Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Гульня стала больш складанай, але сутнасьць не зьмянілася”


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.


Узмацняюцца рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў апазыцыі, якія ўдзельнічаюць у выбарах. Чым гэта патлумачыць? Як гэта стасуецца з імкненьнем уладаў да прызнаньня выбараў эўрапейскай супольнасьцю? Што азначае заява лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Гайдукевіча пра няўдзел у выбарах?

Удзельнікі: намесьнік старшыні Партыі БНФ Юрась Губарэвіч і выканаўца абавязкаў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Анатоль Ляўковіч.

Чаму ўзмацняюцца рэпрэсіі супраць апазыцыйных удзельнікаў выбарчай кампаніі?

Валер Карбалевіч:
“Чым далей набірае ход выбарчая кампанія, тым больш інфармацыі прыходзіць з рэгіёнаў пра рэпрэсіі супраць яе апазыцыйных удзельнікаў. Прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат раптоўна забіраюць у войска, звальняюць з працы, у іхніх кватэрах б’юць шыбы, імі шчыльна цікавяцца падатковыя органы. Улады знаходзяць усё новыя сродкі ўзьдзеяньня на апанэнтаў. Вось прызыў у войска сябра Партыі БНФ Каратыша, які балятуецца па Лунінецкай выбарчай акрузе — гэта, здаецца, ноў-хаў. Як вы ацэньваеце палітычную атмасфэру на пачатку выбарчай кампаніі?”


Юрась Губарэвіч
: “Нягледзячы на ўсе дэклярацыі, якія гучаць з вуснаў кіраўніцтва краіны пра дэмакратычныя выбары, тая машына па ажыцьцяўленьні рэпрэсій і фальсыфікацый, якая створаная, працягвае дзейнічаць у інэрцыйным рэжыме. І скіраваная яна па пазбаўленьне апанэнтаў рэжыму палітычных правоў”.


Анатоль Ляўковіч:
“Лёгіку рэжыму памяняць немагчыма. Бо калі яе памяняць, то рэжым ліквідуецца. Зразумела, гэтая машына кантралюецца зьверху. Але гэты кантроль дае і збоі. Той ціск у рэгіёнах на апазыцыю сьведчыць пра існаваньне радзімай плямы рэжыму, якую немагчыма зьнішчыць”.



Дылема: рэпрэсіі і міжнароднае прызнаньне выбараў


Карбалевіч: “Цяпер улады, відавочна, прыкладваюць больш высілкаў, каб легітымізаваць гэтыя выбары ў вачах эўрапейскай супольнасьці. Рыторыка і Лукашэнкі, і Ярмошынай стала трохі іншая. Кіраўнік дзяржавы апавядае пра імкненьне паказаць сьвету дэмакратычныя выбары. Павялічылася колькасьць прадстаўнікоў апазыцыі ў акруговых выбарчых камісіях. Ярмошына кажа пра 700 міжнародных назіральнікаў. Як гэтыя намеры стасуюцца з тымі рэпрэсіямі, якія адбываюцца супраць апазыцыі? Тут спадзеў на тое, што Эўропа гэтага не заўважыць? Або адна рука ня ведае, што робіць другая?”

Існуе дзьве канцэпцыі правядзеньня выбараў. Адна арыентавана на вонкавую публіку, каб паказаць дэмакратычнасьць выбараў. Другая канцэпцыя відаць з тых загадаў, якія аддаюцца мясцовай вэртыкалі
Губарэвіч
: “Існуе дзьве канцэпцыі правядзеньня выбараў. Адна арыентавана на вонкавую публіку, каб паказаць дэмакратычнасьць выбараў. Другая канцэпцыя відаць з тых загадаў, якія аддаюцца мясцовай вэртыкалі. Яе задача — захаваўшы бачнасьць справядлівай працэдуры выбарчай кампаніі, не дапусьціць сапраўднага выбраньня людзей з апазыцыі ў Палату прадстаўнікоў.

У межах такой лініі апазыцыянэраў дапускаюць у выбарчыя камісіі, хоць і ў абмежаваных памерах. Рэгіструюцца ініцыятыўныя групы, колькасьць адмоваў у рэгістрацыі ў параўнаньні зь мінулымі выбарамі мізэрная. Але адначасова адбываецца запалохваньне апанэнтаў. Улады спадзяюцца, што вонкава гэта будзе ня так відавочна, як прамое абмежаваньне апазыцыі на ўдзел у выбарах”.

Ляўковіч
: “Вялікай супярэчнасьці я тут ня бачу. Думаю, улады дзейнічаюць у межах адной канцэпцыі гэтай палітычнай кампаніі, бо выбарамі гэта назваць немагчыма. У выніку кампаніі Палата прадстаўнікоў па-ранейшаму павінна застацца кішэннай. Але адначасова ўлады імкнуцца легітымізаваць выбары ў вачах Захаду. Таму мы назіраем мімікрыю. Іншая справа, як гэта ўспрыме Захад. Там таксама ёсьць розныя суб’екты, А тое, што рэжым не мяняецца, пацьвярджаюць гэтыя рэпрэсіі, найперш у рэгіёнах”.

Рэжым дэманструе гнуткасьць?


Карбалевіч:
“З гэтага вынікае, што рэжым дэманструе здольнасьць да гнуткасьці. Для Захаду рэжым дэманструе адну лінію, для апазыцыі — другую, для насельніцтва — трэцюю. Прычым тактыка мяняецца ў залежнасьці ад этапу кампаніі”.

у акруговыя выбарчыя камісіі прызначаюць людзей, якія працуюць у дзяржаўных структурах, на кантракце. На іх можна націснуць
Губарэвіч:
“Натуральна, улада вымушана прыстасоўвацца да новых задачаў. Уладзе патрэбна прызнаньне Захадам. Паводзіны ўладаў больш прадуманыя ў параўнаньні зь мінулымі кампаніямі. Цяпер гульня будзе больш складаная. Напрыклад, у акруговыя выбарчыя камісіі прызначаюць людзей, якія працуюць у дзяржаўных структурах, на кантракце. На іх можна націснуць. Прыклад кандыдата ад Партыі БНФ А. Меха ў Кобрыне паказальны. Думаю, улады імкнуцца правесьці такую тактыку. У тых акругах, дзе ў камісіях ёсьць прадстаўнікі апазыцыі, апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты не дапусьцяць. І наадварот”.

Ляўковіч:
“Сапраўды, улада стала больш гнуткай. Бо яна працуе ўжо амаль тры пяцігодкі, было шмат часу, каб навучыцца. Хоць гульня стала больш складанай, але сутнасьць рэжыму не зьмянілася”.

Чаму ЛДП Гайдукевіча заявіла пра няўдзел у выбарах?

Карбалевіч
: “Нечакана прагучала заява лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) Гайдукевіча, што ягоная партыя ня будзе ўдзельнічаць у выбарах. Сяргей Гайдукевіч вядомы здольнасьцю дамаўляцца з уладамі і гуляць паводле іхнага сцэнара. Паводле ягоных паводзінаў звычайна вызначалі пляны ўладаў. І вось раптам такая заява. Што яна азначае? Што Гайдукевіч гэтым разам ня змог дамовіцца з уладамі і выпадае з працэсу? Гэта шантаж уладаў ці што іншае?”

Дасюль Гайдукевіч адыгрываў ролю кішэннай апазыцыі. Ён імітаваў прысутнасьць у гэтым органе партыйных дэпутатаў
Губарэвіч:
“Думаю, Гайдукевіч даведаўся, што ня трапіць у новы склад Палаты прадстаўнікоў. Дасюль ён адыгрываў ролю кішэннай апазыцыі. Ён імітаваў прысутнасьць у гэтым органе партыйных дэпутатаў. Калі цяпер Лукашэнка хоча прадэманстраваць перад Захадам, што ў Палаце прадстаўнікоў ёсьць апазыцыянэры, то яны павінны асацыявацца з рэальнай апазыцыяй з таго сьпісу, які прэзэнтуюць Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы. І Гайдукевіч ужо ня можа падмяніць рэальных апанэнтаў.
Заява Гайдукевіча, што трэба рыхтавацца да прэзыдэнцкіх выбараў, несур’ёзная. Якраз парлямэнцкая кампанія магла б стаць эфэктыўнай падрыхтоўкай да прэзыдэнцкіх выбараў. А магчыма, проста ў Гайдукевіча няма рэсурсаў”.

Ляўковіч: “Найперш, Гайдукевіч і ягоная партыя ніколі не зьяўляліся сур’ёзным суб’ектам палітыкі ў Беларусі. Цяпер ён выглядае пакрыўджанай асобай зь вялікімі амбіцыямі. Для правядзеньня рэальнай выбарчай кампаніі патрэбныя рэсурсы, найперш людзкія. А іх няма. І на мінулых выбарах ЛДП больш стварала шум, чым удзельнічала ў кампаніі. А цяпер увогуле ЛДП ня можа паказаць сябе як суб’екта палітыкі”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG