Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У камэрах на Акрэсьціна гавораць пра 70 затрыманых


У Менску з ізалятара часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна выйшаў на волю грамадзянін Расеі студэнт Уладзімер Бялонін, затрыманы 9 ліпеня паводле падазрэньня ў датычнасьці да выбуху.

Вызваленьня Ўладзімера Бялоніна двойчы адмысловымі нотамі патрабавала амбасада Расеі ў Беларусі. Да гэтых намаганьняў далучыліся недзяржаўныя мэдыі Беларусі і Расеі, якія шмат распавялі пра Ўладзімера, у тым ліку пра ягоную хваробу, з-за якой хлопцу патрэбна спэцыфічнае харчаваньне. Невядома, што дакладна паўзьдзейнічала на беларускіх сьледчых, але яны ўсё ж адпусьцілі Уладзімера Бялоніна. Неўзабаве пасьля вызваленьня расейскі грамадзянін адказаў на пытаньні “Свабоды”.

Карэспандэнт: “У вас узялі падпіску пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва?”
Уладзімер Бялонін: “Не, якая падпіска? Ніякіх тайнаў мне не паведамлялі”.
Карэспандэнт: “Можа, вы ведаеце, колькі на Акрэсьціна затрыманых паводле справы пра выбух?”
Бялонін: “Па некаторых зьвестках, у пятніцу было 13 чалавек, а ўсяго нібыта, як мне казалі ў камэры, было затрымана 70 чалавек. Але я па камэрах не хадзіў, не лічыў”.
Карэспандэнт: “Як з вамі абыходзіліся сьледчыя? Ціску не чынілі?”
Па некаторых зьвестках, у пятніцу было 13 чалавек, а ўсяго нібыта, як мне казалі ў камэры, было затрымана 70 чалавек.
Бялонін: “Здаецца, асаблівага ціску не было. Як звычайна”.
Карэспандэнт: “Якія былі бытавыя ўмовы ў ізалятары?”
Бялонін: “Як у звычайнай турме. Чатыры ложкі без матрацаў, замест падушкі спалі на бутэльках з вадой. Бо не выдавалі. Яны выдаюць пасьцельныя прыналежнасьці толькі на трэцім паверсе, дзе тыя, каму выставілі абвінавачаньне”.
Карэспандэнт: “Сёньня, акрамя вас, яшчэ каго вызвалілі з тых, хто па гэтай справе?”
Бялонін: “Наколькі мне вядома, акрамя мяне — нікога”.
Карэспандэнт: “А якая ваша вэрсія таго, што адбылося 4-га?”
Бялонін: “Вэрсій можа быць шмат. Я б не хацеў пра гэта. Яшчэ трэба ўсё абдумаць”.
Карэспандэнт: “Але ж мне вядома, што вы цікавіліся месцам выбуху, хадзілі туды паглядзець. Вы думаеце, гэта тэрарызм ці нешта іншае?”
Бялонін: “Магчыма. Але доказаў недастаткова. Пакуль у мяне могуць быць толькі здагадкі”.
Карэспандэнт: “А ці ёсьць у вас камэнтар да таго, што з вамі адбылося?”
Бялонін: “Збольшага, як мне патлумачыў адвакат, гэта цалкам законна, што мяне затрымалі на 10 дзён”.
Карэспандэнт: “А ці не маглі вас не арыштоўваць, а проста дапытаць? Тым больш вас адзін раз ужо дапыталі, навошта спатрэбілася яшчэ і арыштоўваць?”
Бялонін: “Гэтага я ня ведаю, гэта яны там наверсе вырашалі”.
Нагадаем, Уладзімера Бялоніна, студэнта менскага ВНУ, першы раз затрымалі і дапыталі адносна датычнасьці да выбуху ўжо 4 ліпеня. Першапачаткова Ўладзімер Бялонін цікавіў сьледчых як сьведка, хоць юнак даводзіў, што на канцэрце ня быў, а на месца здарэньня прыехаў 4 ліпеня проста дзеля цікаўнасьці. 9 ліпеня Ўладзімер Бялонін напісаў заяву ў амбасаду Расеі, і неўзабаве яго арыштавалі ўжо як падазраванага і зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна.
У МУС Беларусі не камэнтуюць зьвестак аб справе пра выбух 4-га ліпеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG