Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пончыкі пад забаронай санстанцыі


Напаўпустымі выглядаюць гандлёвыя шэрагі на рынках Гомеля, і найперш тыя, дзе прадавалі пячэньне, іншыя кандытарскія вырабы, а таксама сокі ў пакетах, розныя кансэрвы, соўс і нават растваральную каву.


Гандляры Цэнтральнага рынку, што бавілі час ў ценю пад пустымі гандлёвымі шэрагамі, так тлумачылі сытуацыю:

Першая гандлярка: "Тэмпэратурны рэжым. Гарачыня на вуліцы, нам наогул нельга нічога прадаваць".

Другая гандлярка: "Санстанцыя кожны дзень! Пакупнікі ня скардзяцца, а яны не даюць працаваць".

Намесьнік галоўнага ўрача гарадзкога цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі Аляксандар Міхалецкі кажа, што ў сувязі з усталяваньнем гарачага надвор'я санслужба не забараняла продаж тых жа сокаў, апрача некаторых кандытарскіх вырабаў - булачак, пончыкаў:

"Ніякай забароны няма. Булачкі, пончыкі - гэта кандытарскія вырабы, гэта іншае пытаньне. Ёсьць пэўныя санітарныя правілы й ёсьць патрабаваньні стандарту, пры якіх могуць рэалізоўвацца гэтыя вырабы. І яны павінны захоўвацца".

Як стала вядома, рыхтуецца пастанова цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі на забарону зь 1 жніўня продажу кандытарскіх вырабаў на рынках гораду. Найперш, больш таннага печыва з Расеі ды цукерак з Украіны.

Што да сокаў у пакетах, то тут санстанцыя таксама мае права аштрафаваць любога гандляра. На пакетах напісана, што захоўваюцца такія сокі пры тэмпэратуры ад 0 да плюс 25 градусаў па Цэльсію. І паколькі сёньня тэмпэратура паветра ў горадзе дасягнула 30 градусаў, то й прадаваць сокі нельга.

Зрэшты, у крамах, дзе гарачыня не на шмат меншая, сокі стаяць на паліцах таксама бязь лядоўняў - і ніхто іх продаж не забараняе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG