Свой учынак Фёдар патлумачыў так:
Проста адмовіўся, бо не зьбіраюся туды ісьці
Але ваенкамат адтэрміноўку з-за гэтага не дае, бо вучуся ад цэнтра занятасьці. Такія курсы ў мяне”.
Хлопец набывае спэцыяльнасьць сьлесара кантрольна-вымяральных прыбораў.
Да лютага Фёдар вучыўся на першым курсе інжынэрна-пэдагагічнага факультэту Мазырскага ўнівэрсытэту, быў адным з найлепшых студэнтаў.
Але пасьля ўдзелу ў акцыі супраць скасаваньня льготаў быў адлічаны з ВНУ за акадэмічную непасьпяховасьць і патрапіў пад прызыў у войска.
Участковы міліцыянт паведаміў бацьку Фёдара Юрыю Чаранкову, што яго сына зьбіраюцца накіраваць на службу ў частку № 3214, якой кіруе палкоўнік Дзьмітры Паўлічэнка. Частка гэтая выкарыстоўваецца для разгону маніфэстацый апазыцыі.
Чаранкоў-старэйшы — сам, дарэчы, актывіст БНФ — кажа, што сын разьлічваў сёлета нанава паступаць у ВНУ. Але яму не даюць, нягледзячы на закон аб вайсковай службе:
Паводле гэтага закону сына ня маюць права забіраць у войска
Сын з жонкай прыйшлі сёньня ў ваенкамат. А там кажуць, што закон гэты ўжо зьмяніўся. А мы ж яго з інтэрнэту бралі. І калі ён зьмяніўся? І там нібыта ўжо няма такіх словаў — “асобам, якім споўнілася васемнаццаць гадоў”.
Юры Чаранкоў кажа, што яго сына зьбіраюцца забраць у войска 20 ліпеня — праз 2 дні пасьля таго, як яму споўніцца 18 гадоў.