Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС і Мінюст не рэагуюць на прапановы БХК


старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак
старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак

Беларуская пэнітэнцыярная сыстэма занадта закрытая, яна недастаткова ўлічвае правы чалавека, ня мае эфэктыўных мэханізмаў абароны людзей, пакрыўджаных у гэтай жа сыстэме, — перакананы старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак

БХК разам зь міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі сёлета рабіў маніторынг сытуацыі ў беларускіх турмах на прадмет іх адпаведнасьці нормам, зацьверджаным ААН. Ягоныя вынікі, высновы і рэкамэндацыі былі яшчэ вясной пададзеныя ў Міністэрства ўнутраных спраў і Мін’юст. Да гэтага часу адказаў няма. Беларускае кіраўніцтва не зацікаўленае ў сыстэмных рэформах, хоць пэўныя зрухі і заўважаюцца,— кажа Алег Гулак.

“Мы разумеем, што немагчыма такую сур’ёзную сыстэму зьмяніць нават за некалькі гадоў. Гэта патрабуе іншага сыстэмнага падыходу і вялікіх фінансавых укладаньняў. Але, на жаль, на нашую думку, недастаткова цікавасьці для таго, каб яе сур’ёзным чынам мяняць. Ідзе шліфоўка і падчыстка замест таго, каб рабіць сыстэмныя зьмены, якія даўно насьпелі”.

Міністэрства юстыцыі ва ўсіх рэгіёнах стварыла камісіі па грамадзкім кантролі за пэнітэнцыярнай сыстэмай. БХК падаваў кандыдатуры сваіх прадстаўнікоў у такія камісіі, але ніводнага не ўключылі. Толькі ў Магілёве ў такую абласную камісію ўдалося трапіць прадстаўніку мясцовага праваабарончага цэнтру.

Паводле Алега Гулака, выпраўленьне людзей, якія ўчынілі злачынствы, у беларускай турэмнай сыстэме немагчымае:

“Галоўная мэта — гэта запалохваньне. Запалохаць і падпарадкаваць. Вось як гэта на практыцы функцыянуе, хоць дэкляруюцца іншыя мэты”.

Алег Гулак мяркуе, што некаторыя ўмовы ўтрыманьня ў беларускіх турмах можна кваліфікаваць як катаваньні. Акрамя таго, актуальнай застаецца праблема міліцэйскага гвалту ў турмах, асабліва ў дачыненьні да людзей зь нізкім сацыяльным статусам. Матэрыялаў на гэтую тэму БХК мае шмат.

“Гэтую праблему немагчыма вырашыць, не зьмяніўшы належным чынам наш судовы працэс, каб суд не займаў абвінаваўчай пазыцыі і не прызнаваў паказаньні, дадзеныя на папярэднім сьледзтве, калі чалавек пазьней ад іх адмаўляецца”,— перакананы Алег Гулак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG