Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя непакоіцца, што ў выбуху могуць абвінаваціць яе


Прадстаўнікі палітычных партыяў засьцерагаюць улады ад выкарыстаньня выбуху як нагоды для новай хвалі барацьбы з палітычнымі апанэнтамі.


Партыя БНФ разам зь іншымі арганізацыямі выказала спачуваньне пацярпелым ад выбуху ў Менску ў ноч на 4 ліпеня, а таксама ўдзячнасьць супрацоўнікам міліцыі і мэдыкам, якія рабілі што маглі, каб дапамагчы параненым. Гаворыць намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка:


Belarus – former leader of Belarus parliament Mechaslau Gryb 20Jun2008
“Мы рашуча асуджаем злачынства, скіраванае супраць мірных бесклапотных людзей. Ня ведаем, хто яго зрабіў і зь якімі мэтамі, але перакананыя: толькі нехта бясконца далёкі ад прынцыпаў чалавечнасьці, хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, любові да беларускага народу і сваёй краіны мог заплянаваць і ўчыніць такое дзікунства”.

Паводле Вінцука Вячоркі, тэрарыстычныя акты дагэтуль не былі характэрныя для Беларусі, яны больш характэрныя для Расеі:

“Мы настойліва раім уладзе надалей лепей дбаць пра бясьпеку людзей, якіх сама ж яна і зьбірае. І папярэджваем, што з боку ўлады было б вялікай памылкай паспрабаваць скарыстаць гэтую вартую безумоўнага асуджэньня падзею ў мэтах далейшага абмежаваньня свабоды й дэмакратыі ды барацьбы з палітычнымі апанэнтамі”.


Генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб перакананы, што ўлады сапраўды могуць выкарыстаць гэты выпадак як нагоду для ціску на апазыцыю:

“Я ў гэтым не сумняваюся. Каго яны абвінавацяць, цяжка сказаць, але будуць шукаць сярод апазыцыі. Мяркую, што празь непрацяглы час гэтую справу будуць кваліфікаваць як тэракт, а калі раскрыюць і знойдуць нейкае дачыненьне да апазыцыі, то ўжо ўсім ратунку ня будзе”.

Мечыслаў Грыб перакананы, што цяперашняе злачынства мае карані ў аналягічным віцебскім выпадку:

“Калі адно аналягічнае злачынства застаецца нераскрытым, тады можна чакаць другога. Найбольш небясьпечна, калі за гэтыя злачынствы затрымліваюць і прыцягваюць да адказнасьці невінаватых людзей. Гэта разьвязвае рукі сапраўдным злачынцам, якія лічаць сябе беспакаранымі”.


Лідэр Партыі камуністаў Сяргей Калякін перакананы, што сёньня Беларусь прачнулася ў іншай сытуацыі: цяпер улады ня могуць па-ранейшаму казаць, што ў краіне ўсё спакойна, што няма тэрактаў, у адрозьненьне ад Расеі.

Спадар Калякін перакананы, што выбух ня быў скіраваны супраць кіраўніцтва краіны. Пры гэтым ён не выключае, што ўлады могуць абвінаваціць у арганізацыю выбуху апазыцыю.

“У мяне ёсьць пэўныя сумненьні на гэты конт. А можа, камусьці ва ўладных структурах было выгадна зрабіць такую правакацыю перад парлямэнцкімі выбарамі, каб узбудзіць чарговую хвалю псыхозу, паспрабаваць абвінаваціць апазыцыю і пачаць закручваць гайкі па ўсіх кірунках”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG