Артыст Тарыэл Майсурадзэ – грузін, які нарадзіўся ў Абхазіі, апошнія 20 гадоў жыве ў Беларусі. Ён і ягоная сям’я — ахвяры яшчэ першага лякальнага канфлікту на тэрыторыі Грузіі на пачатку 1990-х. Майсурадзэ цудам уратаваліся ад разьні ў Абхазіі, а бацькі Тарыэла паўтара дзясятка гадоў жывуць у Тбілісі ў статусе ўцекачоў, ня маючы магчымасьці вярнуцца ў родныя мясьціны. Пры новай хвалі эскаляцыі гвалту такая пэрспэктыва робіцца амаль нерэальнай. Мой суразмоўца не хавае роспачы:
“Я лічу, што трэба перастаць сутыкаць паміж сабой людзей. У мяне дома ў Менску ёсьць чатыры грузінскія тэлеканалы, а таксама расейскія, Бі-Бі-Сі, Сі-Эн-Эн. То бок ёсьць магчымасьць чуць усе бакі. І я скажу, што адна і тая ж відэакарцінка камэнтуецца ўсімі па-рознаму. Сапраўдная інфармацыйная вайна, калі ўсе намагаюцца ўсясьветнай супольнасьці паказаць падзеі так, як гэта ім выгадна. А народ тым часам бамбяць! І гэта якраз амаль не адлюстроўваецца ў агульнадаступных інфармацыйных крыніцах — што бамбяцца гарады і гінуць людзі. Вельмі шмат гіне”.
Карэспандэнт: “Расейскі бок заяўляе, што ахвяраў сярод грузінаў практычна няма...”
“Вельмі шмат ахвяраў сярод мірнага насельніцтва, шмат зьнішчаных дамоў. Я грунтуюся на той інфармацыі, якую зьбіраю, я ж не непасрэдны назіральнік. Учора размаўляў з хросным братам з Абхазіі, ён таксама кажа, што вельмі складаная сытуацыя. І маюць інфармацыю, што будуць расейскія войскі бамбаваць Тбілісі. На жаль, менавіта такая ў іх інфармацыя... Гэта трагедыя, вялікая чалавечая трагедыя. У вайне заўсёды абодва бакі ня маюць рацыі. Асабліва, калі адбываецца такое. Увогуле ўсё вельмі прыкра, і я ня ведаю, як спыніць гэтую вайну. Што я асабіста дзеля гэтага магу зрабіць — нават ня ведаю. Таму дзякуй, што патэлефанавалі. Прынамсі гэта будзе хоць нейкі ўнёсак у сьвядомасьць людзей, каб пра нешта задумаліся”.
Этнічны грузін, журналіст Уладзімер Хачырашвілі лічыць, што ўсе беды на Каўказе пайшлі ад “правадыра
Усе беды на Каўказе пайшлі ад “правадыра народаў”, таксама грузіна Сталіна ...
“Мая сям’я ўся перамяшаная. Браты стрыечныя жанатыя з асэтынкамі, і сястра мая стрыечная замужам за асэтынам. Таму ўсё, што адбываецца ў раёне Горы і Цхінвалі, тычыцца мяне асабіста. Я ня маю адтуль ніякіх зьвестак, нічога ня ведаю пра іхні лёс. Натуральна, што мы ўсе хвалюемся. А калі казаць пра сытуацыю, то мая пазыцыя такая: Саакашвілі ня варта было сунуцца туды са зброяй, трэба было ўсё ж да канца вырашаць пытаньне мірным шляхам. Расея адрэагавала адпаведным чынам. На той тэрыторыі былі міратворцы. Няхай сабе расейскія, але ж яны былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, там былі назіральнікі ад АБСЭ. Але тое, што там працягваецца зараз, я маю на ўвазе, калі пацьвердзіцца факт, што расейцы сапраўды бамбавалі Горы, то гэта сур’ёзнае парушэньне ўсіх міжнародных канвэнцыяў. Але ўвогуле лічу, што гэта сваволя і з аднаго, і з другога боку”.
Народны артыст Беларусі расеец паводле нацыянальнасьці Ўладзімер Гасьцюхін даўно вядомы сваёй прарасейскай пазыцыяй. Народжаны ў Сьвярдлоўску, Гасьцюхін не хавае сваіх поглядаў наконт вызначальнай ролі Расеі ў сьвеце:
“Для мяне ўсё абсалютна зразумела. Я вельмі ўважліва назіраў за тым, што адбываецца, была такая магчымасьць. Дык вось памятаеце, быў такі фільм “Звычайны фашызм” Міхаіла Рома? Вось гэта і ёсьць звычайны фашызм у сучасным выкананьні. Я разумею намаганьні Грузіі захаваць цэласнасьць сваёй тэрыторыі. Але гэтай цэласнасьці яна вырашыла дабіцца коштам зьнішчэньня карэнных народаў, якія жывуць на гэтых тэрыторыях. Малых народаў, тым больш, безабаронных. То бок — Грузія без асэтынаў і абхазаў. Вось якая ідэя сучаснага кіраўніцтва Грузіі. У мяне вельмі шмат сяброў у Грузіі, я люблю гэтую краіну. І я да глыбіні душы ўзрушаны — ува што Саакашвілі ператварыў гэтую дзіўную краіну! Я думаю, што ні асэтыны, ні абхазы ніколі ў бліжэйшай пэрспэктыве цяпер ня будуць зьвязаныя з Грузіяй. Гэтая авантура проста зьнішчыла пэрспэктыву збліжэньня народаў Грузіі”.
Спадар Гасьцюхін таксама абураны, зь яго словаў, “цынізмам” заходніх кіраўнікоў, якія “заплюшчваюць вочы на генацыд” малых народаў Грузіі, працягваючы падтрымліваць прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі.