Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мартынава чакае "тройка"


Сёньня ў Люксэмбургу Рада Эўразьвязу разгледзіць сытуацыю ў Беларусі. Чакаецца, што міністры замежных справаў 27-краінаў вырашаць ці прыпыняць санкцыі адносна беларускіх чыноўнікаў уключна з кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам.

У Люксэмбург запрошаны міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў. Яго чакае “тройка” Эўразьвязу – эўракамісар па зьнешніх сувязях і палітыцы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр, кіраўнік МЗС Францыі Бэрнар Кушнэр і вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па агульнай зьнешняй палітыцы і бясьпецы Хавіер Саляна. Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч станоўча ставіцца да запрашэньня ў Люксэмбург Сяргея Мартынава.

8
“Калі мы кажам Беларусі залежыць на супрацоўніцтва з Эўропай, на эканамічнай падтрымцы, то трэба, каб асобы такога ўзроўню як Мартынаў, тым больш, што ён не знаходзіцца ў сьпісе неўязных, бралі ўдзел. Гэта сьведчыць на тое, што Эўропа мае сур’ёзны падыход, а ня проста гуляе ў палітычную гульню. На паседжаньні Мартынаў ня будзе, бо яно зачыненае. А ў кулюарах будуць сустрэчы. Магчыма, Мартынаў сустрэнецца з “тройкай”.

Афіцыйны Менск спадзяецца, што Эўразьвяз сёньня здыме ўсе санкцыі зь беларускіх чыноўнікаў. Аб’яднаныя дэмсілы маюць сваю пазыцыю. Зь ёй Аляксандар Мілінкевіч азнаёміў пад час сустрэчы напярэдадні міністра замежных справаў Чэхіі. Дарэчы, Чэхія з новага году будзе старшыняваць у Эўразьвязе. Ці трэба ж адмяняць санкцыі адносна Аляксандра Лукашэнкі?

“Ёсьць такая супольная думка ў дэмакратычных сілаў, што і яму з часам трэба адмяніць візавыя абмежаваньні. Але пэўныя рэчы павінны быць зроблены ў краіне. Гэта і большая свабода мэдыяў, магчымасьць для дзеяньняў грамадзкіх арганізацый і партый. Я думаю, што з часам гэта цалкам магчыма і важна нават, каб ён меў магчымасьць таксама сустракацца. Бо мы хутчэй будзем разьвіваць супрацоўніцтва з Эўропай. Але яшчэ занадта мала зроблена. Гэта пакрокавая стратэгія. Лукашэнка ж абяцаў, што зробіць пяць крокаў, калі Эўропа зробіць два. Я думаю, калі так сапраўды будзе, то ў нас добрыя пэрспэктывы”.

Якія ж гэтыя два крокі, якія павінна была б зрабіць Эўропа, на думку Аляксандра Мілінкевіча?

“Пакуль што Эўропа не зрабіла ніводнага кроку. Яна сама кажа, што даволі марудна вырашае пытаньні. Калі былі вызваленыя палітычныя вязьні, трэба было адразу зрабіць крок па скарачэньні візавых абмежаваньняў. Гэта не было зроблена. На жаль, там хутка не вырашаецца, патрэбны кансэнсус, які нялёгка дасягаецца. Наступныя крокі – гэта можа быць удзел Беларусі ў праграмах добрасуседзтва. Там сур’ёзныя магчымасьці для падтрымкі эканамічных рэформаў. Многа чаго можна рабіць. І пакуль што Эўразьвяз толькі фармулюе гэтыя рэчы. Я думаю, як мага хутчэй павінна быць напісана “дарожная мапа”. І яна павінна канкрэтна расьпісваць, што робіцца з аднаго боку, што з другога. І тады ня трэба з аднаго боку два, а з другога пяць. Па адным з кожнага боку і па чарзе”.

Аляксандар Мілінкевіч мяркуе, што цяпер найбольш спрыяльныя ўмовы для таго, каб паменшыць кошт шэнгенскіх візаў для беларусаў. Ён лічыць, што гэта Эўропа павінна зрабіць без усялякіх умоваў, бо беларускаму народу вельмі важна супрацоўніцтва з Эўропай і яе адкрытасьць.


Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін лічыць, што Рада Эўразьвязу ў значнай частцы прыме тое, што рэкамэндаваў Эўрапарлямэнт. Як ён лічыць, ці трэба здымаць санкцыі адносна А.Лукашэнкі?

“Санкцыі трэба тады здымаць, калі зьніклі тыя матывы, якія былі пры ўвядзеньні санкцый. І я ня бачу сёньня па многіх чыноўніках, што трэба зьмякчыць падыход. Бо прычыны засталіся як і раней. Я думаю, што так і будзе зроблена, бо так адзначана і ў рашэньні Эўрапарлямэнту”.

Пад час сустрэчы ў Люксэмбургу Рада Эўразьвязу разгледзіць сытуацыю ў Беларусі пасьля выбараў у зьвязку з заявай рады Эўразьвязу ад 15 верасьня. Нагадаем. у ёй гаварылася аб гатоўнасьці перагледзець санкцыі адносна беларускіх чыноўнікаў і ўзмацніць афіцыйныя, эканамічныя і культурныя сувязі зь Беларусьсю, павялічыць дапамогу, калі выбары 28 верасьня пройдуць справядліва і дэмакратычна. У дакумэнце таксама гаварылася аб намеры зрабіць пазытыўныя крокі па паэтапнаму аднаўленьню дыялёгу ўключаючы сустрэчу Сяргея Мартынава з “тройкай”.

Напярэдадні Эўрапарлямэнт заклікаў прыпыніць візавыя санкцыі на паўгоду адносна тых асобаў, якія ня бралі ўдзелу ў парушэньнях дэмакратычных выбарчых стандартаў і правоў чалавека. За гэты час афіцыйны Менск мусіць перагледзець дыскрымінацыйны закон аб мэдыях.







Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG