Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра выбухі дапытваюць жонак апазыцыянэраў


Пад увагу КДБ і міліцыі трапілі Алена Каваленка і Іна Берніковіч — жонкі дэмакратычных актывістаў, настаўніцы хіміі і біялёгіі паводле адукацыі.

Настаўніцу віцебскай сярэдняй школы № 31 Алену Каваленку, жонку сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Сяргея Каваленкі, апыталі праз тэлефон. Мужчына, які назваўся супрацоўнікам КДБ, цікавіўся тым, ці не была сям’я Каваленкаў у Менску ў ноч з 3 на 4 ліпеня. Таксама ён прасіў ўзгадаць, ці не прасілі вучні спадарыні Алены патлумачыць, як вырабляць выбухоўку. Напрыканцы размовы жанчыне далі зразумець, што КДБ адсочвае праявы апазыцыйнай дзейнасьці яе мужа Сяргея.

Падобная ж размова адбылася ў Глыбоцкім райаддзеле міліцыі з настаўніцай Вярхнянскай базавай школы Інай Берніковіч, жонкай намесьніка старшыні абласной суполкі Партыі БНФ Яраслава Берніковіча. Супрацоўнікаў міліцыі таксама цікавіла, дзе была сям’я ў ноч менскага выбуху і ці не распытвалі Іну Берніковіч пра выбуховыя рэчывы сябры мужа, якія цяпер зьбіраюць подпісы за вылучэньне Яраслава Берніковіча на кандыдата ў дэпутаты. Спадарыня Іна таксама ўваходзіць у ініцыятыўную групу мужа. Апрача яе, у КДБ пра менскія выбухі апыталі яшчэ аднаго сябра ініцыятыўнай групы Яраслава Берніковіча — мастака Аляксандра Мядзельца, які некалі праходзіў тэрміновую службу ў інжынэрна-сапёрных войсках. Спадар Мядзелец распавёў, што разам зь ім выклікалі іншых былых вайскоўцаў-сапёраў, ва ўсіх іх зьнялі адбіткі пальцаў ды ўзялі сьліну на аналіз ДНК.


КОБРЫН

Сёньня Аляксандар Мех, які вылучаецца кандыдатам на дэпутата па Кобрынскай выбарчай акрузе № 12, атрымаў паведамленьне зь мясцовага суду, што яго пазоў да Кобрынскага ўпраўленьня магістральных газаправодаў будзе разглядацца ў панядзелак, 4 жніўня.

Са словаў спадара Меха, кантракт зь ім ня быў працягнуты з дыскрымінацыйных матываў, якія наўпрост не зьвязаныя зь дзелавымі якасьцямі спэцыяліста. Суразмоўца тлумачыць, што 4 чэрвеня яго выклікаў у кабінэт дырэктар Кобрынскага УМГ Уладзімер Галашко. У кабінэце прысутнічаў начальнік Кобрынскага раённага аддзелу КДБ Андрэй Басько. Абодва, як падкрэсьлівае Аляксандар Мех, прапаноўвалі “адмовіцца ад удзелу ў выбарах”, гарантуючы ўзамен захаваньне за ім працоўнага месца.

Аляксандар адмовіўся, спасылаючыся на сваё канстытуцыйнае права паводле артыкула 38: “Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна выбіраць і быць абранымі ў дзяржаўныя органы на аснове агульнага, роўнага, прамога ці ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаваньні”.

У судзе Аляксандар Мех будзе патрабаваць аднаўленьня на працы, кампэнсацыі сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу, а таксама кампэнсацыі маральнай шкоды ў суме 500 тысяч рублёў.


СМАРГОНЬ


Пракурор Смаргонскага раёну паведаміў Ірыне Вештарт, што ён перанакіраваў яе заяву начальніку раённай міліцыі з тым, каб там высьветлілі, хто разьмясьціў на інтэрнэт-сайце аб’яву, у якой ад яе імя прапануюцца сэкс-паслугі.

Са слоў Ірыны Вештарт, у адказе нічога не гаворыцца пра тое, што за апошні тыдзень ёй вымазалі чорнай фарбай дзьверы, зламалі замок і пабілі шыбы ў кватэры, распаўсюдзілі ўлётку па горадзе ад яе імя з просьбай дасылаць па 5 тысяч рублёў на яе выбарчую кампанію.

Спадарыня Вештарт — сябра БСДП (Грамада). Сёлета яна зарэгістравала ініцыятыўную групу й зьбірае подпісы, каб стаць кандыдатам у дэпутаты парлямэнту. З гэтага часу ў яе й зьявіліся праблемы.

Спадарыня Вештарт ужо ў пэнсійным веку, жыве адна, тройчы была дэпутатам мясцовага савету, а ў 2004 годзе балятавалася ў Палату прадстаўнікоў Беларусі.

ГОРАДНЯ

Уладзімера Ларына запрасілі прыйсьці ў КДБ праз тэлефон, але бяз позвы ён ісьці адмовіўся. Сёньня яму абяцалі ўручыць позву.

Уладзімер Ларын — кіраўнік ініцыятыўнай групы Віктара Падчыненкава, сябра АГП, які зьбіраецца вылучацца па Гарадзенскай сельскай выбарчай акрузе № 52.

Са слоў У.Ларына, яму пакуль невядома, зь якой нагоды яго выклікаюць у КДБ.

У КДБ узялі адбіткі пальцаў у кіраўніка Гарадзенскай абласной арганізацыі партыі БНФ Сяргея Мальчыка, у сябра гэтай партыі Сяргея Антусевіча і ў Станіслава Судніка зь Ліды. Іх таксама распытвалі наконт таго, дзе яны былі падчас выбуху ўначы 4 ліпеня ў Менску. Сяргей Антусевіч мае ўдзельнічаць у выбарах у Палату прадстаўнікоў ад агульнага сьпісу АДС у Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 50.

Сяргей Мальчык
гэтак камэнтуе апошнія падзеі:

“Амаль месяц прайшоў з часу выбуху на сьвяткаваньні Дня незалежнасьці ў Менску і, як ні дзіўна, на працягу трох тыдняў на Гарадзеншчыне было даволі спакойна. Актывістаў дэмакратычнага руху не чапалі, не выклікалі ў КДБ, у адрозьненьне ад Менску ды іншых рэгіёнаў Беларусі. Але хваля дакацілася і да Гарадзеншчыны”.

Спадар Мальчык зазначае, што за апошнія дні выклікалі на допыт у КДБ Зьмітра Кухлея з Мастоў, у Слоніме — Віталя Ешану, Алеся Масюка і Івана Шэгу, у Лідзе — Станіслава Судніка, а таксама самога спадара Мальчыка. Гарадзенскі КДБ павінны таксама наведаць Сяргей Антусевіч і Вадзім Саранчукоў. Ва ўсіх бяруць адбіткі пальцаў.

Мальчык: “Усё гэта зьвязана, я думаю, з пачаткам выбарчай кампаніі. Усе людзі, якіх выклікаюць, яны зьяўляюцца ці будучымі кандыдатамі, ці актыўнымі ўдзельнікамі выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў. Адна з мэтаў — псыхалягічны ўціск на каманды, другое — стварэньне атмасфэры напружанасьці, неспакою ў грамадзтве. Усё гэта можа прывесьці да аднаго: прывучыць людзей да таго, што ў нас таксама небясьпечна, стварыць уражаньне, што да гэта маюць прыналежнасьць актывісты дэмакратычнага руху, апазыцыі. І гэта вельмі небясьпечна, паколькі зьмяняе псыхалягічны стан у грамадзтве і можа паслужыць падставай для далейшых рэпрэсый адносна тых людзей, якія будуць актыўна удзельнічаць у выбарчым працэсе”.

ГЛЫБОКАЕ

На Віцебшчыне супрацоўнікі КДБ выклікаюць сябраў ініцыятыўнай групы вылучэнца ад партыі БНФ. Паведамляе Браніслава Станкевіч:

У Глыбоцкім райаддзеле КДБ адбылася гутарка з настаўніцай Верхнянскай базавай школы Інай Берніковіч, жонкай намесьніка старшыні абласной суполкі Партыі БНФ Яраслава Берніковіча. Супрацоўнікаў КДБ цікавіла, дзе была сям’я ў ноч менскага выбуху і ці не распытвалі Іну Берніковіч пра выбуховыя рэчывы сябры мужа, якія цяпер зьбіраюць подпісы за вылучэньне Яраслава Берніковіча на кандыдата ў дэпутаты. Спадарыня Іна таксама ўваходзіць у ініцыятыўную групу мужа. Апрача яе, у КДБ пра менскія выбухі апыталі яшчэ аднаго сябра ініцыятыўнай групы Яраслава Берніковіча — мастака Аляксандра Мядзельца. Спадар Мядзелец распавёў:

“Я мяркую, што пад гэтай маркай імкнуцца проста “перакапаць” народ, паглядзець, хто як дыхае. Пачынаюць з пытаньняў, дзе быў 3 ліпеня, а пасьля, напрыклад, цікавяцца, як народ ставіцца да Лукашэнкі. Я адказаў: “Так, як і Лукашэнка ставіцца да народу”. Словам, спрабавалі разгаварыць”.

ІЎЕ

У райцэнтры Іўе на Гарадзеншчыне насельніцтва настройваюць супраць удзельніка выбарчай кампаніі ад АДС Івана Крука. Паведамляе Міхал Карневіч:

У вёсцы Рабовічы, што ў Івейскім раёне, сябра ініцыятыўнай групы Івана Крука Марыя Магільніцкая сутыкнулася з праблемай:

“Людзям нагаварылі, каб ніхто не падпісваўся, што, маўляў, гэта нелегальна. Я ім адказваю, што маю на гэта ўсе дакумэнты”.

Іван Крук сёньня тэлефанаваў у райаддзел міліцыі й прасіў, каб прынялі меры супраць тых, хто ходзіць і распаўсюджвае чуткі.

У Іўі, са слоў Івана Крука, адной з жанчын, якая зьбірае за яго подпісы, прапанавалі замест гэтага сталую працу настаўніцай. Тая ня мае працы ўжо два гады.

“Звоніць да мяне й пытаецца — як быць, бо прапаноўваюць сталую працу настаўніцай, каб я толькі не займалася зборам подпісаў”.

ХОЙНІКІ

У Хойніцкай выбарчай акрузе № 47 подпісы за вылучэньне кандыдатамі ў дэпутаты зьбіраюць тры ініцыятыўныя групы — прадстаўніка АДС Леаніда Судаленкі, мясцовага майстра электрасувязі Алега Казлова й дарадцы старшыні Гомельскага аблвыканкаму, нядаўняга ягонага намесьніка, 62-гадовага Георгія Дашкевіча.

Сам Леанід Судаленка кажа:

“Падчас збору подпісаў у Хойніках мы заўважылі такую акалічнасьць. Прыкладна кожны трэці жыхар кажа, што ўжо падпісваўся на працы за кандыдата ад улады. Прычым іх папярэджвалі, каб болей ні за кога не падпісваліся. Нібыта гэта супярэчыць Выбарчаму кодэксу. Але гэта дзіўна. Я дакладна ведаю, што кожны мае права падпісацца за ўсіх прэтэндэнтаў у кандыдаты”.


Смаргонь: чарговая правакацыя супраць І.Вештарт
Вылучэнцам апазыцыі перашкаджаюць зьбіраць подпісы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG