Галоўны лекар 6-га менскага шпіталя Віктар Гурко паведаміў колькасьць параненых, якіх уначы прывезьлі ў ягоную ўстанову — 31. Паводле ягоных словаў, у шпіталі зроблена 26 апэрацыяў. Шпіталізавана 24 хворых. Адзін -- у рэанімацыі; паводле спадара Гурко, яму трэба найбольш увагі. Дваіх накіравалі ў чацьвёрты шпіталь з пашкоджаньнем сасудаў:
“На апэрацыях у асноўным былі вынятыя гайкі, стан хворых бліжэйшы да здавальняючага. Ад сёньняшняй раніцы з хворымі працуюць нашы лекары-псыхолягі. Пашкоджаньні — гэта ж рана. Таму — пашкоджаньні скуры, адкрытыя пераломы і пашкоджаньні ўнутраных органаў”.
На пытаньне, ці ёсьць сярод пацярпелых і сам падрыўнік, спадар Гурко адказаў, што для яго ўсе хворыя аднолькавыя. Аднак усіх, хто пасьля наркозу мог размаўляць, дапытвалі сьледчыя.
Журналістаў да хворых не пускалі. Нехта з мэдычных работнікаў сказаў, што нібыта павінен прыехаць Аляксандар Лукашэнка, і ў калідоры пачалі прыбіраць.
У адной з палат — 28-гадовая Ліля Мельнік, якая апынулася каля самага цэнтру выбуху. У яе моцна пацярпелі ногі, яна ня можа нават сядзець. Кажа, што выбухнула, калі яна сядзела на пледзе і размаўляла праз тэлефон. Выбуховае прыстасаваньне нібыта было ў скрынцы з-пад соку.
Мельнік: “Мы каля елачак сядзелі. Якраз салют прайшоў і хвілін трыццаць мінула. Аказваецца, паставілі пад елкай пакет з-пад соку, і ён рвануў. І бачу кроў, ногі ўсе ў крыві. Потым падскочылі людзі, міліцыя, мяне на рукі і данесьлі да “хуткай дапамогі”. У мяне ўсе шлёпанцы былі наскрозь. І, атрымоўваецца, з калена даставалі гайкі. І з нагі даставалі гайкі. Пальцаў на правай назе я наагул не адчуваю”.
Яна кажа, што міліцыянты правяралі асабістыя рэчы ва ўсіх, хто ішоў на сьвята.
“Нават ня думала, што ў нас у Беларусі нешта такое могуць зрабіць! Ніколі не чакала. Яшчэ ў Расеі магло такое здарыцца, але што ў нас у Беларусі... Я сапраўды ў шоку!”
Лілію Мельнік зьдзівіла, што нягледзячы на выбух і пацярпелых, гуляньні працягваліся:
“Тут “хуткая”, усё ў крыві, у нейкага хлопца ўсё штаны былі наагул у крыві. Але гуляньне працягвалася далей, быццам нічога не адбылося. Гэта найбольш зьдзіўляе. Бо маглі ўсю гэту зону ачапіць. А там цэлая куча пацярпелых, можа нават не хапала “хуткіх”, бо ў машыну па два чалавекі клалі”.
Яшчэ адзін пацярпелы, Максім Ляўковіч, патрапіў у шпіталь разам з жонкай. Яны знаходзіліся далей ад цэнтру выбуху. У Максіма рваная рана на руцэ:
“Паглядзеў — проста ў мяне рука ў крыві. А ў жонкі нагу наскрозь прабіла. Мне яшчэ пашанцавала, што болт мне трапіў у тэлефон. У мяне проста рваная рана. Усё адбылося вельмі хутка, усе ў шоку”.
Яшчэ адна пацярпелая — 23-гадовая Вольга. Зь ёй быў брат, які адвёз яе на машыне ў траўмапункт. А адтуль завезьлі ў шпіталь:
“Я толькі адчула ўдар і хвалю. І адразу людзі пачалі падаць. Я за сваю нагу схапілася, там пайшла кроў. Там трапіў мэталёвы болт. Быў шок, удар моцны. Я бачыла, што людзі трымаліся за рукі, за ногі”.
Чаму Вольга паехала на траўмапункт на машыне з братам?
“Там было вельмі многа людзей, усе “хуткія” былі занятыя. І пакуль чакалі іншых “хуткіх”, брат вырашыў, што сам завязе хутчэй, чым стаяць, чакаць і сплываць крывёй”.
Галоўны лекар 9 шпіталя Віктар Сірэнка паведаміў пра 4 шпіталізаваных, зь якіх 3 — у рэанімацыі.