Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Недзяржаўныя СМІ сталі менш залежаць ад апазыцыі


Як беларускія СМІ — дзяржаўныя і недзяржаўныя — асьвятляюць сёлетнюю выбарчую кампанію? Наколькі апублікаваныя матэрыялы адпавядаюць прафэсійным стандартам журналісцкай працы падчас выбарчага працэсу?

Адказы на гэтыя пытаньні – у дадзеных маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Маніторынг, які ахоплівае пэрыяд з 21 па 31 ліпеня, прадставіў кандыдат філязофскіх навук Алесь Анціпенка. Спадар Анціпенка зазначыў, што дзяржаўныя СМІ асьвятляюць выбары ў сваёй традыцыйнай манеры:

“Нягледзячы на тое, што беларускія ўлады надаюць сёлетнім парлямэнцкім выбарам значна большую палітычную вагу, калі параўнаць з папярэднімі, час і плошча, адведзеныя цяпер выбарчаму працэсу, заўважна (часам у 2 і нават 3 разы) меншыя, чым той час, што адводзіцца прагнозам надвор’я і спартовым выпускам. Гэта азначае, што ў нашай краіне выбары па-ранейшаму зьяўляюцца ня самай галоўнай палітычнай падзеяй”.

Паводле Алеся Анціпенкі, недзяржаўныя мэдыі цяпер меней залежаць ад апазыцыі, чым гэта было падчас парлямэнцкіх выбараў 2004 году. Навуковец лічыць гэта станоўчай зьявай:

“Народная воля” больш збалянсавана асьвятляе зараз розных суб’ектаў выбарчага працэсу. Калі раней было бачна — яны і мы, дык зараз “Народная воля” больш карэктна апісвае розных суб’ектаў выбарчага працэсу.

Што тычыцца стаўленьня да апазыцыі з боку недзяржаўных мэдыяў, то мы заўважылі, прынамсі (яшчэ, можа, рана казаць, што гэта тэндэнцыя): прысутнічаюць як нэўтральны тон асьвятленьня іхнай дзейнасьці, так і станоўчы, і нэгатыўны. Мне падаецца, што ў гэтым сэнсе недзяржаўныя мэдыі робяцца менш залежнымі ад палітычных актараў у нашай краіне”.

Шэф-рэдактар “Народнай волі” Сьвятлана Калінкіна так камэнтуе гэтае выказваньне:

“Па-першае, трэба ўлічваць, што да свайго асноўнага, канкурэнтнага этапу выбарчая кампанія яшчэ не дайшла. І пакуль нават невядома ў асобных акругах, хто каму стане канкурэнтам.

Па-другое, сама кампанія знаходзіцца ў такім стане, калі яшчэ амаль не было значных скандалаў, калі яшчэ не было значнага супрацьстаяньня прэтэндэнтаў ад улады і прэтэндэнтаў незалежных, дэмакратычных.

Як разгортваюцца падзеі падчас кампаніі, пра тое газэты і пішуць. Пакуль, на жаль, кампанія ў нас ня вельмі цікавая. І мы паводзім сябе вельмі стрымана. Апісваем тое, што адбываецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG