Прадстаўнікі незарэгістраванай у Беларусі арганізацыі “Малады фронт” ушанавалі памяць ахвяраў Менскага гета. 20 кастрычніка яны ўсклалі кветкі да мэмарыялу “Яма” і запалілі памінальныя сьвечкі.
“Мы ўсклалі кветкі, каб ушанаваць памяць тых, хто загінуў падчас ліквідацыі гета. Безумоўна, мы памятаем пра гэтую трагедыю, і менавіта моладзь сваёй прысутнасьцю павінна сказаць, што мы ўсьведамляем, зь якой адказнасьцю мы павінны будаваць сваю будучыню”, — заявіла адна з удзельніц акцыі Наста Палажанка.
У акцыі ўзялі ўдзел каля 15 чалавек, паведамляе БелаПАН.
Шэсьцьдзесят пяць гадоў таму ў Менску фашысты зьнішчылі гета, вязьнямі якога былі каля 100.000 габрэяў зь Беларусі, Польшчы, Нямеччыны, Аўстрыі, Францыі, Галяндыі, Бэльгіі. Менскае гета было адным з найбуйнейшых у Эўропе і праіснавала каля 27 месяцаў. На некалькіх вуліцах, абцягнутых калючым дротам, у ліпені 1941 году на кожную сям’ю прыпадала ня больш як 1,5 квадратнага мэтра тэрыторыі.
21 чэрвеня 1943 году Гімлер загадаў зьнішчыць усе гета, што засталіся на тэрыторыі Ўсходняй Беларусі (з насельніцтвам каля 400 тысяч чалавек). Апошнімі ахвярамі Галакосту на беларускай зямлі сталі вязьні Менскага гета: 21 кастрычніка эсэсаўцы адправілі ў Малы Трасьцянец у “душагубках” тысячы людзей.