Паводле Сяргея Бялоніна, на канцэрце на праспэкце Пераможцаў у ноч на 4-га ліпеня Уладзімер Бялонін ня быў, знаходзіўся дома. Адносна далейшага бацька спасылаюцца на заяву сына ў пасольства Расеі. Сяргей Бялонін кажа, што пра выбух сын даведаўся 4-га ліпеня пасьля экзамэну і паехаў з сябрам паглядзець на месца выбуху. “Потым сябар з’ехаў, а сын меў неасьцярожнасьць яшчэ раз наблізіцца да гэтага месца, нешта яшчэ хацеў паглядзець. Вось пасьля гэтага яго і затрымалі для першага допыту”, -- кажа Сяргей Бялонін.
Уладзімер Бялонін вучыцца ў адной з ВНУ Менска, ён будучы кампутаршчык. Ёсьць падазрэньне, што ў юнака цяжкае захворваньне страўніка -- анарэксія . Пры такім захворваньні немагчымае звычайнае харчаваньне, тым больш тое, якое даюць арыштантам ў ізалятары на Акрэсьціна,. Бацькі Уладзімера Бялоніна просяць вызваліць яго пад падпіску пра нявыезд, але іх хадайніцтвы адхіляюцца. Вось як Сяргей Бялонін пракамэнтаваў затрыманьне свайго сына для “Радыё Свабода”:
“Такая закрытая сытуацыя, мы нічога ня ведаем. Калі сын яшчэ лічыўся сьведкам, я спытаў кіраўніка сьледчай управы Казакевіча: “Што ёсьць падствай для таго, каб быць сьведкам, калі чалавека там не было і ён ведаць ня ведаў, што там такое здарылася? Нам з жонкай было сказана, што можам скардзіцца куды заўгодна і каму заўгодна. Але калі мы будзем настойваць, то перавядуць яго са сьведак ў падазраваныя. І гэта адбылося 9-га ліпеня, калі сын пайшоў з заявай ў консульства Расеі. Такім чынам з 9-а сын стаў падазраваным па гэтай справе”.
У прэсавай службе МУС не паведамляюць навінаў у расьсьледаваньні справы пра выбух. “Сьпісаў затрыманых і прозьвішчаў не паведамляем”, -- адказаў на маю просьбу кіраўнік прэсавай службы Канстанцін Шалькевіч.