Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя і КДБ дапытваюць актывістаў Маладога Фронту


Сёньня ў некаторых рэгіёнах Беларусі супрацоўнікі міліцыі і КДБ працягвалі выклікаць на допыты актывістаў апазыцыі. Ад іх патрабавалі паведаміць, дзе яны былі ў ноч з 3 на 4 ліпеня.

Напярэдадні ў Баранавіцкі РАУС выклікалі моладзевага актывіста Яраслава Грышчэню. Вось што ён паведаміў “Свабодзе” пра вынікі допыту:

А ці вядома, дзе быў Зьміцер Дашкевіч? А ці ведаеш пра Івана Шылу?
“На іх пытаньне я заявіў, што 200 чалавек могуць спраўдзіць: 3 ліпеня я заставаўся ў Баранавічах. Пасьля пытаюцца: “А ці вядома, дзе быў Зьміцер Дашкевіч? А ці ведаеш пра Івана Шылу? Што рабіў Павал Красоўскі?” Ціснулі таксама на пытаньне, хто мог учыніць выбух у Менску. Я адказаў, а яны запісалі ў пратакол допыту: “На мой погляд, гэта дзяржаўная правакацыя!”

Актывістка “Маладога фронту” ў Менску Тацяна Шапуцька адзначае, што цяперашнія допыты тычацца перадусім сябраў арганізацыі ў рэгіёнах. І тлумачыць гэта:

“У рэгіёнах нашы філіі, вядома, слабейшыя. Праваабарончая сыстэма там працуе горш. У міліцыянтаў ды кадэбістаў больш магчымасьцяў дзейнічаць брыдка. І мы бачым, што, напрыклад, у Салігорску адбыліся ня толькі допыты, але і жорсткае зьбіцьцё. У тым ліку 17-гадовай дзяўчыны”.

Нагадаю, што 8 ліпеня ў Салігорску на допыце пра выбух у Менску міліцыянты зьбілі Хрысьціну Самойлаву, а таксама Андруся Тычыну, Івана ды Ільлю Шылаў.

У Смаргоні на Гарадзеншчыне міліцыянты наведаліся на кватэры да моладзевых актывістаў — Зьмітра Бяляева, Вадзіма Жаромскага і Ўладзімера Шульжыцкага. Інфармуе наш уласны карэспандэнт.

Міліцыянты задавалі адно і тое ж пытаньне: “Дзе былі ў ноч з 3 на 4 ліпеня?”

Актывіст “Маладога фронту” Зьміцер Бяляеў вымушаны быў даць міліцыянту тэлефоны сваіх сяброў, каб тыя пацьвердзілі, што ён знаходзіўся ў Смаргоні:

Правяраюць шмат каго, у тым ліку тых, хто служыў у войску сапёрам
“Я запытаўся, у чым мяне падазраюць. Міліцыянт адказаў, што правяраюць шмат каго, у тым ліку тых, хто служыў у войску сапёрам. Але я ўдакладніў зноў пра сябе. Тады ён сказаў, што прыйшоў проста, і разьвітаўся”.

Маладафронтавец Уладзімер Шульжыцкі адмовіўся пускаць міліцыянта ў сваю кватэру:

“Я сказаў, што я быў увесь дзень дома, бо насамрэч я нікуды тады не выходзіў. На пытаньне, чаму прыйшлі да мяне, міліцыянт адказаў, што мае сьпіс людзей і праводзіць праверку”.

Тое ж паўтарылася і з Вадзімам Жаромскім, таксама сябрам “Маладога фронту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG