Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лепшая зброя супраць КДБ – агалошваньне фактаў


Як сябе паводзіць у сытуацыі, калі спэцслужбы выяўляюць падвышаную цікавасьць да чалавека, ускосна ці наўпрост ціснуць на яго ці ягоных блізкіх? Што можна супрацьпаставіць сыстэме, якая ў спадчыну ад савецкіх часоў узяла інструмэнт запужваньня сваіх грамадзянаў? ПАРАДЫ ПРАВААБАРОНЦЫ АЛЕСЯ БЯЛЯЦКАГА.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі акцэнтуе ўвагу на тым, што ў сваёй працы чэкісты нярэдка выкарыстоўваюць супрацьзаконныя мэтады ўзьдзеяньня на людзей. Таму грамадзянам неабходна самім прасачыць за тым, каб былі выкананыя ўсе нормы, якія суправаджаюць выклік ў КДБ ці пракуратуру:

“У той канкрэтнай сытуацыя, якая здарылася са спадаром Мехам, -- гэта яўны адміністратыўны ўціск. Прычым, з удзелам спэцслужбаў на патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты, на аднаго з партыйных актывістаў, аднаго з вядомых людзей у сваім горадзе і рэгіёне. І ў прынцыпе гэта ёсьць як мінімум парушэньнем службовых паўнамоцтваў з боку чалавека са спэцслужбаў і дырэктара прадпрыемства, на якім працаваў спадар Мех.

Што датычыцца нейкіх парадаў, то вядома, што ўсе сытуацыі ў нас дастаткова ўнікальныя, але ў той жа час яны маюць нейкія агульныя рысы. Калі ў чалавека сапраўды не хапае сьмеласьці такім чынам выявіць гэтую размову, запісаўшы яе на дыктафон (што, дарэчы, таксама ўнікальны выпадак, я штосьці падобнага вельмі і вельмі даўно ня чуў), то ў любым выпадку трэба ацаніць, чым зьяўляецца гэтая размова – ці гэта афіцыйны выклік у КДБ і, адпаведна, мусіць быць пазоў, тлумачэньне у якасьці каго выклікаецца чалавек – ці сьведкі, ці ў якасьці падазраванага. Сыходзячы з гэтага неабходна і дзейнічаць. Альбо гэта размова, якая ні да чаго не абавязвае і ставіцца да яе трэба таксама адпаведным чынам”.

Гэта як мінімум парушэньнем службовых паўнамоцтваў з боку чалавека са спэцслужбаў і дырэктара прадпрыемства, на якім працаваў спадар Мех
Спадар Бяляцкі зазначае: сілавыя структуры спадзяюцца, што гутарка “з вока на вока” застанецца толькі ў вузкім коле. Таму раіць неадкладна паведамляць пра факты допыту ці схіленьні ў бок спэцслужбаў у прэсу ці праваабаронцам:

“Кожная сытуацыя унікальная і непаўторная. Але адназначна, што мы раім, праваабаронцы, у такіх сытуацыях, дык гэта неадкладна зьвяртацца ў прэсу і надаваць вядомасьць факту любога кантакту з боку КДБ – афіцыйнага ці не афіцыйнага. Таму што ў такім выпадку далейшыя дзеяньні супрацоўнікаў Камітэту дзяржаўнай бясьпекі будуць праводзіцца ў рамках, дазволеных заканадаўствам. Калі яны будуць ведаць, што да гэтай справы, да гэтага чалавека ёсьць увага прэсы, ёсьць увага праваабаронцаў, сытуацыя зьменіцца. Бо супрацоўнікі КДБ разьліваюць, што гэта застанецца выключна паміж імі і тым чалавекам, якому яны намагаюцца навязаць кантакт. Як у выпадку са спадаром Мехам, дык тут відавочнае перавышэньне паўнамоцтваў гэтага кадэбіста і ёсьць падстава паспрабаваць прыцягнуць яго да адказнасьці, таму што ня меў ён права рабіць тыя заўвагі, якія рабіў падчас той сустрэчы”.

Суразмоўца дадае, што нярэдка спэцслужбы намагаюцца ўзяць чалавека пад свой поўны кантроль. У гэтым выпадку яны не адмаўляюцца ад правераных яшчэ за савецкім часам мэтадаў -- шантажу і запалохваньняў. Аднак контарзахады ёсьць і ў такой сытуацыі:

Дзейсным сродкам зьяўляецца агалошаньне такой інфармацыі. У такім выпадку кантакт гэты фактычна перарываецца, бо для супрацоўніка КДБ гэта чалавек ужо не ўяўляе ніякай цікавасьці як крыніца інфармацыі
“Часам з боку супрацоўнікаў КДБ ідуць ня толькі папярэджаньні ці не прыхаваныя пагрозы. Гэта даволі часта адбываецца, напрыклад, са студэнтамі, якім пагражаюць, што ў іх будуць праблемы з навучаньнем ці праблемы з разьмеркаваньнем, калі яны ня пойдуць на кантакт і ня будуць даваць інфармацыю. Вельмі часта супрацоўнікі КДБ спрабуюць навязаць сталы кантакт, гэта значыць, атрымліваць ад актывістаў моладзевых арганізацый, ад актывістаў палітычных партыяў нейкую рэгулярную інфармацыю, зноў жа, не абумоўліваючы яе пэўнымі афіцыйнымі паперамі, афіцыйнымі выклікамі, а фактычна вярбуючы з тым, каб потым мець патрэбную інфармацыю. І безумоўна, калі ёсьць вось такая пагроза ці небясьпека, то самым дзейсным сродкам зьяўляецца агалошаньне такой інфармацыі. У такім выпадку кантакт гэты фактычна перарываецца, бо для супрацоўніка КДБ чалавек, які абвясьціў пра такі кантакт, ужо не ўяўляе ніякай цікавасьці як крыніца інфармацыі”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG