Пасьля таго, як ЦВК зарэгістраваў 8 новых прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты, колькасьць адмоваў зьнізілася з 24% да 20%. Але экспэрт у галіне выбараў Сяргей Альфер называе і гэту лічбу надзвычай высокай. Ён кажа, што ў суседніх нам Расеі ці Ўкраіне гэты паказьнік звычайна трымаецца ў памеры 3-5%. Экспэрт тлумачыць, чаму ён там значна ніжэйшы:
“Розныя сыстэмы выбараў выкарыстоўваюцца ў Беларусі, з аднаго боку, і ў Расеі і ва Ўкраіне, з другога. Там выбары праходзяць па прапарцыйнай сыстэме, а ў нас па мажарытарнай.
Але ў той жа Расеі, калі ёсьць недакладнасьць у дэклярацыі (параўнаем сытуацыю з Лагвінцом), то даецца пэўны час, каб прэтэндэнт выправіў недакладнасьці. І там само па сабе заканадаўства не з’яўляецца такім драконаўскім, калі любая тэхнічная памылка становіцца бар’ерам, каб не зарэгістраваць кандыдата”.
Выпадак з Аляксандрам Лагвінцом стаў амаль хрэстаматыйным. Кандыдат дакладна паказаў агульную суму свайго прыбытку за год. Але ў расшыфроўцы гэтага дакумэнту, з тэхнічнай прычыны, выпаў адзін плацёж у памеры 251 эўра, хаця гэтыя грошы ўвайшлі ў агульную суму, зь іх выплачаны падаткі. І таму нават кіраўніца прававога аддзелу ЦВК Надзея Кісялёва прапанавала зарэгістраваць спадара Лагвінца:
“Пры разглядзе дадзенай спрэчкі трэба сыходзіць з мэты дэкляраваньня прыбыткаў і маёмасьці кандыдатаў у дэпутаты. Мэта – давесьці да выбарцаў маёмасны стан кандыдата. Вывучэньне скаргі паказала, што агульная сума прыбытку за год паказаная правільна. Ён сапраўды зрабіў тэхнічную памылку. Паколькі ЦВК патлумачыла, што да ведама выбарцаў даводзіцца сума агульнага гадавога прыбытку, а спадар Лагвінец паказаў сапраўдную суму ў памеры больш за 8 мільёнаў рублёў, то ў гэтым выпадку патрэбна адмяніць рашэньне акруговай камісіі і зарэгістраваць Лагвінца кандыдатам у дэпутаты”.
Як казалі пасьля прысутныя на паседжаньні, калі б спадар Лагвінец прамаўчаў, дык прапанову экспэрткі ЦВК падтрымалі бы іншыя чальцы камісіі. Але кандыдат у дэпутаты папрасіў слова і раскрытыкаваў правілы правядзеньня выбараў у Беларусі.
У выніку ЦВК бальшынёй галасоў адмовіла ў рэгістрацыі Аляксандру Лагвінцу. А Лідзія Ярмошына так пракамэнтавала гэтую сытуацыю:
“Гэта, Аляксандар Іванавіч, цана вашага баявога запалу. Нельга ніколі выхоўваць Цэнтральную выбарчую камісію. Гэта дорага абыходзіцца самому заяўніку”.
Абсалютнай бальшыні дэмакратычных кандыдатаў ЦВК у рэгістрацыі адмовіла. Самая распаўсюджаная памылка вылучэнцаў АДС аказалася наступнай: подпісы выбарцаў яны завяралі ў адміністрацыі аднаго раёну, а патрэбна было – двух.
Справа ў тым, што ўсе выбарчыя акругі ў беларускай сталіцы, акрамя апошняй, 110-й, ахопліваюць тэрыторыю двух раёнаў,-- тлумачыць Сяргей Альфер:
“Больш за тое. Калі ў падпісным лісьце ёсьць хаця б адзін подпіс выбарца з другога раёну, дык гэты ліст лічыцца поўнасьцю несапраўдным. Гэта – маразм. Гэта тое, што было ўведзенае новае ў 2006-м годзе ў заканадаўства.
Я не магу зразумець, навошта гэта было зроблена. Хіба толькі дзеля таго, каб прызнаць несапраўдным не 1 подпіс, а ўсе 15 ці 16. Іншага тлумачэньня знайсьці немагчыма. Ну калі ты лічыш, што 1 чалавек зь іншага раёну, дык выкрасьлі яго. Так рабілася да 2006 году. Тады не было такіх праблемаў. А цяпер яны з’явіліся”.
На наступным тыдні Вярхоўны суд Беларусі будзе разглядаць скаргі незарэгістраваных кандыдатаў на рашэньні Цэнтарвыбаркаму. Ужо вядома, што частка з незарэгістраваных кандыдатаў нават ня будзе спрабаваць зьвяртацца ў вышэйшую судовую інстанцыю краіны. Яны ня вераць, што Вярхоўны суд перагледзіць рашэньне Цэнтральнай камісіі.