Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Forbes: у Беларусі ўнікальная цэнтралізаванасьць


Міжнародная агенцыя Standard & Poor's (S&P) у Велікабрытаніі пацьвердзіла нададзеныя ёй летась Беларусі сувэрэнныя крэдытныя рэйтынгі.

Пра гэта паведамляе амэрыканскі часопіс Forbes.

“Сувэрэнныя крэдытныя рэйтынгі” S&P, адной зь вядучых у сьвеце агенцый у пытаньнях крэдытаздольнасьці, дазваляюць ацаніць крэдытную рызыку нацыянальных урадаў і спрагназаваць пэрспэктыву дэфолту ў краіне, адлюстраваць здольнасьць урадаў своечасова і ў поўным аб’ёме выконваць свае даўгавыя абавязаньні.

Паводле экспэртаў S&P, у выніку дамінуючай ролі дзяржавы ў беларускай эканоміцы цяперашнія рэйтынгі адлюстроўваюць “надзвычай высокі узровень умоўных абавязаньняў пры невялікай зьнешняй ліквіднасьці”.

Адначасна рэйтынгі адлюстроўваюць параўнальна высокі ўзровень дабрабыту і разьвіцьця ў Беларусі, адносна моцнае зьнешняе сальда і значны эканамічны патэнцыял.

Як сьведчаць аналітыкі, Беларусь мае “ўнікальную цэнтралізаванасьць палітычнай сыстэмы”, што ў сваю чаргу “зьмяншае прадказальнасьць далейшага выбару яе палітычнага курсу.”

Адмыслоўцы мяркуюць, што “на далейшае разьвіцьцё Беларусі будуць уплываць, з аднаго боку, нізкая зьнешняя дзяржаўная запазычанасьць, а з другога, цяжкасьці, выкліканыя ростам цэнаў на энэргію, неабходнасьцю ў падвышэньні канкурэнтаздольнасьці і стрымліваньні інфляцыі.

S&P дадае, што насуперак прагнозам, рост цэнаў на энэргарэсурсы пакуль зрабіў значна меншы, чым чакалася, неспрыяльны ўплыў на беларускую эканоміку і сальда.

Тым часам, рост неэнэргетычнага экспарту і інвэстыцыі дапамаглі падтрымаць эканамічнае разьвіцьцё і стрымаць пагаршэньне балянсу дзяржаўнага бюджэту, зазначае агенцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG