У чацьвер прэзыдэнт Абхазіі Сяргей Багапш заявіў, што яго рэспубліка зьбіраецца падаць заяўку на ўступленьне ў саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі. У чым сэнс гэтай ідэі? Якой можа быць рэакцыя афіцыйнага Менску на такую прапанову? Чаму Беларусь зацягвае пытаньне аб прызнаньні Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі?
Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.
Спосаб міжнароднай легітымізацыі Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі
Валер Карбалевіч: “Ідэя ўступленьня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі ў саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі зьявілася з самага пачатку Каўкаскай вайны. Яе агучвалі розныя палітыкі, экспэрты. Вось у чацьвер прэзыдэнт Абхазіі Багапш заявіў, што ягоная рэспубліка зьбіраецца падаць заяўку на ўступленьне ў саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі, а таксама — ня выключана, што яшчэ ў АДКБ і СНД. То бок пытаньне пераводзіцца ў нейкую практычную плоскасьць, рыхтуецца нейкі афіцыйны дакумэнт. У чым сэнс гэтай ідэі? Гэта спосаб міжнароднай легітымізацыі гэтых рэспублік ці што іншае?”
Кірыл Коктыш: “Канечне ж, гэта спосаб міжнароднай легітымізацыі гэтых рэспублік. Уступіўшы ў гэтыя арганізацыі, Паўднёвая Асэтыя і Абхазія становяцца такімі ж міжнароднымі суб’ектамі, які сталыя сябры згаданых структур. Гэта спробы расейскай дыпляматыі зварушыць гэтае пытаньне. Таксама гэта праверка Расеяй ляяльнасьці чальцоў гэтых арганізацый.
Што тычыцца саюзнай дзяржавы, то гэта чамадан бяз ручкі. Яго і цяжка несьці, і шкада кінуць. Праблема ў тым, хто паставіць пытаньне аб заканчэньні гэтага праекту. Той бок, які заявіць, што саюзная дзяржава непатрэбная, будзе несьці на сабе віну за няўдачу гэтага ўтварэньня, яму давядзецца тлумачыць уласнаму насельніцтву свой крок. Якраз перад беларускім бокам можа паўстаць гэтае пытаньне, калі давядзецца рашаць праблему ўступленьня сюды Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі”.
Андрэй Фёдараў: “Сапраўды, гэта спроба легітымізацыі Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі спачатку на постсавецкай прасторы, а потым на шырэйшай міжнароднай арэне. Бо, напрыклад, СНД афіцыйна зарэгістравана ў ААН. Таму калі б Паўднёвая Асэтыя і Абхазія былі прынятыя ў СНД, то гэта стала б значным дасягненьнем для іх. Але гэта малаверагодна з прычыны адмоўнага стаўленьня да згаданых рэспублік з боку некаторых чальцоў СНД.
Іншая рэч — уступленьне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі ў саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі. У Масквы ёсьць рычагі ціску на Менск, каб падштурхнуць яго да згоды па гэтым пытаньні”.
Якой будзе рэакцыя кіраўніцтва Беларусі на гэтую прапанову?
Карбалевіч: “Раней беларускі бок вітаў любое пашырэньне саюзнай дзяржавы. Беларускія афіцыйныя мэдыі з задавальненьнем тыражавалі заявы дзяржаўнага сакратара саюзнай дзяржавы Паўла Барадзіна, які часта і аптымістычна запэўніваў, што хутка ў гэтую арганізацыю запросяцца ўсе сябры СНД, а таксама эўрапейскія краіны. Недзе ў 1999 годзе Лукашэнка быў вялікім энтузіястам уступленьня Югаславіі ў саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі. Афіцыйныя прадстаўнікі Югаславіі нават прысутнічалі ў якасьці назіральнікаў на паседжаньні парлямэнцкага сходу Беларусі і Расеі.
Ну вось, здаецца, мара збываецца, зьявіліся рэспублікі, якія намагаюцца далучыцца да саюзнай дзяржавы. Гледзячы па заявах расейскага амбасадара ў Беларусі Сурыкава, Масква ня супраць гэтай ідэі. А якой будзе рэакцыя кіраўніцтва Беларусі?”
Коктыш: “Для Масквы важнае любое рашэньне Беларусі па гэтым пытаньні. Калі Менск зацікаўлены ў такім становішчы нявызначанасьці, то Масква, наадварот, не зацікаўленая ў гэтым, яна хоча яснасьці. Крэмль будзе чакаць, час ёсьць, а перамовы пра газ будуць толькі ў сьнежні”.
Фёдараў: “Што тычыцца Паўднёвай Асэтыі, то яна імкнецца ня столькі ў саюзную дзяржаву, колькі хоча аб’яднацца з Паўночнай Асэтыяй пад эгідай Расеі.
Сумняваюся, што кіраўніцтва Беларусі хацела б уступленьня Абхазіі ў саюзную дзяржаву. Сапраўды, раней ішлі размова пра далучэньне да саюзнай дзяржавы Югаславіі, Украіны, Армэніі. Але тое былі самастойныя дзяржавы. А Абхазія — гэта маленькая рэспубліка, цалкам залежная ад Расеі. Для кіраўніцтва Беларусі знаходзіцца ў адным саюзе з Абхазіяй было б зьнявагай.
Іншы момант. Калі ў такой пашыранай саюзнай дзяржаве пачнуцца спрэчкі паміж Беларусьсю і Расеяй, якія адбываюцца часта, то Паўднёвая Асэтыя і Абхазія будуць, відавочна, на баку Расеі. І з гэтай прычыны Лукашэнку такое пашырэньне не патрэбнае”.
Калі Беларусь прызнае Паўднёвую Асэтыю і Абхазію?
Карбалевіч: “Перш чым абмяркоўваць пытаньне пра ўступленьне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі ў саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі, спачатку трэба вырашыць пытаньне пра афіцыйнае прызнаньне гэтых рэспублік двума суб’ектамі саюзнай дзяржавы. Расея іх прызнала, а Беларусь — пакуль не.
У панядзелак на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў Лукашэнка заявіў, што гэтае пытаньне разгледзіць новы склад беларускага парлямэнту, выбары якога хутка адбудуцца. Відавочна, афіцыйны Менск зацягвае гэтае пытаньне, цягне гуму. Бо можна было знайсьці шмат іншых і хутчэйшых спосабаў прызнаньня гэтых рэспублік. Навошта Лукашэнка зацягвае пытаньне аб прызнаньні Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі? У чым сэнс гэтай тактыкі?”
Коктыш: “Менску патрэбна прызнаньне выбараў у Палату прадстаўнікоў з боку Захаду. Гэта дапаможа Лукашэнку легітымізаваць балятаваньне на новы прэзыдэнцкі тэрмін. І толькі пасьля гэтага ён прызнае Паўднёвую Асэтыю і Абхазію.
Але такая тактыка не задаволіць Маскву. Учорашняя заява міністра замежных спраў Нідэрляндаў кажа пра тое, што і на заходнім кірунку ў Менску будзе шмат праблем. Да таго ж ня думаю, што прызнаньне выбараў адбудзецца хутка. Таму могуць сапсавацца адносіны і з Расеяй, і з Захадам”.
Карбалевіч: “Калі казаць пра тэрміны, то думаю, што новы склад Палаты прадстаўнікоў можа разгледзяць пытаньне аб прызнаньні Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі толькі ў лістападзе”.
Фёдараў: “Пакуль Паўднёвая Асэтыя і Абхазія не прызнаныя, то і пытаньне пра іх далучэньне да саюзнай дзяржавы ня можа паўстаць. Што да рашэньня Захаду наконт выбараў у Палату прадстаўнікоў, то, думаю, гэта адбудзецца хутка. Спачатку зьявіцца заключэньне місіі назіральнікаў АБСЭ. А потым цягам тыдня Рада ЭЗ прыме рашэньне. Прычым я ня ўпэўнены, што гэтае рашэньне будзе спрыяльным для Менску. Але галоўная праблема ў тым, ці зможа Захад прапанаваць Беларусі нешта такое, каб яна вытрымала ціск з боку Масквы”.
Прызнаньне рэспублік і цэны на газ
Карбалевіч: “Як зьвязанае прызнаньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі з цэнамі на газ?”
Коктыш: “Менск паспрабуе зьвязаць гэтыя два пытаньні. Але для расейскага грамадзтва пытаньне пра гэтыя рэспублікі, увогуле пытаньне пра каўкаскую вайну вельмі важнае. І торг па гэтым пытаньні будзе лічыцца ў Маскве абразай. Расея ўжо звыклася з думкай, што ў Расеі ёсьць толькі два саюзьнікі: армія і флёт. А больш і ня трэба. Гэта можа стаць дамінуючай стратэгіяй Расеі ў дачыненьні да астатняга сьвету.
Таму ня думаю, што для Беларусі гэты торг будзе пасьпяховым. І я не чакаю, што Расея будзе вельмі шкадаваць, калі гэтыя рэспублікі застануцца непрызнанымі”.
Фёдараў: “Усё залежыць ад таго, наколькі важным для Расеі будзе гэтае прызнаньне. Калі Паўднёвую Асэтыю і Абхазію прызнаюць, напрыклад, Лібія, Сырыя, Вэнэсуэла, то патрэба ў беларускім прызнаньні зьменшыцца. У такой сытуацыі Менск шмат вытаргаваць ня зможа”.