Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка патрабуе, каб урад пісаў лісты


Аляксандар Лукашэнка забавязаў урад напісаць лісты сусьветным атамным кампаніям з прапановай пабудаваць АЭС у Беларусі.

30 чэрвеня на нарадзе, прысьвечанай будаўніцтву АЭС, Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што неабходна яшчэ раз афіцыйна прапанаваць удзельнічаць у будаўніцтве атамнай станцыі франка-германскай, амэрыкана-японскай і расейскай кампаніям. "Ад сёньняшняга дня любая кампанія на працягу месяца можа напрамую прапанаваць свае паслугі па будаўніцтву АЭС. Пашліце ім лісты, а мы гэтак жа публічна празь месяц у газэтах апублікуем іх адказ. Мы гэта робім, каб не было спэкуляцый, каб нас потым не папракалі, што гэтае рашэньне прынята кулюарна", – заявіў беларускі кіраўнік.

Беларускі бок пры выбары партнэраў зыходзіць з таго, што ў цяперашні час у сьвеце найбольш распаўсюджаныя атамныя рэактары тыпу ВВР і ПВР. Пры гэтым 78% атамных энэргаблёкаў, якія будуюцца – рэактары трэцяга пакаленьня ВВР. Сёньня ў свеце толькі тры кампаніі – амэрыкана-японская, франка-германская і расейская – вырабляюць рэактары такога тыпу.

Беларускі кіраўнік адзначыў, што яго па-ранейшаму не задавальняе стан тлумачальнай працы з насельніцтвам раёнаў, дзе магчыма будзе разьмешчаная АЭС. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, трэба канкрэтна працаваць зь людзьмі і распавядаць, што такое атамная энэргія, у тым ліку і на прыкладах іншых дзяржаваў. У якасьці прыкладу ён прывёў Расею, у якой досыць энерганозьбітаў і дзе, тым ня менш, неўзабаве плянуецца пабудаваць больш за 20 атамных энэргаблёкаў, а таксама Эўропу, дзе іх будзе створана некалькі дзясяткаў.

Кіраўнік дзяржавы лічыць недапушчальным перанос тэрмінаў кзаканчэньня асноўных падрыхтоўчых прац па будаўніцтву АЭС з 2008 на 2009 год.

Ён нагадаў, што палітычнае рашэньне аб будаўніцтве ў Беларусі атамнай станцыі было прынятае 15 студзеня 2008 году. Былі вызначаныя і пэўныя тэрміны ўводу ў эксплёатацыю першага энергаблёку ў 2016 годзе, другога – у 2018 годзе. Аляксандар Лукашэнка выказаў незадаволенасьць тым, што няма поўнай яснасьці і пэўнасьці з выбарам пляцоўкі для будаўніцтва.

На нарадзе былі дэталёва абмеркаваныя пытаньні выбару пляцоўкі і падрадчыка для будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Была дадзеная ацэнка прадстаўленых плянаў, тэрмінаў рэалізацыі праекту, выдаткаў на будаўніцтва станцыі і неабходнай інфраструктуры, а таксама ўзроўню бясьпекі аб'екту.

Лукашэнку было дакладзена аб выніках даследаваньняў па ўсіх трох патэнцыйных пляцоўках для будаўніцтва АЭС. На ўсіх трох пляцоўках няма ніякіх забараняльных фактараў. Але пры гэтым ёсьць некаторыя абмежавальныя фактары, якія канчаткова будуць прааналізаваныя пасьля дадатковага даследаваньня.

З улікам выказаных на нарадзе меркаваньняў Лукашэнка даручыў ураду на працягу 3-4 месяцаў правесьці канчатковую даразведку трох пляцовак пад будаўніцтва станцыі. Такім чынам, канчатковы выбар месца будаўніцтва АЭС у Беларусі будзе зроблены не пазьней за канец 2008 году. У адпаведнасьці са стандартамі МАГАТЭ, будуць вызначаныя два варыянты – асноўны і рэзэрвавы.

Паводле сайту "Хартыі 97"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG