У дакумэнце маюць быць прадугледжаныя дзяржаўныя гарантыі па ўсіх укладах, незалежна ад іх велічыні, а таксама прыём укладаў “без дэклярацыяў, з поўным выкананьнем таямніцы ўкладаў”. Ці можна назваць такія крокі амністыяй капіталу? Наколькі моцны давер да банкаўскай сыстэмы Беларусі? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі
Цыганкоў: “Як можна ацаніць рыхтаваны дакумэнт? Наколькі ён адпавядае тым тэндэнцыям, якія назіраюцца ў банкаўскім сэктары многіх краінаў у сувязі з крызісам? Цяпер многія дзяржавы прымаюць дакумэнты, якімі ў пэўнай ступені гарантуюцца ўклады насельніцтва. Але здаецца, толькі ў Беларусі зьбіраюцца гарантаваць усе ўклады, незалежна ад і велічыні. Ці не рызыкуе тут дзяржава?”
Залескі: “Гарантаваць можна што заўгодна. Пытаньне ў тым, хто гарант і ці мае ён рэальныя магчымасьці выканаць свае абавязацельствы. Такое рашэньне можна было прыняць і 10 гадоў таму. Гэта паспрыяла б ажыўленьню ўнутранага попыту, бо банкі не баяліся б крэдытаваць насельніцтва, а яно не баялася б класьці грошы на дэпазыт. І ня толькі беларусы, якія павывозілі грошы на за мяжу, але і замежнікі, найперш расейцы і ўкраінцы”.
Цыганкоў: “Тым ня менш пакуль уклады насельніцтва ў банкаўскую сыстэму Беларусі растуць.
людзі вельмі недасьведчаныя, не пашкоджаныя ведамі пры крызіс і досьведам, што рабіць у такіх сытуацыях
Залескі: “А беларусы нічога не баяцца, таму і грошы нясуць. У нас у фінансавых пытаньнях людзі вельмі недасьведчаныя, не пашкоджаныя ведамі пры крызіс і досьведам, што рабіць у такіх сытуацыях. Усё ідзе добра, дзяржава ўсё гарантуе, прэзыдэнт абяцае…
Тым больш сумы, якія трымаюць нашы людзі, даволі мізэрныя. Агульная сума сродкаў насельніцтва ў беларускіх банках — 13,3 трыльёнаў. Гэта каля 6,5 мільярдаў даляраў, то бок па 650 даляраў на жыхара Беларусі. Толькі 3 працэнты маюць сумы, значныя паводле эўрапейскіх мерках — астатнія маюць капейкі, і магчыма, асабліва за іх не баяцца”.
Цыганкоў: “Прэсавы сакратар Нацыянальнага Банку Міхаіл Журавовіч назваў рыхтаваную адмену абмежаваньняў на прыцягненьне ўкладаў фізычных асобаў ( у тым ліку нерэзыдэнтаў) “частковай амністыяй капіталу”.
Зрухі ў лепшы бок ёсьць. Але гэтыя зрухі ідуць у рэчышчы таго, што зрабілі ўжо суседзі раней за нас
Залескі: “Амністыя капіталу магла бы быць абвешчаная і наўпрост, як у Казахстане. Іншая рэч — колькі людзей даверацца гэтым абяцаньням і павераць, што яны “чыста” ўвойдуць са сваімі грашыма на наш рынак.
Сапраўды, гэта падобна на амністыю, бо гаворка ідзе ня толькі пра беларускіх грамадзянаў, але і пра нерэзыдэнтаў, якім таксама ўсё будзе гарантавана. Трэба пабачыць яшчэ падпісаны дакумэнт, і паглядзець, як гэта ўсё будзе працаваць. Але наагул можна сказаць. што зрухі ў лепшы бок ёсьць. Але гэтыя зрухі ідуць у рэчышчы таго, што зрабілі ўжо суседзі раней за нас.”