Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дапамог сьледзтву — трапіў за краты


Аляксандар Корык сам зьвярнуўся ў міліцыю, каб расказаць пра дзіўны выпадак, які адбыўся зь ім за адзін-два тыдні да падзей на Дні незалежнасьці ў Менску.


Па падазрэньні ў дачыненьні да выбуху ў Менску 4 ліпеня праваахоўнымі органамі быў затрыманы 21-гадовы Аляксандар Корык, які да нядаўняга часу працаваў у кампаніі “Ўладпрадімпарт”. Ён ураджэнец Бярэзінскага раёна Менскай вобласьці, некаторы час вучыўся ў Менскім дзяржаўным вышэйшым радыётэхнічным каледжы.

Як расказаў БелаПАН Аляксандр Гузаў, сябар затрыманага, зь якім яны разам здымалі кватэру, сп. Корык сам зьвярнуўся ў міліцыю й паведаміў пра выпадак, які адбыўся зь ім за адзін-два тыдні да падзей на сьвяткаваньні Дня незалежнасьці ў Менску.

Летам Корык працаваў мерчэндайзэрам у кампаніі “Ўладпрадімпарт” (звольніўся ў сярэдзіне верасьня), якая пастаўляе ў Беларусь у тым ліку сок “Садочак”, які фігуруе ў справе. Аднойчы, калі Корык вяртаўся дадому пасьля выкладкі тавару ў гіпэрмаркеце “Гіпа”, на прыпынку з просьбай закурыць да яго зьвярнуліся невядомыя маладыя людзі, стан якіх ён расцаніў як неадэкватны. Нібыта ў якасьці падзякі за некалькі цыгарэт яны параілі незнаёмцу пакінуць горад, паколькі будуць узрываць Менск. Пра гэта Корык расказаў сябру пасьля выбуху 4 ліпеня, а потым у міліцыі.

Пасьля гэтага, паводле слоў Гузава, сябра пачалі выклікаць на допыты, а 30 верасьня Аляксандра Корыка затрымалі й зьмясьцілі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна.

Потым на здымнай кватэры супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС правялі вобыск, але нічога не знайшлі, паведаміў сп. Гузаў. Паводле яго слоў, тады выразна было сказана, што гэткія дзеяньні праводзяцца ў сувязі з магчымым дачыненьнем затрыманага да выбуху 4 ліпеня.

2 кастрычніка самога Гузава дапыталі ў сьледчым упраўленьні ГУУС Менгарвыканкама. Там ён расказаў, дзе быў сам і сп. Корык 2 ,3 і 4 ліпеня, а таксама пра тое, што сябра не разьбіраецца ў хіміі ды радыётэхніцы.

Пракамэнтаваць гэтую інфармацыю, паведаміць, колькі цяпер грамадзян затрымана па падазрэньні ў дачыненьні да выбуху 4 ліпеня, начальнік аддзяленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў ГУУС Менгарвыканкама Аляксандар Ластоўскі ня змог, паведамляе БелаПАН.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG