Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як жывуць у Магілёве інваліды па зроку?


Адзін з сымбаляў Дня белага кійка
Адзін з сымбаляў Дня белага кійка
«Мая праблема — не мая сьлепата, а стаўленьне грамадзтва да мяне як асобы»: пад такім лёзунгам чацьверты год запар на Магілёўшчыне Таварыства інвалідаў па зроку праводзіць месячнік акцыяў «Белы кіёк».

Акцыі прымеркаваныя да Міжнароднага дня сьляпых, які адзначаецца 13 лістапада. Мэта месячніка — забраць увагу грамадзкасьці да праблемаў ды патрэбаў невідушчых людзей.

Вуліца Цыялкоўскага ў магілёўскім мікрараёне Мір-1 — месца кампактнага пражываньня невідушчых людзей. Інваліды па зроку там жывуць зь сярэдзіны 1960-х гадоў. У закальцаваным пяці- і двухпавярховымі дамамі двары дагэтуль стаіць прыбіральня. Ад яе ў двары смурод. Засталіся ад таго часу й аднапавярховыя, як кажуць у горадзе, сараі. Дзе-нідзе ўжо паваленыя часам.

Месца кампактнага пражываньня невідушчых людзей: прыбіральня, збудаваная ў сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя.
Месца кампактнага пражываньня невідушчых людзей: прыбіральня, збудаваная ў сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Тамтэйшыя жыхары кажуць, што іх кінулі і забылі. Іхныя турботы застаюцца толькі іхнымі:

Спадар: «Дарогі во ламаныя, мы ня можам ісьці. Яміны, вада наўкола. Я інвалід першай групы, але яшчэ бачу крыху. Я іду, і мне трэба хоць троху асьвятленьня. Раніцой я іду на працу й нічога ня бачу перад сабою».

Месца кампактнага пражываньня невідушчых людзей: касмэтычны рамонт правялі — лужыны засталіся.
Месца кампактнага пражываньня невідушчых людзей: касмэтычны рамонт правялі — лужыны засталіся.

Спадарыня: «А вось бачыце, які пабіты ў нас двор. А во лаўкі — гэта я нагарадзіла. У сьметніцу выкінуць, а я вазьму й прывалаку. Во сюды сьпінку прыбіла. У пад’ездах нічога ніхто ня хоча рабіць. Шкло ўсё ў нас пабітае. Во так».

Праблемаў невідушчым людзям дадало будаўніцтва жылога дому. Яго распачалі акурат на іхным шляху на мясцовы Дубравенкаўскі рынак. Летась улады хацелі рынак зьліквідаваць, аднак жыхары раёну яго адстаялі.
Дарога невідушчых людзей у горад і на рынак.
Дарога невідушчых людзей у горад і на рынак.
Гэту дарогу перагарадзіла будоўля.
Гэту дарогу перагарадзіла будоўля.

Аб праблемах невідушчых людзей па-за месцам іх кампактнага пражываньня гаворыць старшыня абласной арганізацыі Таварыства інвалідаў па зроку Натальля Панцялеева. Паводле яе, апошнім часам шмат гаворыцца пра пандусы й парэнчы. Для невідушчых і слаба відушчых людзей яны не настолькі важныя, зазначае спадарыня Панцялеева:

«Каб яму было лепей, калі ён дрэнна бачыць, неабходны кантраст колеру. Кантрасных прыступак няма. Сьвятлафораў агучаных на сёньня стала менш намнога ў Магілёве. На некаторых прыпынках адразу выходзіш, і тут табе дрэва. Каля таго ж нашага аблвыканкаму. Выходзіш, а тут алейка. Ну й мітусісься адразу між дрэвамі й сьметніцамі, каб трапіць куды-небудзь».
Васіль Уладзімеравіч Вільчык не адчайваецца
Васіль Уладзімеравіч Вільчык не адчайваецца
Зрэшты, ня ўсіх невідушчых людзей клапоцяць толькі праблемы быту. Мясцовага жыхара Васіля Вільчыка непакоіць стан беларускай мовы й непавага ўлады да бел-чырвона-белага сьцяга й герба «Пагоня»:

«Я лічу, што ў 1995 годзе было зроблена страшэннае злачынства, калі ўзаконілі сымболіку камунізму, савецкай улады. Дык я ўжо толькі на Бога спадзяюся, што ўсё ж нейкая праўда ёсьць. Бо ня можа такога быць, каб панавала мачыха, а сваю маці сваю родную так зьневажалі, шальмавалі ды палівалі брудам. Ніколі я з гэтым, і памру, не пагаджуся».

Уладзімер Ігнатавіч кажа, што суседзі яго не разумеюць, але ён не адчайваецца:

«Я разумею, што такое справядлівасьць. Як казаў Васіль Уладзімеравіч: „За імі сіла, а за намі ісьціна“. Хоць нас меншасьць, аднак за намі больш справядлівасьці».

Спадар Вільчык слухае «Свабоду» ад 1988 году. Што-нішто пераказвае з пачутага суседзям. «Яны хоць і адмахваюцца, аднак прыслухоўваюцца», — зазначае Ўладзімер Ігнатавіч.

Да паслугаў невідушчых людзей працуе бібліятэка. Тут літаратура на аўдыёкасэтах. У загадчыцы Валянціны Ўладзімераўны пытаюся, ці ёсьць касэты па-беларуску:

Загадчыца бібліятэкі Валянціна Ўладзімераўна расказвае пра беларускую літаратуру для невідушчых людзей.
Загадчыца бібліятэкі Валянціна Ўладзімераўна расказвае пра беларускую літаратуру для невідушчых людзей.

«У нас цэлы аддзел беларускай літаратуры. Вось нядаўна мы Герчыка атрымалі. „Вяртаньне да сябе“ называецца. Раман, ён ім дужа падабаецца. Шамякін у нас агучаны амаль увесь. І бяруць, і чытаюць. Некаторыя, праўда, абруселі троху, хаця й нарадзіліся ў Беларусі. Аднак мне такое стаўленьне да літаратуры не падабаецца».

Агучаныя для невідушчых людзей апавяданьні Генрыха Далідовіча «Жар каханьня».
Агучаныя для невідушчых людзей апавяданьні Генрыха Далідовіча «Жар каханьня».
Агучаныя для невідушчых людзей апавяданьні Генрыха Далідовіча «Жар каханьня».
Паводле загадчыцы, літаратура дужа дарагая. Даводзіцца плаціць па сто й болей тысяч рублёў за набор касэтаў. Большасьць іх закупляецца ў Расеі. Бібліятэку наведваюць больш за трыста чалавек. У асноўным чытаюць дэтэктывы й сучасныя раманы, кажа Валянціна Ўладзімераўна.

На ўліку рэгіянальнай арганізацыі Таварыства інвалідаў па зроку стаіць каля паўтары тысячы чалавек. Усе яны ў асноўным працуюць на спэцыялізаваных прадпрыемствах. У Магілёве такое прадпрыемства, «Ціфлос», знаходзіцца на вуліцы Цыялкоўскага. Там працуе больш за трыста чалавек. Яны вырабляюць электрычную, мэблевую фурнітуру, а таксама гаспадарчыя тавары.

Белы кіёк — гэта сымбаль невідушчага чалавека. Яго вынайшаў прафэсійны фатамайстар з Брытаніі Джэймз Бігз, які асьлеп у выніку няшчаснага здарэньня. Ад 1921 году Міжнародны дзень белага кійка адзначаецца 15 кастрычніка. 13 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень сьляпых. Між гэтымі датамі й праводзяць на Магілёўшчыне месячнік «Белы кіёк».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG