Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: ці хопіць у дэмакратаў актывістаў для ўчастковых камісіяў?


На сёлетніх выбарах у Беларусі будзе створана 6,5 тысячы ўчастковых выбарчых камісіяў. У іх будуць працаваць каля 70 тысяч чалавек. Участковыя камісіі павінны быць сфармаваныя да трынаццатага жніўня. Цяпер у рэгіёнах апазыцыя складае сьпісы сваіх прадстаўнікоў.

Магілёў

На Магілёўшчыне будзе больш за 400 участковых выбарчых камісіяў. Ці хопіць у дэмакратаў рэгіёну людзкога рэсурсу, каб на кожны ўчастак вылучыць сваіх прадстаўнікоў? Паслухаем, што даведаўся наш уласны карэспандэнт:

У выбарчым штабе абласной кааліцыі кажуць, што такія праблемы прадбачаць. Вось што кажа кіраўнік рэгіянальнага выбарчага штабу Аб’яднаных дэмакратычных сіл Юры Новікаў:

“У Магілёве і Бабруйску, як я мяркую, ня будзе вялікай праблемай вылучыць 30 альбо 35 чалавек. Могуць узьнікнуць у нас складанасьці толькі ў раённых цэнтрах. Значная частка гэтай працы кладзецца на каманды саміх кандыдатаў, якія павінны паклапаціцца, каб іхныя прадстаўнікі былі вылучаныя ў склад участковых камісіяў”.

Актывіст партыі БНФ з Дрыбіну Андрэй Юркоў рыхтуецца балятавацца ў палату прадстаўнікоў па Горацкай выбарчай акрузе. Ён прызнае, што людзкога рэсурсу ў яго малавата — усяго каля дваццаці чалавек.

“Калі мы вылучым людзей ва ўчастковыя камісіі, яны тады ня здолеюць зьбіраць за мяне подпісы. Па мажлівасьці, вядома, будзем шукаць людзей ды ставіць іх назіральнікамі на ўчастках. Народ запалоханы, вось і ўся праблема. Людзі ў прыватных гутарках кажуць — так, мы згодныя, але як даходзіць да канкрэтнай справы, усе баяцца”.

Паведаміў Андрэй Юркоў. Адзначу, што каб вылучыцца ў камісію, дастаткова сабраць подпісы 10 чалавек.

Гомель

Наш наступны суразмоўца — Уладзімер Кацора. Ён — кіраўнік Гомельскай абласной арганізацыі руху “За Свабоду”:

“Па-першае, для мяне цяпер вялікае пытаньне, як адрэагуюць нашы лідэры ў Менску на тое, што пераважную большасьць прэтэндэнтаў у акруговыя камісіі не ўключылі. І калі няма заяваў ці прапановаў, цяжка працаваць зь людзьмі. Акрамя таго, ціск улады пасьля 3—4 ліпеня ўзмацняецца, і гэта таксама замінае ў працы зь людзьмі. Багата каго выклікаюць міліцыянты. Гэта ўжо новая палітычная сытуацыя”.

Горадня

Пра справы апазыцыі на Гарадзеншчыне паведамляе наш карэспандэнт:

“Кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Сяргей Мальчык кажа, што пакуль партыя не мяняе сцэнару свайго ўдзелу ў выбарах. Сваіх прадстаўнікоў яна мае ў чатырох акругах — двух у Горадні і па адным у Слоніме і Лідзе.

“Заканчваецца фармаваньне ініцыятыўных групаў. Рыхтуюцца людзі, якіх плянуюць вылучаць ва ўчастковыя камісіі, нягледзячы ні на што. А там далей паглядзім”.

Усе будучыя партыйныя кандыдаты па Гарадзенскай вобласьці працягваюць таксама рыхтавацца да агітацыйнай кампаніі па рэгістрацыі і зборы подпісаў, кажа спадар Мальчык.

Што датычыць дзеяньняў усёй абласной кааліцыі АДС, то ніякіх зьменаў у ёй таксама пакуль няма.

Мальчык: “Мы плянуем, зразумела, па ўсіх акругах рыхтаваць назіральнікаў. Яны ня будуць закрываць усіх участкаў, але па шэрагу ўчасткаў праводзіць маніторынг мы будзем. Заплянавана падрыхтоўка партыйных назіральнікаў менавіта ад АДС, якія разьмеркаваныя па пэўных участках”.

Сяргей Мальчык зазначае, што ёсьць прапановы склікаць абласную раду АДС, каб абмеркаваць сытуацыю і прыняць адпаведнае рашэньне. Гэта можа адбыцца напачатку наступнага тыдня, лічыць спадар Мальчык.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG