Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэжысэр, нязручны для ўлады


Ігар Дабралюбаў
Ігар Дабралюбаў

Сёньня 75-гадовы юбілей адзначае адзін з самых вядомых беларускіх кінарэжысэраў, народны артыст Беларусі Ігар Дабралюбаў.


Пасьля некалькіх інфарктаў і інсультаў майстар прымае віншаваньні ў ложку і толькі самым блізкім адважваецца сказаць у тэлефон кароткае, але фізычна складанае для яго “дзякуй”. Тым часам дзяржаўныя чыноўнікі, адказныя за кінэматограф, ужо шмат гадоў дзень нараджэньня Дабралюбава ігнаруюць. Чым рэжысэр кінашлягеру “Белыя Росы” прыйшоўся недаспадобы Міністэрству культуры і роднаму “Беларусьфільму”?

Нэлі Іванаўна, жонка Ігара Дабралюбава, расказала, што ўвечары да іх прыйдуць некалькі блізкіх людзей; разам пасядзяць, пап’юць гарбаты, паўзгадваюць больш сьветлыя моманты, чым зараз. Ігару Міхайлавічу, нягледзячы на тое, што менавіта ён галоўны герой сьвяткаваньня, загадзя адведзеная роля статыста: вось ужо 10 месяцаў, пасьля другога інсульту, ён не ўстае з ложка і зь цяжкасьцю размаўляе. Праўда, як удакладняе спадарыня Нэлі, рэгулярна глядзіць тэлевізар і чытае газэты, найперш “Народную волю”. Цікаўлюся: а які падарунак рэжысэру падрыхтавала кінастудыя “Беларусьфільм”, дзе ён пачаў працаваць роўна 45 гадоў таму?

“Пра што вы кажаце? Не чыноўнікі, а самі кінэматаграфісты, якія зь ім працавалі, вырашылі яго павіншаваць неафіцыйна ў Музэі кіно. Былі
Мы ўключылі ОНТ паглядзець — нічога пра тое, што калегі зьбіраліся і віншавалі, а толькі тое, што яму 75 гадоў. То бок — выразалі, не прапусьцілі”. ...
дзьве сустрэчы. Спачатку з моладзьдзю, была размова пра пытаньні выкладаньня, пра праблемы, якія стаяць у фільме “Расклад на пасьлязаўтра”; вельмі добра наконт гэтага выступалі выкладчыкі. А пасьля сабраліся самі кінэматаграфісты. Было тэлебачаньне. Самае цікавае, што адзьнялі сюжэт, людзі прамаўлялі такія цёплыя словы, што ў мяне ўвесь час сьлёзы цяклі. Абураліся, што не далі Ігару Міхайлавічу выкладаць. Мала, што фільмы не давалі здымаць, дык не дазволілі ні ў Інстытуце культуры, ні ў Акадэміі мастацтваў рэжысэрскія курсы весьці. Потым з ОНТ затэлефанавалі, што будзе эфір сёньня аб 11-й. Мы ўключылі паглядзець — нічога пра тое, што калегі зьбіраліся і віншавалі, а толькі тое, што яму 75 гадоў. То бок — выразалі, не прапусьцілі”.

Ігар Дабралюбаў нарадзіўся 22 кастрычніка 1933 году ў Новасыбірску, але ўсё яго сьвядомае жыцьцё зьвязанае зь Беларусьсю. У 1956 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ; потым навучаўся на рэжысэрскім факультэце Ўсесаюзнага дзяржаўнага інстытуту кінэматаграфіі. Ад 1963 году, фармальна ўжо 45 гадоў, Ігар Дабралюбаў — рэжысэр кінастудыі “Беларусьфільм”. Тут створаныя працы, якія прынесьлі яму вядомасьць далёка за межамі Беларусі: “Іван Макаравіч”, “Вуліца без канца”, “Восеньскія сны”, “Трэцяга ня дадзена”; дзіцячыя “Па сакрэту ўсяму сьвету”, “Незвычайныя прыгоды Дзяніса Караблёва” ды іншыя. Безумоўны бэстсэлер Дабралюбава — лірычная камэдыя “Белыя Росы”. Гэтымі днямі стужка, як і аўтар, адзначае юбілей — 25 гадоў таму, у кастрычніку 1983 году, фільм паводле сцэнара драматурга Аляксея Дударава выйшаў на вялікія экраны.

Сам Дудараў наўпрост называе кінастужку беларускай клясыкай:

“Не зраблю ніякага адкрыцьця і ня буду нясьціплым, калі скажу: “Белыя Росы” — гэта клясыка кінамастацтва. Ня кожны народ мае такое кіно, такія вобразы. Гэта фільм менавіта Ігара Міхайлавіча Дабралюбава, і ён цалкам адпавядае прозьвішчу стваральніка. У стужцы нейкім чынам закадзіравана столькі дабра, столькі любові, столькі павагі да чалавека і, як ні дзіўна, да гэтага складанага, часам неўладкаванага жыцьця. Гэта выключна ягоная заслуга. Таму што ён бацька, ён сабраў нас усіх, у тым ліку і мяне, і актораў; прыслуховаўся да кожнай нашай парады — ад гэтага цуд такі і зьявіўся. Я віншую свайго старэйшага калегу, дай Божа яму здароўя. Шкада, што яго патэнцыял за ягонае творчае жыцьцё выкарыстаны быў недастаткова. Нават зусім недастаткова”.

Карэспандэнт: “Не падаецца, што Дабралюбава ў тыраж сьпісалі дачасна?”

“Час такі, што зробіш. Чуліся поклічы: маўляў, трэба, каб прыйшлі маладыя, каб прыйшлі новыя сілы. Ну, нібыта і прыходзілі. Але дзе яны зараз?”

Калі ў 1970—80-х на кінастудыі “Беларусьфільм” Ігар Дабралюбаў прадукаваў практычна па фільме кожны год, то ў 1990-х зьявіліся толькі два: “Плач перапёлкі” і стужка з сымбалічнай назвай “Эпілёг”. Фактычна 1994 год стаў для майстра разьвітальным з прафэсіяй — праўда, не з уласнай волі: так вырашылі чыноўнікі Міністэрства культуры.

Паваротным для рэжысэра момантам стала ягонае жаданьне зьняць фільм паводле апавяданьня Васіля Быкава “Жоўты пясочак”. І без
Міністэрства культуры “зарэзала” яго прапанову паставіць “Жоўты пясочак” Васіля Быкава, пасьля чаго ўсялякія кантакты зь ім былі спыненыя.
таго занадта незалежны і самастойны Дабралюбаў стаў для чыноўнікаў сынонімам зацятага апазыцыянэра. У траўні мінулага году, калі Ігар Міхайлавіч яшчэ ня быў такі хворы, у пакуль што апошнім інтэрвію для "Свабоды" ўзгадваў, што Міністэрства культуры “зарэзала” ягоную прапанову паставіць “Жоўты пясочак” Васіля Быкава, пасьля чаго ўсялякія кантакты зь ім былі спыненыя:

“У мяне з Васем Быкавым была дамоўленасьць экранізаваць “Жоўты пясочак”, дык я і здымаў бы. Гэта ягоная маленькая аповесьць пра тое, як НКВД вядзе людзей на расстрэл. Але Міністэрства культуры фактычна забракавала прапанову. Маўляў, прачытаем і затэлефануем. Вось да гэтага часу і чытаюць, ужо гады чатыры. Жах”.

Калега Ігара Дабралюбава, кінарэжысэр Вячаслаў Нікіфараў усё тое, што апошнім часам адбываецца зь людзьмі, якія прынесьлі “Беларусьфільму” славу, характарызуе як дыягназ:

“Ды вядома, гэта нейкая сваволя. Але, баюся, гэта не выключэньне, не адзіны выпадак у тым сэнсе, што так ставяцца ўвогуле да старых людзей. У нас гэта амаль павальна, хваля такая. У Расеі колькі такіх выпадкаў. Гэта агульная хвароба нашага грамадзтва. Увогуле ў нас сьледам за Ігарам Міхайлавічам з таго пакаленьня (маю на ўвазе гульнявое кіно, не дакумэнталістаў) зараз засталіся толькі Рыбараў ды я — людзі, якім за 60. На ўсіх простая арытмэтыка. Ігару Міхайлавічу за апошнія 15 гадоў далі зрабіць адзін фільм. Той жа Рыбараў з 1988 году, калі зьняў нашумелы фільм “Мяне завуць Арлекіна”, больш ён на студыі за 20 гадоў нічога не зрабіў. Я там зрабіў нейкія паўтары карціны, адна сумесная. То бок калі такога ўзроўню рэжысэры, як Дабралюбаў, Рыбараў, пра сябе ня буду гаварыць, дзесяцігодзьдзямі незапатрабаваныя, дык пра што можна казаць?!”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG