Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчы дзёньнік. 17 верасьня


Штодня мы расказваем пра барацьбу ў розных рэгіёнах Беларусі за мандаты дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.


Бабруйск. Кандыдату ў дэпутаты Фёдару Вароніча вынесьлі папярэджаньне толькі за тое, што ён хацеў надрукаваць сваю праграму ў трох газэтах

Ліда. Станіслаў Суднік так патлумачыў рашэньне спыніць сваю выбарчую кампанію: ён ня мае сродкаў на працяг агітацыі

Слуцк. Анатоль Юрэвіч падаў скаргу на сваю апанэнтку, кіраўніцу БРСМ спадарыню Кляшчук – яе падначаленыя прыгразілі: “Мы за Інэсу галаву табе адкруцім!”

СЫТУАЦЫЯ

Бабруйскага актывіста АГП К Уладзімера Сямашку камісія папярэдзіла за нібыта паклёп на службоўцаў. У тэлезвароце да выбарцаў ён рэзка выказаўся наконт будаўніцтва лядовага палацу:

“На яго абслугоўваньне спатрэбіцца да трох бюджэтаў гораду – дзе мы будзем браць грошы? Праз тое, што інфармацыя закрытая, нідзе ніколі не было ніякіх лічбаў па будаўніцтве, па абслугоўваньні… І мне цяпер інкрымінуюць, што я выказаў паклёп на службовых асобаў”.

У другіх газэтах мяне не апублікавалі. І за тое, што я направіў у гэтыя газэты заявы вось за гэта мяне й пакаралі
Хоць агучаныя ў тэлеэфіры лічбы кандыдату назвалі менавіта гарадзкія чыноўнікі. Спадар Сямашка чакае вынікаў разгляду сваёй скаргі на заўтрашнім паседжаньні цэнтральнай выбарчай камісіі.

А незалежны кандыдат Фёдар Вароніч папярэджаны за нібыта парушэньне правілаў агітацыі:

“Мы маем права апублікаваць свае праграмы ў гарадзкой, альбо абласной альбо ў рэспубліканскай газэце. Я паслаў заявы ўва ўсе гэтыя газэты, аднак мяне апублікавалі толькі ў “Бабруйскім жыцьці”, у адной газэце. У другіх газэтах мяне не апублікавалі. І за тое, што я направіў у гэтыя газэты заявы вось за гэта мяне й пакаралі”.

Фёдар Вароніч папярэджаньне лічыць абсурдным, аднак абскарджваць яго не зьбіраецца.

ЛІЧБА

25. Менавіта столькі ўдарных акругаў вызначылі сёньня на паседжаньні прэзыдыюму Палітрады Аб’яднаных дэмсілаў.

“Ударная” – гэта азначае, што ў такой акрузе ёсьць ня толькі моцныя кандыдаты, але і існуе магчымасьць наладзіць шчыльнае назіраньне за працэсам галасаваньня. Лідэры АДС перакананыя, каб выбары прайшлі дэмакратычна, дык тут дэмакратаў чакала б перамога.

На пытаньне: 25 – гэта многа ці мала? – спэцыяліст у выбарных тэхналёгіях Сяргей Альфер адказвае так:

“Я лічу, што гэта – добры вынік. Калі з самага пачатку выбарчай кампаніі мы абмяркоўвалі, колькі можна зрабіць ударных акругаў, то лічылі, што будзе добра, калі атрымаецца 10. Па самаму максымуму разьлічвалі на 20. А вось атрымалася 25. Гэта азначае, што ёсьць 25 кандыдатаў, у кожнага зь якіх паўнавартасная каманда, якая можа не толькі агітаваць за свайго кандыдата, але і зрабіць дастаткова моцнае назіраньне ў гэтых акругах. Гэта – добры вынік”.

ФАКТ

Кандыдат АДС у Лідзкай выбарчай акрузе N54 Станіслаў Суднік напісаў заяву аб зьняцьці сваёй кандыдатуры. Цяпер у акрузе застаўся толькі адзін кандыдат, гэта — Тамара Клебан, начальнік упраўленьня эканомікі райвыканкаму. Сябра партыі БНФ Станіслаў Суднік патлумачыў сваё рашэньне наступным чынам:

“Ёсьць рашэньне сойму ад 30 жніўня аб зьняцьці. Проста напісана там: да 23 верасьня. Чаму я цяпер так зрабіў? Таму што ў мяне няма грошай, каб вяртаць дзяржаве тыя выдаткі, якія пойдуць на маю агітацыйную кампанію. Я выступіў па радыё, па тэлебачаньні, гэта нібыта бясплатна. А далей друк плякатаў, улётак. Каб я гэта ўсё надрукаваў і надрукавала б камісія плякаты з двума кандыдатамі і потым бы іх перадрукоўвалі, я б за гэта ўсё плаціў. Таму да 23-га я ўжо чакаць ня мог. А так: пакінулі ў такой сытуацыі, што як не зрабі, усё дрэнна. Зьняцца дрэнна, заставацца дрэнна. Ну, ня зьняўся б, значыццца, трэба пісаць заяву аб выхадзе з партыі, калі я ігнарую іхняе рашэньне”.

ЗДАРЭНЬНЕ

Нам патэлефанаваў вылучэнец АДС па Слуцку Анатоль Юрэвіч: тамтэйшыя сябры БРСМ пашкодзілі яго аўтамабіль. Бо ягонай апанэнткі на выбарах – кіраўніца Слуцкага гаркаму БРСМ Інэса Кляшчук.

“Увечары на зьмярканьні мяне напаткала група юнакоў. Я не спадзяваўся, што яны назіраюць за мной. Пасьля даганяюць і кажуць, што “мы за Інэсу галаву табе адкруцім”. Прыгразілі таксама, што ведаюць, дзе я пакідаю свой аўтамабіль. Сказалі: “Чакай ад нас прывітаньне”. Раніцай выйшаў з дому, а ў аўтамашыне сапраўды правая фара разьбітая”.

Справай хуліганства займаецца цяпер слуцкая міліцыя. Акрамя таго, Анатоль Юрэвіч напісаў яшчэ адну скаргу на Інэсу Кляшчук у акруговую камісію. Маўляў, кандыдат у дэпутаты ня мела права ад імя БРСМ узнагароджваць бульбянымі чыпсамі ўдзельнікаў апошняга спартовага спаборніцтва ў Слуцку. Рэакцыя Інэсы Кляшчук:

“Ага! Няхай дакажа, што я чыпсы раздавала. Нічога не раздавала! Гэты чалавек будзе гаварыць, што заўгодна. Я ж пагляджу, ці правая фара ў яго цэлая альбо не!”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG