Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Унікальная гандлёвая прапанова: прырода і людзі


Этнатурызм, экатурызм, сельскі турызм, “зялёны” — пад рознымі назвамі хаваецца адно і тое ж паняцьце: адпачынак у вясковай сядзібе.


Міжнародныя экспэрты лічаць, што гэта самы пэрспэктыўны кірунак разьвіцьця турызму ў Беларусі.


Толькі ў Менскай вобласьці сёньня 20 сядзібаў, якія дзейнічаюць стала, і некалькі дзясяткаў сядзіб, чые гаспадары зарэгістраваныя як прадпрымальнікі ў сфэры агратурызму. Апошнія займаюцца, напрыклад, фэрмэрствам і час ад часу прымаюць турыстаў.


Унікальная гандлёвая прапанова: прырода і людзі


І ўсё ж, на думку адмыслоўцаў, аграэкатурызм у Беларусі пакуль што ў пачатковай стадыі разьвіцьця. Гэта ня дрэнна і ня добра, гэта проста – рэальнасьць. І калі да гэтага паставіцца рацыянальна, скарыстаўшы назапашаны досьвед іншых, больш разьвітых краінаў, мы маглі б зрабіць зь вясковага турызму прывабную цукерку для замежнікаў, распавядае Валерыя Клецунова,
дырэктар турыстычнай фірмы “Дудуткі-тур” і музэйнага комплексу “Дудуткі”:


“Мы гутарылі з генэральным сакратаром Усясьветнай турысцкай арганізацыі, калі ён быў тут. І на ягоны погляд, Беларусь можа выдзеліцца аграэкатурызмам. Гэта галоўны наш козыр. Дзьве рэчы: прырода, адносна захаваная і ў пэўным сэнсе ўнікальная для эўрапейскага кантынэнту; і нашыя людзі, вельмі цёплыя і гасьцінныя. Ну й лад жыцьця вясковы, якія менавіта ў такім выглядзе амаль нідзе не захаваўся, бо асабістых падсобных гаспадарак не захавалася ў ніводнай краіне ў гэткім кранальным выглядзе”.


Прапаноўваць трэба тое, што патрэбна турыстам


Але, маючы што разьвіваць і прадаваць, беларусы слаба разумеюць, як гэта рабіць, кажа спадарыня Валерыя:


“Турызм прадае нематэрыяльную паслугу. І вось гэтая нематэрыяльнасьць патрабуе асаблівых прыёмаў і мэтодык маркетынгу. Патрэбна візуалізацыя, трэба выклікаць давер неяк. Гэта тое, чаго нашыя наагул не разумеюць. Ёсьць буклет турыстычны беларускі, дзе на вокладцы з пушчы выходзяць два вялізныя зубры. У нашым уяўленьні – гэта веліч, прыгажосьць. Мы думаем, што гэта прывабіць, па гэта паедуць. А амэрыканец, якому мы паказалі буклет, сказаў: “Мне страшна ад гэтых дзьвюх агромністых кароў”. Дык мы павінны думаць, як успрымае рэклямную прадукцыю спажывец, а ня аўтар!”


Вучыцца, вучыцца і вучыцца – гэты знаёмы з савецкага часу лёзунг ня страціў актуальнасьці для тых, хто імкнецца зрабіць агратурызм пасьпяховым. Існуе шэраг праграм, якія дапамагаюць у гэтым гаспадарам сядзібаў. Адным з рухавікоў рэгіянальнага турызму можна назваць Праграму ўраду ФРГ для падтрымкі разьвіцьця Менскай вобласьці. Каардынатар праграмы Зьміцер Карпіевіч расказвае:


“Цяпер праходзіць сэмінар “Разьвіцьцё турызму ў рэгіёнах Менскай вобласьці: канцэптуальныя падыходы, формы і мэтады”. У ім удзельнічаюць прадстаўнікі 7 – 8 раёнаў Менскай вобласьці: прадстаўнікі ўлады, гаспадары сядзібаў і іншыя, хто зацікаўлены ў разьвіцьці гэтага кірунку дзейнасьці. Што можна сказаць? У краіне ў цэлым галіна разьвіваецца. І найперш у гэтым дапамагло тое, што прынята некалькі заканадаўчых актаў, якія ствараюць прававую базу фактычна для гэтага віду дзейнасьці. Ёсьць, апроч гэтага, некалькі праграм крэдытаваньня, найбольш папулярнай падаецца зь іх праграма “Белаграпрамбанку”.


Добрая слава — найлепшая рэкляма


Гаспадар сядзібы, дзе праходзіць сэмінар, Андрэй Нежнік таксама адзначае плюсы крэдытаваньня аграэкатурызму:


“Усе крычаць: хочам крэдыты. “Аграпрамбанк” стаў крэдыты выдзяляць. 5% – гэта для 10 тысяч даляраў, і другая форма крэдытаваньня – гэта яны могуць крэдыт даць на 76 мільёнаў рублёў. Адна можа быць праблема: патрэбныя 2 паручнікі, у якіх афіцыйны заробак ня меншы за 2 мільёны”.


Сам Андрэй Нежнік крэдыту браць не зьбіраецца. Бо ў працы яму дапамагае вялікі досьвед. Аграэкатурызмам на базе сядзібы Зарачаны ў Пухавіцкім раёне ён займаецца з 1990 году. Але раней гэта было хобі, а цяпер, ужо чацьверты год запар, – асноўная праца:


“Проста раней усё было за “дзякуй”: сябры, таварышы, таварышы сяброў... Усё гэта таксама было цудоўна і здорава, толькі ў панядзелак – на працу. Ну, а цяпер мне ўжо крышку лягчэй дыхаць, бо ў панядзелак на працу ня трэба”.


Карэспандэнтка: “Нейкай рэклямай вы карыстаецеся? Ці на вас працуе напрацаваная база?”


“Сарафаннае радыё – найлепшая рэкляма. Насамрэч да мяне ў асноўным едуць людзі, якія былі тут, і не аднойчы. І новым людзям – праблема ўклініцца ў расьпісаныя пляны да мяне”.


А вось тым, хто пачынае, рэкляма неабходная, лічыць Валерыя Клецунова. Але ня дзеля “галачкі”, а паводле даўно вынайдзеных эфэктыўных правілаў:


“Прыяжджалі экспэрты, якія вучылі нас, як правільна рабіць. І нам убілі ў галаву, што галоўнае ў рэклямных праспэктах – эмоцыі. Шчасьлівы твар чалавека. Або карцінка, сфатаграфаваная так, каб табе захацелася туды адразу ж, каб цяпер, сёньня, учора быць там. Насамрэч 80% рашэньняў чалавек прымае пад узьдзеяньнем эмоцыяў...”


У Эўропе 80% прыхільнікаў экатурызму – свае ж грамадзяне


Зьміцер Карпіевіч кажа, што важна вызначыцца, на якіх кліентаў арыентавацца. У заходнеэўрапейскіх краінах, кажа ён, 80% прыхільнікаў экатурызму – свае ж грамадзяне. Тым часам у Беларусі пакуль што для камфортнага адпачынку замежнікаў бракуе шмат якіх умоваў:


“Гэта і тыя ж дарогі, і адсутнасьць інфармацыі на розных мовах... Натуральна, пакуль што мы ня можам казаць пра вялікія плыні замежнікаў на беларускія сядзібы, але яны большаюць. І ёсьць прыклады, калі па 20 – 30 чалавек з-за мяжы прыяжджаюць менавіта на сядзібы”.


І ўсё ж, на погляд Валерыі Клецуновай, важна ўсьвядоміць: каб прадаць беларускі аграэкатурызм, трэба размаўляць са спажыўцом на ягонай мове. Пакуль што мы, кажа спадарыня Валерыя, чамусьці лічым, што замежнікі павінны ведаць нашых Купалу, Коласа і марыць наведаць іх радзіму. Посьпех будзе, калі мы прапануем тое, што будзе канкурэнтаздольным для турызму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG