную ролю ў ягоным вызваленьні. Прэмію атрымаў кітайскі праваабаронца, і ў гэтым ёсьць пэўны сэнс і кантэкст. Сёньня вельмі верагодным кандыдатам на Нобэлеўскую прэмію міру таксама быў адзін з кітайскіх праваабаронцаў, усяго чатыры кітайцы былі ўключаны ў гэты сьпіс на Нобэлеўскую прэмію міру, але ніхто зь іх Нобэлеўскай прэміі не атрымаў. Таму ўручэньне Сахараўскай прэміі аднаму з кітайскіх праваабаронцаў было ў пэўнай ступені выразам таго, што Эўразьвяз заклапочаны сытуацыяй з правамі чалавека ў Кітайскай Рэспубліцы”.

Нагадаем, адна Сахараўская прэмія была прысуджана Беларускай асацыяцыі журналістаў у 2004 годзе, другая — у 2006 годзе экс-кандыдату ў прэзыдэнты Аляксандру Мілінкевічу.

Паплечнік Аляксандра Казуліна па партыі, Мечыслаў Грыб, кажа:

“Нам цяжка меркаваць, мы ня маем на шалях заслуг аднаго, другога і трэцяга. Я ведаю, напрыклад, толькі Казуліна — ягоную барацьбу, ягоныя подзьвігі. А якія заслугі ёсьць у кітайца, я ня ведаю. Таму цяжка меркаваць, хто больш заслужыў, хто менш. Нічога страшнага ў гэтым я ня бачу. Хай жыве, хай працуе, хай змагаецца. Не далі ў гэтым годзе — ёсьць шанец на наступны год”.

Прэмія імя Сахарава была заснаваная Эўрапарлямэнтам у 1988 годзе і прысуджаецца штогод за “дасягненьні ў справе правоў і свабод чалавека, а таксама за павагу да міжнароднага заканадаўства і разьвіцьцё дэмакратыі”. Памер прэміі — 50 тысяч эўра. Звычайна ўшанаваньне ляўрэата адбываецца 17 сьнежня ў Страсбуры. Як будзе сёлета — пакуль невядома, бо Ху Цзя цяпер знаходзіцца за кратамі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG